Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рунэце зьявіўся цікавы тэкст пра тое, як можна прасунуць у грамадзтве любую ідэю. Аўтар выкарыстоўвае дасьціпны прыём: распавядае пра тое, як зрабіць прыймальным для грамадзтва канібалізм, а цэліць у гомасэксуалізм і гомасэксуальныя паводзіны. Але справа ня толькі ў іх.

Удзячны калегу Яраславу Шымаву за тое, што ён зьвярнуў ўвагу на гэты тэкст у сваім ФБ, а яшчэ больш – за слушную заўвагу, што аўтар апакаліптычнага тэксту выклаў фактычна тэхналёгію прасоўваньня, promotion, любой сацыяльнай навацыі (і любога праекту архаізацыі, вяртаньня да «старога добрага часу», да «залатога веку», таксама).

Брыдкія для некага ідэі прасоўваліся і прасоўваюцца так? А хрысьціянства прасоўвалася хіба ня так? Прыгадайце лісты ап. Паўла – кропка ў кропку. Вось быў гросмайстар promotion. А іслам – ня так? А марксізм ці ідэя раўнапраўя жанчын – хіба ня так?

Злавесны выгляд прыгаданай тэхналёгіі тлумачыцца яшчэ і своеасаблівай будовай чалавечай памяці. Насамрэч, няспраўджаных, нязьдзейсьненых сацыяльных навацыяў, як і тэхнічных, значна больш, чым тых, якія зрэалізаваліся. Але як тэхнічныя няўдачы навечна пахаваныя ў бюро патэнтаў, гэтак і няспраўджаныя сацыяльныя навацыі засыпаюцца пяском гісторыі.

Засыпаецца пяском гісторыі, дарэчы, і адчуваньне выкліку, зьнявагі, падрыву векавечных асноваў, якое ўдалыя, спраўджаныя навацыі некалі спараджалі.
Зараз ужо нават пры жаданьні штучна ня выклічаш адчуваньне, якое выклікала яшчэ паўтара стагодзьдзя таму сама ідэя, што жанчыну можна дапускаць да выбараў і да палітыкі. Ну дурасьць жа суцэльная, ну ёй жа самім Богам наканавана зусім іншае, яна ж у гэтым у прынцыпе, паводле будовы сваіх мазгоў, ня можа нічога разумець :-) Ідэя выклікала ня проста нязгоду – абурэньне, пачуцьцё зьнявагі самых дарагіх перакананьняў.

І хто гэта зараз памятае? І як зараз, нават пры вялікім жаданьні, вярнуць сытуацыю ў гэтым пытаньні ў стан, які існаваў ад прамаці Евы да пачатку ХХ стагодзьдзя?
Ці, скажам, ідэя нацыі, народнага сувэрэнітэту. Прыгадваецца гісторыя з кнігі францускага дасьціпніка ХVIII стагодзьдзя Нікаля дэ Шамфора.

Падчас амэрыканскай вайны за незалежнасьць брытанцы бяруць у палон групу амэрыканскіх салдатаў. Брытанскі афіцэр даведваецца, што сярод палонных ёсьць француз, каралеўская Францыя тады актыўна падтрымлівала паўстаньне каляністаў супраць Лёндана – геапалітычнага суперніка Парыжа. «Спадар, – зьвяртаецца брытанец да палоннага француза – я ваюю за свайго караля, Вы – за свайго, але за каго ваююць яны?» – пытаецца ён са шчырым зьдзіўленьнем, паказваючы на палонных салдатаў войска Джорджа Вашынгтона.

Якіх крыху больш за 200 гадоў таму брытанскі ваяка шчыра ня мог зразумець, як улада можа сыходзіць ад народу, сувэрэнам жа можа быць толькі манарх, які атрымлівае ўладу наўпрост ад Бога. Праз 200 гадоў мы гэтак жа шчыра ня можам зразумець, якая іншая можа быць легітымацыя ўлады, акрамя народнай. Меркаваньне, што а вось Лукашэнка дыктатар, тут мала што мяняе. Ён і праўда такі, але дыктатар найноўшага часу. Ягоная ўлада ўсё роўна заснаваная на ідэі народнага сувэрэнітэту, а не на тым, што народ проста ня мае значэньня ў гэтым пытаньні, а ўлада дадзеная Богам, як у тым былі сьвята ўпэўненыя стагодзьдзямі.
Дзякуючы такім посьпехам навацыяў гісторыя і здаецца няспынным шэрагам спраўджаных пераменаў, таму і ствараецца ілюзія, што справа гэтага посьпеху – адно ў рашучасьці і валоданьні цуда-тэхналёгіяй.

Прыхільнікі нормы гавораць: зьмена згубная, амаральная, яна – выклік чалавечай прыродзе і Боскім законам, яна – праява распусты, прыхільнікі зьмены адказваюць: не, зьмены вымагае справядлівасьць, роўнасьць, свабода (ну, словам, паводле схемы, апісанай ў прыгаданым вышэй тэксьце).

Але ёсьць і мэтанарматыўны падыход, заснаваны на назіраньні, што любая норма – гэта могілкі спробаў яе зьмяніць. Меркаваньні правільнасьці ці няправільнасьці, маральнасьці ці амаральнасьці – яны ўнутры пэўнай пазыцыі «за» ці «супраць», гэта ўсё ваенная прапаганда, бо змаганьне нормы і навацыі – гэта вайна, ну а на вайне, як на вайне.

І гэта нармальна і добра, што грамадзтва не адразу ўспрымае любую навацыю: супраціў нормаў, іх здольнасьць супрацьстаяць выклікам навацый – неабходны фільтар. Калі яго ў грамадзтва няма, дык такое грамадзтва можна пашкадаваць. Хаця гэта ўжо таксама нарматыўная пазыцыя :-) А па-за ёй – як у спорце: хай пераможа мацнейшы. Утрымаецца норма, адаб'е выклік – ну значыць ня лёс быў той навацыі, недарэчная была. І адправіцца на могілкі выклікаў, якія і ёсьць падмурак нормы. І забудзецца, і нават калі нейкі гісторык прыгадае, дык іншыя людзі адно плячыма паціснуць – вось якая дурасьць некалі бывала. Наканаваньня тут ніякага няма, ідэя наканаваньня, непазьбежнасьці пераменаў – адно ідэалягічная зброя ў руках іх прыхільнікаў.

Ну а павернецца ваеннае шчасьце тварам да навацыі, пераможа яна (ці то дзякуючы цуда-тэхналёгіі, ці то самаахвярнасьці сваіх адэптаў, ці з прычыны слабасьці нормы) – ну ня лёс, значыць, норме быў. І запрацуе апісаны вышэй мэханізм замятаньня сьлядоў – празь некалькі дзесяцігодзьдзяў навацыя ня проста стане новай нормай, у народнай сьвядомасьці яна прарасьце ў пэўным сэнсе ў мінулае, стане як бы спрадвечнай.

І справа ня ў тым, што яна лепшая. Зусім ня факт, што сучасная эмансіпаваная жанчына шчасьлівейшая за яе пра-пра-прабабулю, якая пра тую эмансыпацыю і ведаць ня ведала. Справа ў тым, што сучасны стан – норма, якая здаецца вечнай.
І будзе здавацца – да перамогі новай пасьпяховай навацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG