Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскае консульства ў Горадні: пусьцяць больш консулаў — будзе больш візаў


На адкрыцьці прамаўляе амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка (зьлева)

На адкрыцьці прамаўляе амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка (зьлева)

У Генэральным консульстве Рэспублікі Польшча ў Горадні ўрачыста адкрылі новыя памяшканьні для выдачы візаў грамадзянам Беларусі.

Новыя памяшканьні — у тым самым будынку па вуліцы Будзённага, 48а, дзе і дагэтуль было генэральнае консульства. Яшчэ некалькі гадоў таму тут месьцілася «Польская мацеж школьная» і Таварыства беларускай школы.

Генэральны консул Польшчы ў Горадні Анджэй Хадкевіч падчас урачыстага адкрыцьця новых памяшканьняў зазначыў, што ў першую чаргу гэта дазволіць палепшыць умовы прыёму грамадзян Беларусі, якія зьвяртаюцца па візы.

Цяпер, паводле Хадкевіча, ня трэба будзе стаяць у чарзе побач з ажыўленай праезнай часткай, што стварала небясьпеку для людзей. У двары цяпер новы ўваход, а ў самім памяшканьні ў некалькі разоў паболела акенцаў, куды падаваць дакумэнты.

Акрамя гэтага, паводле консула, падоўжацца гадзіны прыманьня і выдачы дакумэнтаў. Аднак, з жалем зазначыў генэральны консул, новае памяшканьне пакуль не дазволіць павялічыць колькасьць выдаваных візаў:

«Справа ў тым, што колькасьць выдаваных візаў залежыць ад колькасьці консулаў, якія працуюць. Мы стварылі ўсе ўмовы дзеля таго, каб тут маглі працаваць у два разы болей консулаў і тэхнічных супрацоўнікаў. Цяпер усё залежыць ад беларускіх уладаў — калі яны пагодзяцца на тое, каб сюды прыехала болей консулаў, то мы зможам выдаваць болей візаў для грамадзянаў Беларусі».

Паводле консула Хадкевіча, летась у Генэральным консульстве Польшчы ў Горадні візы атрымалі 107 тысяч грамадзян Беларусі. Гэта пры тым, што ў консульстве працуюць толькі чатыры консулы, якія займаюцца выдачай візаў.

Падчас урачыстых мерапрыемстваў у Горадні прысутнічаў амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка, госьці зь Міністэрства замежных спраў Польшчы, дэлегацыя зь Беластоку на чале з ваяводам Падляскім, дыпляматы зь іншых замежных прадстаўніцтваў у Беларусі. Новыя памяшканьні супольна асьвяцілі япіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі і гарадзенскі біскуп Кашкевіч.
Урачыстае адкрыцьцё новых памяшканьняў у Генэральным консульстве Польшчы ў Горадні. Амбасадар Лешак Шарэпка (зьлева) перарэзвае стужку

Урачыстае адкрыцьцё новых памяшканьняў у Генэральным консульстве Польшчы ў Горадні. Амбасадар Лешак Шарэпка (зьлева) перарэзвае стужку

Гарадзенскі біскуп Кашкевіч і япіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі асьвяцілі новыя памяшканьні консульства

Гарадзенскі біскуп Кашкевіч і япіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі асьвяцілі новыя памяшканьні консульства

У новых памяшканьнях Генэральнага консульства Польшчы ў Горадні

У новых памяшканьнях Генэральнага консульства Польшчы ў Горадні

XS
SM
MD
LG