Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны забараніла салдатам карыстацца мабільнікамі на службе


Карыстацца асабістымі мабільнымі тэлефонамі і іншымі сродкамі сувязі вайскоўцам падчас выкананьня службовых абавязкаў строга забараняецца, паведаміла газэта міністэрства абароны Беларусі «Во славу Родины».

«Выкарыстоўваць асабістыя сродкі сувязі вайскоўцы тэрміновай ваеннай службы, рэзэрвісты, курсанты ваенных навучальных устаноў і вайсковаабавязаныя, прызваныя на зборы, могуць толькі ў час, вызначаны для асабістых патрэбаў, у выхадны дзень, пры накіраваньні да месца службы, лячэньня і назад, знаходжаньні па-за вайсковай часткай і на адпачынку, а таксама ў звальненьні або водпуску».

Знаходзіцца з тэлефонам на аб’ектах інфарматызацыі салдатам строга забараняецца. У гэтым выпадку тэлефон ён здаецца на часовае захоўваньне і знаходзіцца ў спэцыяльна абсталяваным месцы, пра што робіцца адпаведны запіс у кнізе прыёму сродкаў сувязі.

Тлумачэньні зьявіліся ў сувязі з тым, што на пачатку года спэцназавец самавольна пакінуў 5-ю асобную брыгаду спэцыяльнага прызначэньня ў Мар’інай Горцы з-за таго, што яму забаранілі карыстацца пляншэтам падчас знаходжаньня ў варце.

Пра тое, як на справе выконваюцца інструкцыі Мінабароны пра мабільныя тэлефоны, Свабодзе распавёў адзін з былых вайскоўцаў Павал:

«Я служыў у войску ў 2010-2011 гадах. Тэлефонамі карысталіся ў нас усе. І малодшыя і старэйшыя прызывы. Праўда, дазвол быў не афіцыйны, але кіраўніцтва часткі збольшага на наяўнасьць тэлефонаў заплюшчвала вочы. Часам былі загады, пасьля нейкіх „залётаў“ канфіскаваць ва ўсіх тэлефоны і выдаваць толькі па выходным. Але звычайна такія загады трымаліся цягам тыдня, а потым усім зноў вярталі тэлефоны. Таму ўсе салдаты звычайна вечарамі ці начамі пад коўдраю пасьля адбою і музыку з тэлефонаў у навушніках слухалі, і сядзелі ў сацсетках, і размаўлялі.

Ведаю, што тады напрыклад у войску МУС, у адрозьненьні ад Мінабароны было ўсё больш строга. Там за тэлефон нават на гаўпвахту саджалі. Але у лістападзе мой брат вярнуўся з войска, служыў у войску МУС, то казаў што і там цяпер у вольны час дазваляюць карыстацца тэлефонам і мець яго».
XS
SM
MD
LG