Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аграгарадкі пазбаўляюцца ад праяваў «гарадзкой раскошы»


Непатрэбная кацельня ў Залесьсі

Непатрэбная кацельня ў Залесьсі

Ідэя наблізіць паводле камфорту жыцьця вёску да горада праз так званыя аграгарадкі ператвараецца ў прафанацыю.

Усё часьцей прыходзяць зьвесткі, што аптэкі, дзіцячыя садкі, камбінаты бытавога абслугоўваньня ды іншая падобная гарадзкая раскоша пусьцеюць, бо ўтрымліваць іх нерэнтабэльна. Ня кажучы ўжо пра тое, каб будаваць новыя аб’екты інфраструктуры. Прыклад разыходжаньня паміж заявамі ды справамі — аграгарадок на Смаргоншчыне, які наведаў наш карэспандэнт Ігар Карней.

Мястэчка Залесьсе колькі гадоў таму атрымала статус «аграгарадка», але замест чаканага росту дабрабыту пачаўся адкат. Яшчэ за савецкім часам вёска была ўзорам тэхналягічнага прагрэсу: тут быў свой шпіталь са стаматалягічным кабінэтам, капітальны дзіцячы садок, вялікая сталоўка, заводзкі прафілякторый і нават дом састарэлых у радавым маёнтку кампазытара, дыплямата, паўстанца Міхала Клеафаса Агінскага.

У наступныя гады інфраструктура множылася і шырылася. Пачалі ўзводзіцца шматпавярховыя жылыя дамы, зьявілася аптэка, аддзяленьне «Беларусбанку», запрацавала цэлая сетка камэрцыйных крамаў. Аднак апошнім часам праявы цывілізацыі гэтак жа шпарка пачалі згортвацца. Найбольш балючым аказалася закрыцьцё аптэкі. Цяпер па лекі жыхары мусяць езьдзіць у Смаргонь ці Маладэчна. Мясцовая жыхарка Дар’я Ліс кажа, што аптэка была патрэбна ня толькі ёй, — яна перасоўваецца ў вазку, — а і старым, для якіх выбрацца ў горад — таксама справа нялёгкая:

«У прынцыпе я не аматарка хадзіць па аптэках, але ў нашай залескай аптэцы можна было набыць вітаміны, мінімальна неабходныя крэмікі і г.д. Плюс гэта адзін зь нямногіх безбар’ерных аб’ектаў у нашым аграгарадку. Таму я ніколі не прапускала нагоды зайсьці туды і штосьці прыгледзець для сябе. Асабліва вітаміны ўвесну і ўвосень. Вядома, шкада, што аптэку зачынілі. Вельмі шкада найперш тых бабулек і дзядулек, якім давядзецца езьдзіць у Смаргонь — а гэта ўсё ж 13 кілямэтраў і не заўжды зручна. Я ўжо не кажу пра Маладэчна. І калі з Залесься ў раённы цэнтар аўтобусы ходзяць больш-менш рэгулярна, то Міхневічы, Зарудзічы, Вётхава, іншыя вёскі застаюцца практычна адрэзаныя. У гэтай сытуацыі мне перадусім шкада старых людзей. Крыўдна яшчэ і таму, што, выходзіць, статус аграгарадка насамрэч нічога не азначае».
Зачыненая аптэка

Зачыненая аптэка


Адпачатку аграгарадкі задумваліся як мэханізм набліжэньня вёскі да гораду па ўсім спэктры даступнага камфорту. Пра гэта ня раз казалася з высокіх трыбунаў. Аднак выглядае, што пераходная інстанцыя забуксавала ў сваім разьвіцьці і статус аграгарадка зноў ні да чога не абавязвае. У тым жа Залесьсі за апошнія гады апусьцеў дзясятак капітальных будынкаў: згаданая ўжо аптэка, двухпавярховы дзіцячы садок, шпіталь, быткамбінат, кацельня, адно крыло сталоўкі (другое выкупіў прыватнік), трохпавярховы прафілякторый заводу «Смаргоньсылікатабэтон». Дый за рэстаўрацыю маёнтка Агінскага ўзяліся толькі пасьля таго, як ЮНЭСКА абвясьціла 2015-ты годам гэтага выбітнага грамадзкага дзеяча.
Колішні шпіталь

Колішні шпіталь


На думку Дар’і Ліс, спусташэньне мястэчка можна было б спыніць, перадаўшы нерэнтабэльныя аб’екты прыватнікам, якія хутка б вярнулі іх да жыцьця:

«У нас жа ёсьць указ прэзыдэнта пра сацыяльнае разьвіцьцё вёскі, так? Ну вось, як бачым, выконваецца ён далёка не заўжды. Тым больш, калі ўважліва паглядзець, у Залесьсі аптэка — далёка ня першы такі аб’ект, які зачыняецца. Дагэтуль была зачыненая бальніца, зачынены і пераведзены ў школу дзіцячы садок, санаторый-прафілякторый побач з маёнткам Агінскага.
Занядбаны прафілякторый

Занядбаны прафілякторый


Фішка ў тым, што кадраў рэальна не хапае. У вёску ня хочуць ехаць маладыя фармацэўты, я дапускаю гэта. Тады насамрэч: аддайце прыватніку! Жыхарам будзе плюс, будзе плюс уладам, бо пойдуць падаткі ў бюджэт. Ну, і прадпрымальныя людзі ў накладзе не застануцца. І ніякіх праблемаў. Калі няма магчымасьці працаваць дзяржаўнай аптэцы, чаму яна ня можа быць прыватнай?»
«Лішні» камбінат бытабслугоўваньня

«Лішні» камбінат бытабслугоўваньня


Мясцовыя жыхары зьвярталіся да смаргонскіх уладаў з прапановай абсталяваць на месцы зачыненага дзіцячага садку шпіталь. Канструкцыя не вымагала асаблівых укладаньняў, і хворыя маглі б атрымліваць мэдычную дапамогу нават у больш камфортных умовах, чым раней. Аднак вэртыкальнікі спаслаліся на недахоп кваліфікаваных кадраў.
Бязьдзетны дзіцячы садок

Бязьдзетны дзіцячы садок


Зрэшты, нібыта на той жа падставе спыніла дзейнасьць і аптэка. І хоць аб’ява на дзьвярах кажа пра «часовае закрыцьцё», залесцы абяцаньням вераць слаба — у такім стане, як кажа Дар’я, аб’ект ужо не адзін месяц:

«Вядома, мы спадзяёмся, што гэта часовае закрыцьцё. У прыватнасьці, раённыя чыноўнікі паабяцалі, што аптэка не зачыняецца, а яе праца папросту прыпыненая з-за недахопу кадраў. Хочацца верыць, што кадры аднекуль прыедуць, і такім чынам зноў зьявіцца магчымасьць аднавіць дзейнасьць аптэкі. Але найбольш лягічна ў дадзенай сытуацыі — аддаць добры, якасны будынак прыватніку. Як вынік — аптэка працуе, будынак не ў заняпадзе, сталыя людзі і тыя, хто прыяжджае ў Залесьсе, могуць набыць любы практычна неабходны прэпарат. Не, вы ўявіце: Залесьсе пасьля аднаўленьня маёнтку Агінскага становіцца турыстычным цэнтрам, сюды прыяжджаюць турысты. Камусьці штосьці спатрэбіцца: набыць ці элемэнтарныя сардэчныя лекі, ці заспакаяльныя, ці тыя ж самыя бінты. І дзе людзі будуць усё гэта набываць у нашым турыстычным цэнтры?»

Пагатоў, узор эфэктыўнай прыватызацыі ў Залесьсі ўжо ёсьць: прыватнік выкупіў большую частку занядбанага будынка сталоўкі і зрабіў там кавярню. Там цяпер можна справіць сямейнае сьвята ва ўмовах, набліжаных да гарадзкіх.
Прыбудова да сталоўкі

Прыбудова да сталоўкі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG