Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьце сьпіс хваробаў, выкліканых курэньнем.

Даўно вядома, што курэньне выклікае рак лёгкіх і хваробы сэрца, а таксама дыябэт, рак тоўстай кішкі і пячонкі, рызыку пазаматкавай цяжарнасьці.

У Нацыянальнай справаздачы, якая выйшла ў ЗША, выканаўца абавязкаў галоўнага хірурга ЗША доктар Барыс Лушняк істотна пашырыў сьпіс захворваньняў, прычынай якіх (і гэта навукова засьведчана) зьяўляецца курэньне. Пра гэта піша New York Times.

Такім чынам, сьпіс папоўнілі: страта зроку, сухоты, рэўматоідны артрыт, парушэньне імуннай сыстэмы і ваўчыная пашча ў нованароджаных ад жанчын, якія паляць.

Тое, што курэньне было зьвязанае з гэтымі хваробамі, ведалі і раней. Але ўпершыню нацыянальная справаздача называе курэньне ў якасьці іх прычынаў.

Гэта не азначае, што курэньне абавязкова выкліча гэтыя хваробы – але пэўныя іх выпадкі не адбыліся б, калі б хворыя не ўжывалі тытунь.

Варта адзначыць, што калі ў 1965 годзе 43 адсоткі дарослага насельніцтва ЗША курылі, дык ў 2012 годзе такіх было 18 адсоткаў. І пры гэтым курэньне прызнанае галоўнай прычынай заўчаснай сьмерці амэрыканцаў – ахвярамі гэтай звычкі штогод робяцца 400 тысяч чалавек. Як піша New York Times, гэта больш, чым колькасьць амэрыканцаў, якія загінулі ва ўсіх войнах за больш чым 200-гадовую гісторыю ЗША.
XS
SM
MD
LG