Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эміль Маюк — культуроляг зь Любліну, які працуе ў гарадзкім культурным цэнтры «Brama Grodzka — Teatr NN». Адначасова зьяўляецца каардынатарам праекту «Shtetl Route» — распрацоўкі віртуальнага і часткова рэальнага турыстычнага маршруту празь мястэчкі і гарады Польшчы, Украіны і Беларусі, якія да Другой сусьветнай вайны былі пераважна або ў значнай ступені населеныя габрэямі.

Штэтл — унікальная культурная зьява на тэрыторыі колішняй Рысы аселасьці, якая ахапляла тэрыторыю сёньняшніх Беларусі, Літвы, Малдовы, часткова Ўкраіны і Польшчы. Штэтл на ідышы — мястэчка, памяншальная форма ад штот (места, горад). Пераважная большасьць жыхароў штэтлу — габрэі, паводле расейскага перапісу насельніцтва 1897 году, у беларускіх мястэчках доля габрэяў складала ад 60 да 100 працэнтаў. Габрэі на той час былі й першай паводле колькасьці этнічнай групай у гарадах Беларусі (Віцебск — 52%, Берасьце — 65%, Горадня 48%, Менск — 52%, Пінск — 74%, Слуцак — 77%, Магілёў — 50%, Гомель — 55%). З часам штэтл стаў мэтафарай традыцыйнага ладу жыцьця габрэйскай супольнасьці, які складваўся на працягу стагодьздзяў.

Сьмерць штэтлаў пачалася яшчэ на пачатку ХХ стагодзьдзя, калі расейскія пагромы і сацыяльная дыскрымінацыя выклікалі шырокую хвалю эміграцыі габрэяў, пераважна ў Амэрыку, а таксама — пад уплывам сіянісцкага руху — у Палестыну. Саветызацыя 20-30-х гадоў радыкальна зьмяніла дух і выгляд мястэчак, перапыніўшы векавыя рэлігійныя і культурныя традыцыі. Апошні сьмяротны ўдар сьвету штэтлаў нанесла Другая сусьветная вайна, калі ў агні Галакосту загінулі мільёны габрэяў былой Рысы аселасьці. Сёньня габрэйская прысутнасьць у беларускіх, украінскіх, літоўскіх мястэчках абмяжоўваецца старымі, часта цалкам занядбанымі могілкамі.


Мы папрасілі Эміля Маюка распавесьці пра некаторыя падрабязнасьці гэтага праекту і пра тое, чаму ён узьнік у Любліне.

Эміль Маюк

Эміль Маюк

Эміль Маюк: У 1939 годзе ў Любліне пражывалі 100 тысяч чалавек, зь якіх 40 тысяч — габрэі. У гэтым горадзе тады было амаль 100 сынагогаў і габрэйскіх бажніцаў. Ёсьць габрэйская суполка і ў сёньняшнім Любліне, але вельмі невялікая — усяго некалькі дзясяткаў чалавек. Гэтая супольнасьць спакваля адраджаецца, але яна не ідзе ні ў якае параўнаньне з тым грамадзка-культурным габрэйскім жыцьцём, якое было ў Любліне перад вайной. У нашым цэнтры працуюць галоўным чынам палякі, але ёсьць сярод нашых супрацоўнікаў і габрэі. Мы таксама супрацоўнічаем зь некаторымі інстытуцыямі ў Ізраілі — прыкладам, з мэмарыялам Яд ва-Шэм і зь зямляцтвам люблінскіх габрэяў у Ізраілі.

РС: Калі нарадзілася ідэя распрацоўкі турыстычнага маршруту «Shtetl Route»?

Эміль Маюк: Гэты праект — адна з нашых мараў, ажыцьцяўляць якую мы пачалі гадоў дзесяць таму. Спачатку мы рабілі нешта ў гэтым накірунку толькі ў Люблінскім ваяводзтве, але з такой надзеяй, што некалі выйдзем па-за межы нашага рэгіёну і што наш праект ахопіць усю гэтую тэрыторыю, дзе некалі знаходзіліся габрэйскія мястэчкі-«штэтлы», гэта значыць, усю тэрыторыю ад Латвіі на поўначы да Малдовы і Румыніі на поўдні. Цяперашні наш праект, які ахоплівае памежжа Польшчы, Украіны і Беларусі, фінансуецца Эўразьвязам у рамках праграмы супрацоўніцтва Польшчы з гэтымі дзьвюма суседкамі. Просьбу ад фінансаваньні праекту мы падалі ў 2010 годзе.

РС: Ці вы маглі б назваць некаторыя зь мястэчак у гэтых трох краінах, якія будуць уключаныя ў ваш маршрут?

Мапа Рысы аселасьці

Мапа Рысы аселасьці

Эміль Маюк: Пакуль што мы знаходзімся на этапе зьбіраньня інфармацыі пра колішнія габрэйскія мястэчкі на польска-ўкраінска-беларускім памежжы. Але ў працоўным парадку можна сказаць, што сярод гэтым мястэчак напэўна апынецца Наваградак, паколькі адным з нашых двух асноўных партнэраў у Беларусі зьяўляецца рэгіянальны музэй у Наваградку. Я таксама мяркую, што ў нашым праекце знойдзецца яшчэ Пінск і, магчыма, Слонім. Нашым другім партнэрам у Беларусі зьяўляецца Гродзенскі ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы, і зь імі мы таксама паспрабуем вызначыць мястэчкі для нашага праекту. Што тычыцца Польшчы, дык у наш маршрут мы напэўна ўключым мястэчкі, зьвязаныя з жыцьцём і творчасьцю нобэлеўскага ляўрэата Ісаака Башэвіса Сінгера, такія як Красьнік, Шчэбжэшын, Білгорай. Я думаю, што мы яшчэ ўключым сюды Коцк і Ўладаву. На Падляшшы гэта напэўна будзе Тыкоцін і, хутчэй за ўсё, Орля. Цяжка мне яшчэ сказаць, якія мястэчкі апынуцца на нашым шляху ва Ўкраіне, але напэўна адным зь іх будзе Астрог, магчыма, што будуць Драгобыч і Броды...

РС: Дзе ў асноўным людзі будуць чэрпаць інфармацыю пра ваш маршрут?

Эміль Маюк: Асноўным інструмэнтам для прэзэнтацыі шляху будзе інтэрнэт з рознымі мультымэдыйнымі матэрыяламі ды друкаваны даведнік з рознымі аповедамі, гісторыямі і анэкдотамі з часу, калі ў гэтых мястэчках жылі габрэі. Мы таксама маем намер арганізаваць курсы для турыстычных гідаў на гэтым шляху...

РС: А на якіх мовах будзеце прэзэнтаваць ваш маршрут у інтэрнэце і ў даведніку?

Сынагога ў Луньне

Сынагога ў Луньне

Эміль Маюк: На інтэрнэтнай старонцы праекту мы плянуем польскую, ангельскую, украінскую, беларускую і расейскую вэрсіі. Некаторыя элемэнты будуць напэўна і на іўрыце. Даведнік таксама мае быць на гэтых мовах, але пакуль што мы хістаемся, ці ў выданьні для Беларусі друкаваць яе на беларускай мове, ці на расейскай.

РС: Калі гэты праект будзе гатовы для прэзэнтацыі?

Эміль Маюк: Мы плянуем закончыць увесь праект да лістапада 2015 году. Але матэрыялы будуць публікавацца ўвесь час, па меры таго, як нам удасца іх назьбіраць і апрацаваць. Больш-менш поўную вэрсію інтэрнэтнай вэрсіі «Shtetl Route» мы хацелі б прэзэнтаваць вясною 2015 году. А першыя матэрыялы — трохвымерныя візуалізацыі драўляных сынагогаў — павінны зьявіцца ў інтэрнэце ўжо празь месяц. Гэта будуць адлюстраваньні 15 колішніх сынагогаў, у тым ліку і зь Беларусі, дзе драўляныя сынагогі былі самымі цікавымі на ўсім польска-ўкраінска-беларускім памежжы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG