Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацьстаяньне ў Кіеве доўжыцца 17 гадзін


Спэцназ украінскай міліцыі ў Кіеве выкарыстоўвае спэцсродкі — дубінкі, вадамёты, гарчычны газ, сьветлашумавыя гранаты, гумовыя і плястыкавыя кулі. Пратэстоўцы цягам ночы выкарыстоўвалі дручкі, камяні, кактэйль Молатава. Спалена 4 аўтобусы і 2 грузавікі спэцназу.

Назіральнікі ў Кіеве зазначаюць, што міліцыя выкарыстоўвае вадамёты ў парушэньне міжнародных канвэнцый, якія забараняюць ужываньне гэтага спэцсродку ва ўмовах мінусавой тэмпэратуры, цяпер у Кіеве каля 10 градусаў марозу. МУС Украіны апраўдваецца, што не палівае людзей, а такім чынам тушыць падпаленыя машыны і аўтобусы.

Каля сотні параненых з абодвух бакоў, міліцыя затрымала каля 10 пратэстоўцаў, адзін беркутавец трапіў у палон пратэстоўцаў, але яго адпусьцілі.

Параненыя некалькі журналістаў, у тым ліку карэспандэнт Свабоды.

Сутыкненьні паміж прысутнымі і сілавікамі пачаліся каля 15:00 19 студзеня.

Учора ў другой палове дня і цягам сёньняшняй раніцы ў цэнтры Кіева адбыліся сутыкненьні дэманстрантаў з міліцыяй. Пасьля заканчэньня восьмага па ліку «народнага веча», на якім лідэры апазыцыі абвясьцілі плян дзеяньняў у адказ на прыняты парлямэнтам 16 студзеня антыдэмакратычны пакет законаў, каля тысячы чалавек паспрабавалі прарвацца да Вярхоўнай Рады, каб пікетаваць яе з патрабаваньнем адмяніць рэпрэсіўныя законы. Дэманстрантам перагарадзілі дарогу кардоны спэцназа МУС, грузавікі і аўтобусы. Радыкальна настроеная моладзь закідвала міліцыянтаў камянямі, пэтардамі і бутэлькамі з «кактэйлем Молатава». У адказ міліцыя ўжывала сьлезацечны газ, сьвятлошумавыя гранаты, вадамёты.

Па мэдыцынскую дапамогу зьвярнуліся каля 100 пацярпелых на Эўрапейскай плошчы — з закрытымі чэрапна-мазгавымі траўмамі, пераломамі, ударамі і атручваньнем газам. У выніку сутыкненьняў ад рук байцоў «Беркута » пацярпелі мінімум чацьвёра журналістаў, у тым ліку карэспандэнт Радыё Свабода.

Заведзеная крымінальная справа аб масавых беспарадках. У міліцыі паведамілі пра не менш за дзесяць затрыманых.

Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч заявіў пра гатоўнасьць пачаць перамовы з апазыцыянэрамі. Ён паабяцаў ужо ў панядзелак стварыць камісію з прадстаўнікоў уладаў і апазыцыі, якая зоймецца дазволам крызіснай сытуацыі ў краіне.
XS
SM
MD
LG