Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія гатэлі хочуць нажыцца на чэмпіянаце сьвету


Забраніраваць месца ў менскім гатэлі на час чэмпіянату сьвету па хакеі 9–25 траўня ўжо амаль немагчыма.

У гатэлі «Менск», што на плошчы Незалежнасьці, адказалі, што на даты правядзеньня чэмпіянату абвешчаны stop-sale — гэта значыць, што свабодных нумароў няма. Прапануюць запісацца ў «ліст чаканьня» — на выпадак, калі нехта перадумае прыяжджаць. Праўда, прызнаюцца, што сьпіс гэты ўжо вельмі доўгі. У гэтым гатэлі з прычыны небывалага ажыятажу вырашылі на час чэмпіянату павысіць цэны на 10 працэнтаў. Гэта тычыцца грамадзянаў любых краін. Такім чынам, цяпер аднапакаёвы двухмесцавы нумар тут каштуе 215 даляраў. 16 начлегаў падчас чэмпіянату будуць каштаваць 3784 даляраў.

Журналістка Радыё Свабода паспрабавала забраніраваць двухмесцавы нумар у сталічных гатэлях на даты правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі — 9–25 траўня — і высьветліць, ці будзе павышацца кошт для замежнікаў, якія прыедуць на спартовае мерапрыемства.

У чатырохзоркавай «Вікторыі», што на праспэкце Пераможцаў, адказалі, што на ўвесь травень гатэль цалкам выкуплены, а кошт для грамадзянаў любой краіны аднолькавы. Суткі ў аднапакаёвым двухмесцавым нумары тут каштуюць 2 371 200. З 9 па 25 траўня за дваіх трэба будзе заплаціць 37 939 200 беларускіх рублёў.

Адрамантаваны гатэль «Арбіта» зь невядомых прычын прыпыніў браніраваньне на травень. Мэнэджэр параіла зьвярнуцца ў гатэль у сакавіку. Кошт для замежнікаў тут адпавядае заяўленаму на сайце, але ёсьць негалоснае правіла рабіць зьніжкі для грамадзянаў Беларусі. Аднапакаёвы двухмесцавы нумар у «Арбіце» каштуе 94 эўра за суткі. За пражываньне ў гатэлі з 9 па 25 траўня замежныя заўзятары будуць плаціць 1504 эўра.

Зьніжку для беларусаў дае і гатэль «Юбілейны», што на праспэкце Пераможцаў. А аднапакаёвы двухмесцавы нумар тут каштуе 143 даляры за суткі. Такім чынам, для замежнікаў з 9 па 25 траўня гатэль будзе каштаваць 2288 даляраў.

У гатэлі «Плянэта» вольных нумароў на час хакейнага чэмпіянату таксама няма. А той, хто пасьпеў замовіць, за пражываньне ў двухмесцавым нумары з 9 па 25 траўня будзе плаціць 2080 даляраў.

На міжнародным сайце браніраваньня www.booking.com на даты правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі цяпер ёсьць 14 прапановаў — але гэта толькі шыкоўныя прыватныя апартамэнты ў цэнтры гораду. Кошт вагаецца ад 46 да 76 мільёнаў беларускіх рублёў, залежна ад колькасьці пакояў, мэблі, разьмяшчэньня ў горадзе. Тым часам, катэдж-вілу за 20 хвілін язды ад Менску на www.booking.com прапануюць зьняць на 16 дзён ажно за 107 мільёнаў рублёў.

Мэнэджэр па сувязях з прэсай чэмпіянату сьвету па хакеі Арсені Якавенка паведаміў Радыё Свабода, што разьмяшчэньнем удзельнікаў, заўзятараў і гасьцей спартовага мерапрыемства займаецца турыстычнае прадпрыемства «ЦэнтарКурорт».

Спэцыяліст «ЦэнтарКурорту» распавяла Радыё Свабода, што ня ўсе даты аднолькава папулярныя сярод тых, хто плянуе наведаць Чэмпіянат. Найбольшай папулярнасьцю карыстаюцца даты 9–13 траўня.

«У нас у гатэлях ёсьць квота, нумары па якой не распрадаюцца тым, хто зьвяртаецца наўпрост у гатэль. А калі турысты зьвяртаюцца ў „ЦэнтарКурорт“ праз афіцыйны сайт чэмпіянату і замаўляюць турыстычны пакет, у які ўваходзіць пражываньне і квіткі на спаборніцтвы, то тады пакуль яшчэ ёсьць магчымасьць засяліць такіх турыстаў у адпаведнасьці зь іхнімі пажаданьнямі і фінансавымі магчымасьцямі. Праўда, самыя папулярныя даты — а гэта 9–13 траўня — ужо практычна раскупленыя, тут складана нешта параіць. На пазьнейшы час яшчэ цалкам рэальна знайсьці жытло. Апроч гатэляў ёсьць яшчэ фан-вёска, якая месьціцца ў інтэрнаце БДУІРу ў Маскоўскім раёне Менску, там нумары каштуюць ад 24 эўра за суткі. Засяліцца туды можна і самастойна забраніраваўшы нумар праз сайт, і праз нас, калі патрэбны турыстычны пакет. Але наяўнасьць вольных месцаў у фан-вёсцы таксама залежыць ад даты. Я ведаю, што 11 траўня — гэта пік папулярнасьці фан-вёскі. На гэтую дату туды ўжо ня трапіш», — распавяла Лізавета Тайнікава, спэцыяліст «ЦэнтарКурорту».
XS
SM
MD
LG