Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветная прэса: Украіна робіцца паліцэйскай дзяржавай


The Financial Times адзначае, што кіроўная партыя Віктара Януковіча без кансультацый і абмеркаваньня працягнула ў Вярхоўнай Радзе пакет законаў, якія могуць ператварыць Украіну ў паліцэйскую дзяржаву.

Новыя законы, паводле карэспандэнта выданьня Ніла Баклі, могуць быць скарыстаныя ня толькі для здушэньня антыўрадавых дэманстрацый, але і для таго, каб перашкодзіць украінцам выбраць новага прэзыдэнта ў сакавіку 2015 году. У прыватнасьці, яны забараняюць мітынгі супраць парушэньняў на выбарах, якія забясьпечылі Януковічу перамогу ў 2004 годзе.

Паводле газэты, Расея дапамагла Ўкраіне ня толькі грашыма, але і досьведам падаўленьня пратэстаў. Многія новыя ўкраінскія законы падобныя на тыя, што былі прынятыя ў Расіі. Некаторыя нагадваюць заканадаўства яшчэ больш аўтарытарнай Беларусі. Але Ніл Баклі падкрэсьлівае, што прынцыповае адрозьненьне Ўкраіны ад Расеі ці Беларусі — гэта моцная грамадзянская супольнасьць. Ніколі на вуліцы Масквы не выходзілі сотні тысяч чалавек, як у Кіеве падчас «аранжавай рэвалюцыі» ці падчас нядаўніх пратэстаў.

The Wall Street Journal у рэдакцыйным камэнтары піша, што шэраг рэпрэсіўных законапраектаў, прынятых на мінулым тыдні Вярхоўнай Радай без абмеркаваньня, стаў адной з галоўных прычынаў гвалтоўных пратэстаў у Кіеве, якія да гэтага часу былі наогул мірнымі. Пакет уяўляе сабой амаль дакладную копію таго, што Крэмль выкарыстаў для падаўленьня сваіх апанэнтаў, хоць украінская вэрсія прадбачвае больш суровае пакараньне за паклёп, садзейнічаньне масавым беспарадкам і «экстрэмізм». Уладзімір Пуцін павінен ганарыцца сваім украінскім вучнем, дадае газэта.

Карэспандэнтка Tageszeitung Барбара Эртэль лічыць, што новыя рэпрэсіўныя законы ва Ўкраіне — гэта аб’яўленьне вайны апазыцыі. «Калі Ўладзіміру Пуціну для таго, каб абвясьціць па-за законам кожнага, хто вырашыць крытыкаваць уладу, спатрэбілася некалькі гадоў, то ўкраінскі прэзыдэнт зрабіў гэта за адно імгненьне» — піша Эртэль, дадаючы, што пры Януковічу Ўкраіна адвярнулася ад Эўропы і пачала вяртацца ў савецкае мінулае.

The Washington Post адзначае, што ўпершыню пратэстоўцы на Майдане выразна выказалі сваё незадавальненьне і апазыцыйнымі лідэрамі, у якіх не аказалася ўцямнага пляну дзеяньняў ў новай сытуацыі, выкліканай ухваленьнем пакету рэпрэсіўных законаў Вярхоўнай Радай і сутычкамі дэманстрантаў зь міліцыяй.
XS
SM
MD
LG