Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ў Кіеве былі гатовыя да радыкальных выступаў, — Чавусаў


Палітоляг Юры Чавусаў, ацэньваючы разьвіцьцё падзеяў у Кіеве, адзначыў, што цяпер назіраецца падзел сярод дэманстрантаў — тых, хто за мірнае стаяньне, і тых, хто за рашучыя дзеяньні.

«Адбываецца эскаляцыя канфлікту, выкліканая ў тым ліку і тым, што ў часе доўгатэрміновага стаяньня Эўрамайдану ў шэрагах пратэстоўцаў сасьпела прага да больш рашучых дзеяньняў. Можна нават казаць, што вылучылася больш радыкальная частка дэманстрантаў, якая прагне менавіта актыўных дзеяньняў, а не пасіўнага шматмесячнага стаяньня да наступных выбараў. Гэтыя людзі ня хочуць чакаць 2015 году і не прызнаюць парлямэнцкую апазыцыю ў якасьці паўнавартасных і легітымных прадстаўнікоў усяго Эўрамайдану», — лічыць палітоляг.

Разам з тым Юры Чавусаў адзначыў, што ўжо была спроба радыкальных дзеяньняў на пачатку Эўрамайдану — сутычкі паміж дэманстрантамі і міліцыянтамі на Банкавай вуліцы 1 сьнежня, якія тады адыгралі ролю хутчэй выпуску пары і не прывялі да радыкалізацыі ўсіх дэманстрантаў. Але цяпер прыняцьцё закону № 3879 адыграла ролю спускавога гачка для радыкальнай часткі дэманстрантаў.

Перамовы могуць дазволіць апазыцыі выйсьці з клінча, але выйсьці ў сытуацыю, якая будзе горшай для апазыцыі з палітычнага пункту гледжаньня
Юры Чавусаў
«Я думаю, што ініцыятары прыняцьця гэтага закону маглі меркаваць, што пратэсты будуць, і што яны будуць больш радыкальнымі, чым пасіўнае стаяньне. І тое, што адбываецца на вуліцы Грушэўскага, паказвае, што міліцыя была гатовая, бо міліцыянтаў вельмі шмат, і такое адчуваньне, што яны не сутыкнуліся зь нечаканасьцю. Таксама бачна, што запасы спэцсродкаў вельмі вялікія. Гэта сьведчыць пра тое, што ўлады разьлічвалі на радыкальны сцэнар», — зазначыў Юры Чавусаў.

У выніку рэалізацыі такога сцэнару, паводле палітоляга, улады атрымаюць свой палітычны выйгрыш — паглыбленьне разыходжаньняў паміж парлямэнцкай палітычнай апазыцыяй:

«Лідэры „парлямэнцкай тройкі“, зьяўляючыся фронтмэнамі Эўрамайдана, ім фактычна не кіруюць. Мы бачым, што „парлямэнцкая тройка“ асудзіла гвалт і заклікала пратэстоўцаў не паддавацца на правакацыі, ня кідаць „кактэйлі Молатава“, не зьбіваць міліцыянтаў дручкамі. Аднак фокус грамадзкай увагі і сымпатыя пратэстоўцаў скіраваныя на тое, што адбываецца на вуліцы Грушэўскага. Нават тыя, хто асуджае гвалтоўны шлях разьвіцьця сытуацыі, кажуць, што падзеі вымагаюць ад апазыцыі больш рашучых дзеяньняў».

Чавусаў адзначыў, што прэзыдэнт Януковіч асабіста званіў лідэрам апазыцыйных фракцыяў, а Віталь Клічко наведаў учора яго ў рэзыдэнцыі:

«Але калі сытуацыя складаецца такім чынам, што „парлямэнцкая тройка“ Эўрамайданам не кіруе, то падобна да таго, што перамовы могуць весьціся толькі з пазыцыяў Януковіча і, адпаведна, па тым сцэнары, які выгадны яму. То бок гэтыя перамовы могуць дазволіць апазыцыі выйсьці з клінча, але выйсьці ў сытуацыю, якая будзе горшай для апазыцыі з палітычнага пункту гледжаньня. Таму што, хоць пакуль у гэтай радыкальнай фракцыі і няма легітымнага прадстаўніцтва, яно ў хуткім часе можа зьявіцца», — лічыць Юры Чавусаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG