Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нікалюк: Жаданьне беларусаў эміграваць сьведчыць, што эканамічная мадэль неканкурэнтаздольная


Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк

Паводле апытаньняў, праведзеных сацыялягічнай службай Гэлап у 2010–2012 гадах у 154 краінах, жаданьне эміграваць сярод беларусаў за апошнія гады вырасла як мінімум на 3%. Як мяняліся эміграцыйныя настроі беларусаў? Зь якіх прычынаў беларусы перш за ўсё пакідаюць радзіму?

На гэтыя пытаньні адказвае незалежны сацыёляг Сяргей Нікалюк.

— Сацыёлягі, вывучаючы беларускае грамадзтва, адсочваюць, у прыватнасьці, і намер беларусаў эміграваць у іншыя краіны. Ці магчыма ў гістарычным аспэкце параўнаць эміграцыйныя настроі? Калі яны былі самыя моцныя і як гэта можна параўнаць зь цяперашнім настроем на эміграцыю?

— Па-першае, варта адрозьніваць дэкляраванае жаданьне эміграваць ад рэальнай эміграцыі. Цягам апошніх 10 гадоў НІСЭПД вывучаў настрой беларусаў эміграваць, і гэтая лічба вагалася каля 40–50 працэнтаў. Столькі людзей станоўча адказвалі на пытаньні, ці жадаюць яны выехаць за мяжу на сталае месца жыхарства, калі ў іх будзе такая магчымасьць.

Але трэба разумець, што гэта чыста дэкляратыўнае жаданьне, яно часта не заканчваецца эміграцыяй. Але вось летась сацыёлягі задалі пытаньне: «Ці ёсьць у вашай сям’і нехта, хто цяпер працуе за мяжой?» І выявілася, што такі чалавек ёсьць у кожнай чацьвёртай беларускай сям’і. Гэта азначае, што колькасьць беларусаў, якія працуюць за мяжой, — недзе паміж 600 тысячамі і мільёнам.

— Якія матывы перш за ўсё вымушаюць беларусаў да эміграцыі? Натуральна, што ва ўсім сьвеце тут пераважаюць эканамічныя прычыны, пошук лепшага жыцьця. Аднак нельга адхіляць і іншыя прычыны — нацыянальны ды іншы прыгнёт, палітычная сытуацыя, немагчымасьць самарэалізавацца на радзіме...

— Беларусы тут не выключэньне. Галоўны матыў для эміграцыі — эканамічны. І важны ня толькі нізкі заробак у Беларусі, а важная і розьніца заробкаў у параўнаньні з суседнімі краінамі. Апошнія гады заробак у Расеі стаў хутка абганяць заробак у Беларусі, і адток працаздольнага насельніцтва зь Беларусі ў Расею рэзка павялічыўся.

Паміж дзяржавамі і культурамі заўсёды існавала канкурэнцыя, перадусім за людзей. Тое, што беларусы эмігруюць і хочуць эміграваць — сьведчыць, што беларуская эканамічная мадэль неканкурэнтаздольная. У той самай Расеі сёньня ідзе скарачэньне колькасьці працоўных, Расея зацікаўленая ў прытоку працоўнай сілы. І ў першую чаргу не зь Сярэдняй Азіі, дзе людзі іншай культуры і рэлігіі, а зь Беларусі. Таму ў найбліжэйшыя гады гэты паток будзе толькі павялічвацца.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG