Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыніцы пацьвярджаюць, што Яўген Васьковіч сустракаў Новы год у карцэры


Яўген Васьковіч

Яўген Васьковіч

Пра тое, што палітвязень Яўген Васьковіч атрымаў 27 сьнежня пакараньне і быў адпраўлены ў карцэр, дзе і сустрэў Новы год, днямі паведаміў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.

Крыніцу гэтых зьвестак Дзяніс Садоўскі не назваў, а ў магілёўскай турме, дзе трымаюць актывіста, камэнтаваць зьвесткі БХД адмовіліся.

17 студзеня грамадзкая актывістка, рэжысэрка Вольга Мікалайчык, атрымала ад Яўгена Васьковіча ліст зь віншаваньнямі з Новым годам, які быў датаваны 14 студзеня:

«Відаць, ён здолеў толькі 14 студзеня пачаць віншаваць усіх з Новым годам і Калядамі, калі ўжо і стары Новы год скончыўся. З гэтага я раблю выснову, што ён ня быў у месцы, адкуль можна дастаць ліст, а быў недзе ў іншым месцы».

Маці вязьня Рушанія Васьковіч ня мае ад сына інфармацыі, што ён быў на Новы год ў карцэры. У канцы месяца Рушанія Васьковіч паедзе на сустрэчу з сынам і разьлічвае гэта высьветліць. Пра здароўе сына яна кажа:

«Піша, што нармальна пачуваецца. Але ён з тых, хто ніколі ня скардзіцца, у яго заўсёды ўсё добра. І настрой і здароўе — усё, кажа, добра».

Між тым, паводле зьвестак БХД, Яўген Васьковіч пры росьце 1 мэтар 86 сантымэтраў важыць толькі 65 кіляграмаў. За два апошнія гады, як паведамляюць актывісты партыі, Яўгена Васьковіча трымалі ў ізалятары 247 дзён.

Яўген Васьковіч асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня за напад на будынак Бабруйскага КДБ. Адбывае пакараньне ў магілёўскай турме.
XS
SM
MD
LG