Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хірург Серабро: Падчас апэрацыі я бачыў толькі нос Кубаравай


Віктар Серабро ў судзе
Віктар Серабро ў судзе

Працягваецца разгляд справы «Экамэдсэрвіса». Дапытваюць плястычнага хірурга Віктара Серабро. Ён рабіў рынаплястыку Юліі Кубаравай, якая не ачуняла пасьля апэрацыі, а празь месяц памерла. Віктар Серабро праходзіць у справе як сьведка.

«Апэрацыя паступова набліжалася да канца, калі раптам анэстэзіёляг пачаў спраўджваць апаратуру, шлянгі. Потым ён папрасіў нас адысьці. Мы адступіліся ўбок. Сыгнал трывогі ад апаратуры, здаецца, быў», — паведаміў плястычны хірург цэнтру «Экамэдсэрвіс» Віктар Серабро.

На просьбу судзьдзі і пракурора ўдакладніць, ці чуў ён сыгнал дакладна, Віктар Серабро сказаў, што ня можа з пэўнасьцю гэта сьцьвярджаць. Ён згадаў, што анэстэзіёляг Аляксандар Шураў апарат спраўдзіў, пасьля чаго сказаў, што можна працягваць.

«А нам заставалася няшмат — падкласьці храшчык, зашыць і выйсьці з апэрацыі», — сказаў Віктар Серабро.

Пракурор спытаў, як выглядала пацыентка, у якім яна была стане. Паводле Віктара Серабро, ацэнка агульнага стану не ўваходзіць у сфэру ягоных паўнамоцтваў, ён бачыў толькі нос пацыенткі, які апэрыраваў. На пытаньне, ці была яна жывая, хірург адказаў, што яна была пад наркозам.

«Празь некаторы час я зайшоў да пацыенткі ў палату, яна дыхала самастойна, але мяне насьцярожыла, што яна не змагла са мной загаварыць. Я пайшоў да Шурава і падзяліўся сумневамі, сказаў, што мне не падабаецца яе стан. Але Шураў сказаў, што ўсё нармальна, што яна прачнецца. І параіў мне ехаць дамоў», — сказаў Віктар Серабро.

Паводле хірурга, на той момант у цэнтры заставаліся дзяжурная сястра Дыяна Мятліцкая і Аляксандар Шураў.

«А каля аб 23:00 мне пазваніў з цэнтру загадчык аддзяленьня Юры Герасіімовіч і сказаў, што пацыентка дагэтуль не прачнулася, а Аляксандра Шурава на месцы няма. Я паехаў у цэнтар. Калі прыехаў, ужо прыбыла хуткая дапамога. Я зайшоў у палату адразу за лекарамі хуткай, мы сталі яе аглядаць. Зьнешне было тое самае, толькі дыханьне было іншае. Мы вырашылі, што паколькі мінула 2 гадзіны і яна павінна была аднавіцца пасьля наркозу, а яна не апрытомнела, пацыентку неабходна везьці ў 4-ты шпіталь. Гэта маё асноўнае месца працы, ноччу я да яе заходзіў. Раніцай апавядаў лекару Юліі Кубаравай, што здарылася падчас апэрацыі», — сказаў Віктар Серабро.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG