Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Лагвінца. Янукевіча «распалавінілі»


Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Лідэру Партыі БНФ Аляксею Янукевічу адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты Менгарсавету па месцы жыхарства ў Заводзкім раёне сталіцы.

Ва Ўбарэвіцкай выбарчай акрузе палітыку патлумачылі, што яго забракавалі на той падставе, паколькі аналягічную заяву ён падаў у Першамайскім раёне, дзе знаходзіцца штаб-кватэра партыі. Гэта, маўляў, супярэчыць новым нормам выбарчага заканадаўства. Спадар Янукевіч кажа, што і не зьбіраўся вылучацца кандыдатам у дэпутаты па двух акругах, проста меўся зарэгістраваць дзьве ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў. Аднак аргумэнт пачуты не быў.

Паказальна, што, калі ўвечары Аляксей Янукевіч датэлефанаваўся ў Акадэмічную выбарчую акругу № 48 Першамайскага раёну, яму сказалі, што ініцыятыўная група зарэгістраваная і ўжо 18 студзеня ён можа прыйсьці па пасьведчаньне.

Адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы намесьніку старшыні руху «За Свабоду» Алесю Лагвінцу. Прычына аналягічная — заява на рэгістрацыю групаў у дзвюх акругах — Ясенінскай № 24 і Сухараўскай № 34. Паводле спадара Лагвінца, калі раней можна было вылучацца па некалькіх акругах, то цяпер нават подпісы дазволена зьбіраць толькі па адной. На яго думку, зьмены ў Выбарчы кодэкс былі ініцыяваныя ўладамі пераважна дзеля таго, каб яшчэ больш звузіць магчымасьці прэтэндэнтаў на працу з выбарцамі — збор подпісаў лічыцца самай лібэральнай часткай кампаніі, якую цяпер сур’ёзна фільтруюць.

Раней па такой жа прычыне ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў было адмоўлена старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку, які падаваў заявы для збору подпісаў адразу па чатырох акругах.

Мясцовыя выбары ў Беларусі заплянаваныя на 23 сакавіка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG