Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Януковіч скарыстаў досьвед Лукашэнкі


Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла законы, якія абмяжоўваюць правы чалавека, у прыватнасьці, права на свабоду слова і на свабоду сходаў, перашкаджаюць працы незалежных мэдыяў і няўрадавых арганізацый. Законы прымаліся з парушэньнем працэдуры і без удзелу дэпутатаў ад апазыцыі. Ці справядліва гэтыя законы назвалі беларускімі?

Паводле палітоляга Юрыя Чавусава, само прыняцьцё законаў ва Ўкраіне ў такім надзвычайным рэжыме мае відавочныя паралелі зь беларускай сытуацыяй:

«Бо на слыху тыя законы, якія прымаліся ўвосень 2011 году, таксама ўвосень 2005 году, калі пакетам прымаюцца зьмены ў шэраг нарматыўна-прававых актаў, якія закранаюць і свабоду слова, і свабоду сходаў, і магчымасьці дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў. У гэтым сэнсе такое пакетнае прыняцьцё законаў — гэта вельмі падобна да беларускай сытуацыі.

Зь іншага боку, сам зьмест унесеных зьменаў — я не сказаў бы, што ён натхнёны беларускім досьведам. Беларускі досьвед больш жорсткі. Тут, відавочна, ёсьць украінская спэцыфіка, і новапрынятыя нормы, відавочна, мэтава скіраваныя менавіта супраць тых пратэстаў, якія цяпер адбываюцца ва Ўкраіне, супраць Эўрамайдану. І таксама відавочнае падабенства тых зьменаў, якія тычацца грамадзкіх аб’яднаньняў. Гэта фактычна копія расейскіх законаў, яшчэ ў пагоршанай якасьці».

Што да пакета законаў, які прынялі ў Вярхоўнай радзе прыхільнікі ўкраінскага прэзыдэнта Віктара Януковіча, дык тут дзейнічае лёгіка ўзмацненьня аўтарытарнага рэжыму, заявіў у інтэрвію Свабодзе палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«У пэўнай ступені такія аўтарытарныя кіраўнікі, як казалі за камуністычным часам, абменьваюцца „перадавым“ вопытам. Але галоўнае, што патрэба самазахаваньня і ўтрыманьня ўлады любым коштам падказвае ім такія рашэньні. Рашэньні банальныя і зводзяцца да таго, каб мацней заціснуць гайкі.

Гэтыя ўкраінскія законы набліжаюць рэпрэсіўны інструмэнтарый да ўзроўню беларускага, заточваюць яго адпаведным чынам. Але Януковічу, відаць, яшчэ ёсьць куды ісьці, калі казаць зьедліва, бо ў Беларусі асобныя тэрміны большыя, напрыклад, за паклёп і абразу прэзыдэнта. То бок у пэўнай ступені нават пасьля гэтага рэпрэсіўнага апгрэйду ўкраінскае заканадаўства ў гэтым пляне яшчэ не дасягае ўзроўню беларускага. Але тут шмат што залежыць ад суадносін палітычных сіл. Усё ж такі ва Ўкраіне іншыя суадносіны сіл, і ўлада мусіць калі не хадзіць на задніх лапках перад гэтымі вулічнымі выступамі, то, ва ўсякім разе, пабойвацца іх».
XS
SM
MD
LG