Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы — адзін з найлепшых народаў сьвету. Ода спорту


Сяргей Абламейка

Сяргей Абламейка

Чаму я так лічу? Кароткі адказ наступны. Схільнасьць беларусаў да спорту, нашы спартовыя посьпехі, сярод іншага, паказваюць, што мы зьяўляемся сапраўднымі спадкаемцамі эўрапейскай антычнай цывілізацыі і выводзяць наш народ у лік дваццаці-трыццаці найлепшых народаў сьвету. Беларусы — у сусьветнай эліце. Менавіта таму за часы незалежнасьці наша каманда на Алімпійскіх гульнях нязьменна займае месца ў верхняй частцы выніковай табліцы.

Тлумачэньне гэтых аргумэнтаў зойме троху болей радкоў.

Мне здаецца, што ў беларускім інтэлектуальным асяродзьдзі гэты аспэкт нашай народнай душы недаацэньваецца. А тым часам схільнасьць да спорту, спартовасьць зьяўляюцца вельмі важнай часткай і характарыстыкай нацыянальнага мэнталітэту. Як чалавек, які некалі меў спартовы разрад па плаваньні, граў за хакейную каманду «Тарпэда Мінск» і быў капітанам зборнай школы па баскетболе на першынстве раёну і гораду, магу гаварыць аб гэтым амаль прафэсійна.

Калі гавораць і пішуць пра спорт, то часта ўвага акцэнтуецца на духу спаборніцтва, на кульце перамогі. Гэта, вядома, так. Але і не зусім. Спорт — гэта ня толькі і ня столькі азарт. Спорт — гэта, найперш, стыль, стыльнасьць і дысцыпліна. Бяз схільнасьці да гэтых трох апошніх катэгорыяў — высокія спартовыя дасягненьні немагчымыя. Можна сьмела сьцьвярджаць, што сёньняшні спорт усутыч наблізіўся да мастацтва і моды.

Эстэтычны бок спорту


Так, так. Сёньняшні спорт высокіх дасягненьняў несумненна мае эстэтычную складовую частку. Эстэтыка — нязьменная спадарожніца любой каманднай (і ня толькі каманднай) гульні. Футбалісты, хакеісты, баскетбалісты даўно ўжо сваёй тэхнікай, фінтамі, дрыблінгам прыносяць нам ня толькі звычайную задаволенасьць вынікам, але і вялікую эстэтычную асалоду. Высокі спорт — гэта папросту прыгожа, гэта ўжо — таксама мастацтва. А пра фігурнае катаньне, гімнастыку і сынхроннае плаваньне і казаць няма чаго...

Спартовая навука і практыка даўно распрацавалі і ўвесь час удасканальваюць адпаведныя тэхнічныя і стылёвыя парамэтры-стандарты, без датрыманьня якіх нельга стаць прафэсійным, высокім спартоўцам. Калі вы ня выканаеце шэраг тэхнічных прыёмаў, вы ніколі не падымеце штангу. Калі вы перад ударам не занесяце тэнісную ракетку нізам, а пасьля ўдару ня пусьціце яе ўверх аж за плячо — вы не патрапіце туды, куды трэба, а мяч скончыць у сетцы. Кідаючы «крукам» мяч у баскетбольны кошык, трэба ў скачку адно калена прыцягнуць да жывата — гэтага вымагае баскетбольная тэхніка і стыль. У хакеі, у футболе, усюды — свая тэхніка ўдару, кідка, падачы, абводкі, фінтоў. І, адпаведна, свае стылёвыя вымогі. І гэтыя дзьве складовыя ідуць неразлучна побач — тэхніка і стыль. Той, хто не дабірае смаку ў стылі, хто ня мае гэтага пачуцьця — ня стане добрым спартоўцам. Каб датрымаць тэхніку, трэба адчуваць яе стылёвую прыгажосьць і любіць яе.

