Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мужа Вольгі Карач адпусьцілі


Вольга Карач і Алег Баршчэўскі

Вольга Карач і Алег Баршчэўскі

Ад Алега Баршчэўскага, мужа актывісткі зь Віцебску Вольгі Карач, запатрабавалі тлумачэньняў у падатковай інспэкцыі.

Актывістка паведаміла, што супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС адпусьцілі яе мужа Алега Баршчэўскага, якога гадзіну таму затрымалі нібыта за падробленае пасьведчаньне кіроўцы.

Але падазрэньняў у падробцы дакумэнтаў зь яго не зьнялі, кажа Вольга Карач:

«Адпусьцілі, але сказалі: „Будзем разьбірацца“. Іншая справа, што ў міліцыі раптам нейкім чынам апынулася супрацоўніца падатковай інспэкцыі Першамайскага раёну. Яна ўзяла з мужа абяцаньне, што да 11 лютага ён мусіць зьявіцца ў падатковую і даць нейкія тлумачэньні. Мяне насьцярожвае гэтая дата: 11 лютага. Якраз 12 лютага — апошні дзень, калі можна падаваць дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты. Алег не зьбіраецца браць удзел у гэтых выбарах, але такая „гульня“ з датамі падаецца мне невыпадковай».

Вольга Карач дадала таксама, што на працягу дня яе мужа затрымлівалі двойчы — абодва разы супрацоўнікі ДАІ:

«Мы вазілі сына на абсьледаваньне ў дыягнастычны цэнтар. Па дарозе адтуль нас спыніла ДАІ першы раз. Паглядзелі ў машыну, убачылі маленькае дзіця, і, напэўна, хапіла сумленьня, каб не спыняць нас надоўга ў 20-градусны мароз. Мы прыехалі дахаты, і тут патэлефанавала нейкая жанчына, назвалася загадчыцай паліклінікі і сказала, што мы тэрмінова мусім прывезьці картку дзіцяці. Тэрмінова — проста зараз, хоць заўтра мы ўсё адно пайшлі б да лекараў. І толькі мы сабраліся ехаць, як нас зноў спыніла ДАІ — цяпер машына стаяла ўжо каля дома. Вось тады нам загадалі ехаць у Кастрычніцкі РАУС, нібыта разьбірацца з падробленымі правамі».

Такім чынам, у паліклініку з карткай трапіць так і не ўдалося. Паводле Вольгі Карач, такая ўвага да яе сям’і, якую яны з мужам і маленькім сынам Сьвятаславам адчуваюць у апошнія два тыдні, — зьява ненармальная.

На мінулым тыдні, кажа Вольга Карач, у кватэру яе бацькоў, дзе жывуць і яны з мужам і малым дзіцём, прыходзілі з праверкамі жыльлёва-побытавых умоваў супрацоўнікі органаў апекі і апякунства, камісіі па справах непаўналетніх, інспэкцыі па справах непаўналетніх, раённага аддзелу адукацыі і раённага аддзелу сацыяльнай абароны.

Што да дзіцячай паліклінікі, то туды бацькі малога Сьвятаслава раней схадзілі самі. Аднак, па словах Вольгі Карач, лекары не сказалі, хто асабіста будзе адказваць за захаванасьць мэдычнай карткі сына, і таму бацькі адмовіліся пакінуць яе ў паліклініцы.

Пасьля гэтага сям’ю наведалі двое лекараў і патранажная мэдсястра.

Вольга Карач налічыла 9 сустрэчаў з рознымі службамі і структурамі, якія цікавяцца ейнай сям’ёй. Такую пэрсанальную ўвагу яна расцэньвае як ціск з боку чыноўнікаў і як помсту за сваю грамадзкую дзейнасьць. Пра гэта яна напісала ў адкрытым лісьце да Аляксандра Лукашэнкі. Стваральніца кампаніі «Наш дом» скардзіцца на неабгрунтаваную ўвагу да сваёй сям’і з боку дзяржаўных органаў і просіць паспрыяць вырашэньню гэтай праблемы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG