Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў: журналісты пад прыцэлам «Беркута»


Гарачыя падзеі ў сталіцы Ўкраіны для Свабоды камэнтуе кіеўская журналістка Алена Літвінава.

«Украінскія палітыкі, як улада, так і апазыцыя, кепска засвоілі дзіцячы ўрок — нельга гуляцца з запалкамі, калі побач стаіць бочка з бэнзінам.

Два месяцы ў людзях назапашвалася энэргія непрыняцьця — спачатку зьбілі студэнтаў, потым спроба сілавога разгону Майдану, нарэшце — прынятыя законы, якія абмежавалі нават магчымасьць пратэставаць і выказваць сваю думку...

Грамадзян ня чулі ані ўлада, ані апазыцыя, а энэргія патрабавала выйсьця. І ўжо даўно стала зразумелым, што гэтае выйсьце ня будзе мірным. На жаль, у такіх умовах заўсёды ёсьць небясьпека радыкалізацыі, і менавіта так адбылося ў Кіеве.

На мой погляд, сытуацыя цяпер не выглядае аптымістычна. З аднаго боку, сёньняшняя ўлада не для таго да ўлады ішла, каб так лёгка ад яе адмовіцца. Зь іншага боку, гэтая ўлада нічога не баіцца, бо калі б баялася, перамовы распачаліся б адразу, уначы. Прычым ня толькі з апазыцыяй, а і з прадстаўнікамі грамадзянскага сэктару, бо відавочна, што апазыцыя не прагназавала такога разьвіцьця падзеяў і ня мела падрыхтаваных на такі выпадак варыянтаў паводзін.

Дарэчы, сярод удзельнікаў мірных акцыяў няма агрэсіі супраць тых радыкальных маладзёнаў з «Правага сэктару», якія ачолілі штурм урадавага кварталу.

«Малайцы, хлопцы! Даўно так трэба было зрабіць!» — казала немаладая ўжо жанчына, якая выйшла на Грушэўскага з усёй сваёй сям’ёй. Цікава, што ўчора, нават падчас гарачых падзеяў ва ўрадавым квартале, усяго за 300 мэтраў ад эпіцэнтру не было ніякіх актаў вандалізму — вітрыны крамаў ніхто не разьбіваў, людзі пад’яжджалі на сваіх аўто, каб паназіраць за падзеямі. То бок уся энэргія была скіраваная супраць міліцыі, якая і зьяўляецца ўвасабленьнем улады. Асноўная лінія «вайны» праходзіла за некалькі дзясяткаў мэтраў ад міліцэйскага блёку. Людзі назіралі за падзеямі з пагоркаў, але не намагаліся спыніць радыкалаў. На жаль, мішэньню сталі журналісты, якім дасталіся і гумовыя кулі, і шумавыя гарматы. Пасьля начных падзеяў сёньня нападаюць менавіта на журналістаў — затрымана здымачная група Радыё Свабода, абстраляна здымачная група ўкраінскага «5 каналу», зьбіты фотакарэспандэнт інтэрнэт-выданьня «Левы бераг»..."

У мяне няма ніякіх паралеляў з Беларусьсю. Украіна нас традыцыйна абышла. І справа не толькі ў розным паходжаньні ўлады, справа – у розных мэнталітэтах народаў і розных варыянтах разьвіцьця краін пасьля выхаду з Савецкага Саюзу. Украінцы зрабілі свой выбар, і для свайго выбару гатовы ісьці на ахвяры.
XS
SM
MD
LG