Вырасшы на спартовых пляцоўках менскай гарадзкой ускраіны, я меў магчымасьць гадамі назіраць схільнасьць нашых хлапцоў і дзяўчат да стылю. Галоўную асалоду гульцам прыносілі ня толькі выйгрышы-перамогі, але і ўдалае выкананьне кідка, ўдару, фінта, абводкі, скачка. Гэта была наша вулічная, дваравая мода, наша стыльнасьць. Несумненна, што беларускія дзеці неўсьвядомлена, нават праз спорт, імкнуліся да эстэтыкі, да прыгажосьці і мелі яе. Гэта — у нас у генах.

Як і імкненьне да моды. Я ўжо неяк прыводзіў у адным са сваіх эсэ гэты прыклад, але з прыемнасьцю прывяду яго тут яшчэ раз для тых, хто не чытаў. Усе мы ведаем, якую увагу вопратцы і наогул модзе надаюць жыхары сучаснай Беларусі, асабліва моладзь. Часта, мацяркі аддаюць апошнія грошы, каб толькі прыгожа і модна апрануць сваіх дачок-прыгажунь. І зьява гэтая — ня нашага часу. Як ні дзіўна, так у Беларусі было заўсёды. У 1857 годзе беларуска-польскі паэт Уладзіслаў Сыракомля, прыехаўшы зь Вільні ў Менск і параўноўваючы насельнікаў абодвух гарадоў, са зьдзіўленьнем заўважыў, што «менскімі мужчынамі і жанчынамі надаецца большая ўвага строям...» А далей Сыракомля, папярэдне папрасіўшы прабачэньня ў «мілых жыхарак Гедымінавага места», наогул заявіў, што ў Менску нашмат больш прыгожых жанчын...

Такім чынам, складовыя часткі беларускай схільнасьці да спорту — гэта імкненьне да стылёвасьці, да прыгажосьці, да моды.

Праява нацыянальнага мэнталітэту


Яшчэ адна складовая частка спорту — дысцыпліна. Бо толькі дысцыплінаваны чалавек можа дакладна і з асалодай выконваць усе парады трэнэра, усе яго тэхнічныя і стылёвыя вымогі і рэкамэндацыі. Трэба задумацца, што ж раней гнала і цяпер гоніць тысячы і тысячы нашых дзяцей ад кампутараў і дваравых кампаніяў у спартовыя сэкцыі да строгіх трэнэраў. Што прымушае іх адмаўляцца ад звычайных дзіцячых забаваў на карысьць даволі цяжкіх, частых і вымотваючых трэніровак. Бацькі? Прынамсі, у мой час і на нашай гарадзкой ускраіне (Аўтазавод, Паўночны пасёлак, вуліцы Енісейскай і Ангарская) простыя, малаадукаваныя бацькі-работнікі мясцовых заводаў дзецьмі амаль не займаліся. Але ў спартовыя сэкцыі былі чэргі — дужаньне, бокс, хакей, усе залі былі перапоўненыя, усе прышкольныя спартовыя пляцоўкі былі амаль заўсёды занятыя. Таму я лічу, што і схільнасьць да дысцыпліны, якая конча неабходная ў спорце — гэта таксама эўрапейская рыса нашага нацыянальнага характару, спадчына вякоў, Статуту і магдэбургіі, праява блізкасьці нашай культуры і мэнталітэту да нямецкай і паўночна-эўрапейскай цывілізацыяў.

Няма сумневу, што спорт — гэта і амбіцыя, і дух спаборніцтва, і самасьцьвярджэньне, і асалода ад перамогі над супернікам. За гэтыя матывы беларускай схільнасьці да спорту адказная, на маю думку, вялікая колькасьць шляхецкіх генаў у нашай крыві. Бо названыя якасьці — гэта сымбалічныя пункты ў кодэксе гонару нашай шляхты і рыцарства і частка іх зусім рэальнай мэнтальнай спадчыны, перададзенай наступным пакаленьням народу.

Але ня толькі шляхецкай... У выніку складанай гісторыі апошніх двух-трох стагодзьдзяў сёньня беларускі народ складаецца амаль выключна з нашчадкаў сялянаў. Менавітва яны менш за іншыя клясы і групы насельніцтва мелі ў апошнія стагодзьдзі індывідуальнай, асабістай свабоды. Прыгон, войны, паўторны савецкі прыгон, эканамічная несвабода (беднасьць). Толькі ўдумайцеся — цэлыя стагодзьдзі нацыянальнай, сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай, моўнай несвабоды... У такіх варунках асоба міжволі павінна была з аднаго боку заглыбіцца ў сябе, стаць больш інтравэртнай, а зь іншага — шукаць і выкарыстоўваць іншыя спосабы рэалізацыі свайго права на асабістую свабоду, сваіх прыродных якасьцяў і схільнасьцяў. Спорт якраз і дае людзям з такой гісторыяй і такой псыхалёгіяй шлях для самарэалізацыі. Спорт — гэта асабістая прастора асобы, тэрыторыя яе сувэрэнітэту і яе самасьцьверджаньня. І вось у спорце многія беларусы бачаць і адчуваюць магчымасьць праявіць максымум асабістай свабоды і асабістага таленту — гэта пляцоўка іх самавыяўленьне. Тым больш у тых умовах, у якіх наша народ жыве цяпер.

Да гэтага варта яшчэ дадаць, што да спартовых посьпехаў беларусаў схіляе і форма нацыянальнага мэнталітэту, які спэцыялісты залічаюць да вельмі індывідуалістычнага, што можа быць вынікам як геаграфіі (лясы, лясны народ), так і балцкага субстрату ў этнагенэзе беларусаў. У кожным выпадку, такія рэчы, як, напрыклад, беларускі народны танец «Полька на табурэце» сьведчаць якраз пра гэта. У гэтым танцы, як вядома, партнэр з партнэркай становяцца на табурэт і пачынаюць танчыць, утрапёна гледзячы адно аднаму ў вочы і ўвесь час павялічваючы тэмп. Цудоўная мадэль ляснога, індывідуалістычнага мэнталітэту — маленькая прастора для самарэалізацыі і вялікая ўнутраная энэргія ды напятасьць.

Схільнасьць да спорту паказвае і на сапраўдную культурную і мэнтальна-генэтычную пераемнасьць з Анытчнасьцю, з антычнымі цывілізацыямі старажытных Грэцыі і Рыму. Паглядзіце на выніковыя табліцы алімпіядаў, і вы ўбачыце, што ня гледзячы на ўсе посьпехі азіяцкіх спартоўцаў, прадстаўнікі менавіта эўрапейскай хрысьціянскай (ці постхрысьціянскай) цывілізацыі і заселеных імі раней заморскіх тэрыторыяў дамінуюць на спартовай плянэце.

Спартоўцы – частка нацыянальнай эліты


Я лічу спорт вялікай і важнай школай жыцьця. Чалавек у камандзе вучыцца жыць і выжываць, гэта школа сацыялізацыі. І менавіта там праяўляюцца і вызначаюцца рысы характару чалавека, яго лідэрскія якасьці і яго амбіцыі. Праведзеныя мной некалькі гадоў у хакейнай камандзе «Трапэда Менск» (новастворанае «Юнацтва» было тады нашым найвялікшым канкурэнтам) сталі для мяне незабыўнай жыцьцёвай навукай. Вось два прыклады. Брамнікам у нас быў мой найлепшы сябар і аднаклясьнік Алег N. Дык вось у яго на вялікіх пальцах ног не было пазногцяў — яны сыходзілі ад удараў шайбы, ня гледзячы на плястыкавыя чашачкі ў насках канькоў. Але для Алега гэта нічога ня значыла, ён упарта трэніраваў расьцяжку, каб лёгка сядаць на шпагат і мець магчымасьць адначасова закрываць шчыткамі ніжнія куты варот, а лавушкай і клюшкай зь блінам — верхнія. Лідэрам каманды быў нападнік Сьцяпан Х. Яго ніхто ня мог стрымаць, ён імкнуўся наперад заўсёды і ў любой гульнёвай сытуацыі, гэта было ў яго ў крыві. А зборныя каманды якраз і складаюцца з такіх, як наш Сьцёпа. Гэта — найлепшыя гены, гэта сапраўдныя мужчыны. Лёгка зразумець, які інстынкт прыводзіў самых прыгожых дзяўчат Менску ў пачатку 80-х гадоў у бар Алімпійскай спартовай базы ў Стайках пад Менскам...

Трэба зразумець, што спартоўцы ня проста бегаюць, скачуць, кідаюць і граюць. Яны сьвядома робяць гэта прыгожа і самі маюць ад гэтага вялікую асалоду. Для іх гэта важна гэтаксама, як і дасягнуты вынік. Таму я вышэй і напісаў, што спорт высокіх дасягненьняў сёньня непасрэдна наблізіўся да мастацтва і моды. Менавіта моды, як схільнасьці людзей да стылёвасьці і прыгажосьці. Прычым, у адрозьненьне ад уласна высокага мастацтва, захапленьне якім і тварэньне якога, патрабуюць адпаведнай і доўгай адукацыі і падрыхтоўкі, тварэньне і вызнаньне спартовай прыгажосьці рэалізуецца часта стыхійна і больш шырокім колам творцаў і спажыўцоў. Можна сказаць, што схільнасьць да спорту — гэта праява народнага імкненьня да прыгожага. Гэта, несумненна, частка культуры, толькі іншая — фізычная.

Можна сказаць, што схільнасьць да спорту — гэта праява народнага імкненьня да прыгожага
Успомніце прыгожыя, разьвітыя, трэніраваныя, дагледжаныя і здаровыя целы нашых спартоўцаў. Якая асалода проста на іх глядзець і любавацца імі ў часе спаборніцтваў — гэтымі прыгожымі дзяўчатамі і хлопцамі нашых зборных камандаў!

І пры гэтым не забудзьмася, што высокая асабістая фізычная культура была ўласьцівая людзям антычнай цывілізацыі. Сваёй схільнасьцю да спорту і спартовымі дасягненьнямі мы сьведчым сваю цывілізацыйную і мэнтальную пераемнасьць з антычнай цывілізацыяй старажытных Грэцыі і Рыму.

Не забудзьмася таксама, што нам, як аднаму з хрысьціянскіх эўрапейскіх народаў, Ісус Хрыстос строга завяшчаў дапільноўваць і датрымліваць здароўе свайго цела, якое зьяўляецца «сасудам душы», і жорстка забараніў наносіць целу якую-кольвек шкоду.

Нарэшце не забудзьмася, што сёньняшнія навука і мэдыцына адназначна даказалі, што фізычная культура зьяўляецца абавязковай умовай здаровага, доўгага і шчасьлівага жыцьця.

Спартоўцы несумненна належаць да эліты нацыі. Трэба зь імі кантактаваць, трэба іх любіць і рабіць сваімі саюзьнікамі. Дарыце ім кнігі і карціны, прысьвячайце вершы, запрашайце на прэзэнтацыі і творчыя сустрэчы, пішыце пра іх, малюйце і фатаграфуйце. Яны прэзэнтуюць у сьвеце зусім ня наш аўтарытарны рэжым (як гэта часта можна пачуць у інтэлектуальным асяродзьдзі), яны годна прэзэнтуюць найперш наш народ і нашу краіну.

Гадоў сем-восем назад адзін афіцыянт у Турэччыне, даведаўшыся, адкуль я, зьдзіўлена ўсклікнуў:

— О, вы зь Беларусі!
— Вы ведаеце маю краіну? — спытаўся я.
— Ну вядома, — адказаў турак, — як пачынаецца Алімпіяда, дык толькі і чуваць: Беларусь, Беларусь...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG