Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фрунзэнскі раённы суд Менску вынес рашэньне выселіць з кватэры пісьменьніцу, былую настаўніцу Веру Буланду.

Яна — аўтарка дванаццаці кніг прозы і паэзіі, стваральніца самадзейнага тэатру, у свой час была ганараваная званьнем Настаўнік году. Чаму дзяржава паквапілася на яе аднапакаёўку? І куды пэнсіянэрка мусіць падзецца пасярод зімы? Вера Буланда — госьцяй «Вольнай студыі».

— Спадарыня Вера, раскажыце трошкі пра сябе. Ведаю, што вы нарадзіліся ў Маскве, але ў школу хадзілі ў вёсцы Мсьціж на Барысаўшчыне...

— Так, паводле нараджэньня я — масквічка. Мой бацька і яго старэйшы брат жылі ў Маскве. А іх маці, мая бабуля Сьцепаніда, крыўдавала на іх за гэта. І бацька згадзіўся пераехаць, каб дапамагаць па гаспадарцы, бо не было каму хадзіць з касой, за плугам. Вось мы і пераехалі, і я пайшла ў першую клясу ў Мсьціжы Барысаўскага раёну (школа, дарэчы, была расейскамоўнай). Пасьля яе заканчэньня — пэдінстытут, там — тэатар «Жывое слова» пад кіраўніцтвам Андрэя Каляды, потым — Віцебшчына, настаўніцкая праца, замуства, двое сыноў. Выдала дванаццаць кніг, з 2006 году зьяўляюся сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

— Дык што здарылася? Чаму вас высяляюць з кватэры, у якой вы пражылі дванаццаць гадоў?

— У 2001 годзе я прыехала ў Менск, выйшла замуж за Ўладзімера Казакова, зь якім мы пражылі чатыры гады. Муж часта хварэў, і ў 2006-м яго ня стала. У тым жа 2006 годзе я даведалася, што выйшаў указ аб высяленьні людзей з сацыяльных кватэраў. А ў нас была сацыяльная — муж атрымаў па хваробе. Указ выйшаў у сьнежні 2005 году, але ў сілу ўступіў з 8 красавіка 2006-га, пасьля сьмерці мужа, асноўнага наймальніка. Нягледзячы на гэта, я вырашыла будавацца і падала ў Фрунзэнскі райвыканкам заяву на паляпшэньне жыльлёвых умоваў. Хоць юрыст у ЖРЭА мне сказаў: навошта гэта вам? Хутка вы пойдзеце на пэнсію, і вас ніхто не зачэпіць. Я не паслухалася і ўсё ж падала заяву. І мне прыйшоў адказ за подпісамі Жамойцінай і Жадзько: «Адмовіць у сувязі з забясьпечанасьцю агульнай плошчай жылога памяшканьня больш за 15 мэтраў на аднаго чалавека». Што з гэтага вынікала? Мне забаранілі будавацца, значыць, я павінна астатняе жыцьцё правесьці ў гэтай кватэры. І раптам у 2009 годзе мне прыходзіць ліст са ЖРЭА аб высяленьні. Я пайшла ў райвыканкам і пытаюся: чаму ж мне тры гады таму не далі будавацца? — Хто адмовіў? — Жамойціна і Жадзько. Чыноўнікі толькі плячыма паціснулі.

Настаўніцкай пэнсіі на новую лядоўню

Настаўніцкай пэнсіі на новую лядоўню



— Дык чаму суд не ўлічыў гэткіх неправамоцных дзеяньняў выканкамаўскіх чыноўнікаў? Як увогуле праходзіла судовае разьбіральніцтва?

— Мне адзін з выканкамаўскіх чыноўнікаў прызнаўся па сакрэце, што Фрунзэнскаму выканкаму дадзена ўказаньне кроў з носу «знайсьці» 20 кватэраў — вось яны і шукаюць... Калі мяне выклікалі ў суд 8 лістапада 2012 году, адвакат Тацьцяна Самосік ад майго імя падала неабходныя зьвесткі. Што мой муж памёр 22 сакавіка 2006 году — гэта значыць, да ўступленьня ўказу ў сілу. Значыць, правы і абавязкі, зьвязаныя з карыстаньнем спрэчнай кватэрай, таксама ўзьніклі да таго, як указ пачаў дзейнічаць. Відавочна, што ён ня можа прымяняцца пры падпісаньні са мной дамовы аб найме сацыяльнага жыльлёвага памяшканьня. А менавіта таму дамова аб найме павінна мець бестэрміновы характар... Суд доўжыўся паўтара году. Кожнага разу я і мой адвакат зьвярталіся да судзьдзяў з пытаньнем: чаму вы так павялі справу? Нават пракурор Дзьмітры Раманюк некалькі разоў зьвяртаўся да юрыста са ЖРЭА: «А калі б гэтага ўказу не было, вы высялялі б Веру Аляксандраўну?» — «Не.» — «Дык чаму ж вы яе высяляеце?» Пасьля такіх пытаньняў пракурора я па сваёй наіўнасьці верыла, што справа будзе выйграная. І раптам — такое рашэньне. 19 сьнежня судзьдзя Алена Асіпенка ў прысутнасьці пракурора зачытала рашэньне пазбавіць мяне менскай прапіскі, выселіць з кватэры і спагнаць зь мяне 780 000 рублёў. Я ім кажу: «Вы ж ходзіце пад Богам, відаць, храм наведваеце, чаму ж вы ідзяце супраць закону, супраць чалавека?» Выходзіць, загадалі выканкаму знайсьці 20 кватэраў, выканкам націснуў на суд, а суд — як у той «Пінскай шляхце»...

— Вам прапанавана пасярод зімы выселіцца проста на вуліцу? Ці ў вас ёсьць яшчэ нейкая дадатковая жылплошча?

— Чыноўнікі шукалі тую жылплошчу і ў Менску, і ў іншых гарадах. У мяне толькі старая хата ў вёсачцы ў чарнобыльскай зоне, адкуль мы дзяцей пастаянна вывозілі на аздараўленьне, дзе закапаныя ўсе калодзежы. Калі там не працуе ваданапорная вежа, то вёска застаецца без вады. І мне, былой настаўніцы вышэйшай катэгорыі, пісьменьніцы, пэнсіянэрцы, трэба туды ехаць жыць. У зону, дзе хварэў мой сын, якога я лячыла ў Нямеччыне, у зону, дзе не было ніводнага здаровага дзіцяці... У 2006 годзе я заняла сярод настаўнікаў Фрунзэнскага раёну першае месца. Тыя ж чыноўнікі, якія падпісвалі мне ганаровыя граматы, якія паціскалі мне руку, сёньня мяне пазбаўляюць кватэры. Ім напляваць на маю годнасьць, на тое, што я была лепшай настаўніцай Беларусі, пра мяне нават фільм зьнялі — «Сэрца аддаць дзецям»... І вось сёньня я апынулася ў такой сытуацыі...

Узнагароды за пэдагагічныя дасягненьні

Узнагароды за пэдагагічныя дасягненьні



— Што вы думаеце рабіць? Пакідаць кватэру, ці зьвяртацца ў вышэйшыя судовыя інстанцыі — змагацца да апошняга?

— Я проста вымушаная змагацца да апошняга, бо ў той вёсцы жыць немагчыма. Асабліва ўзімку. А калі прыйдуць міліцыянты і проста выкінуць на вуліцу, то куды я падзенуся... У мяне сэрца разарвецца... Ніхто нават не ўяўляе, як мне апошнім часам жывецца... Я штодня прымаю лекі, на аптэку і суды аддаю апошнія грошы. Добра, што я — аптыміст, дык бяру сябе за валасы і выцягваю, але мяне ўжо не хапае... Сябры, вядома, падтрымліваюць. Літаральна ўчора мне тэлефанавала Алена Сымонаўна Васілевіч, наша старэйшая пісьменьніца, на чыіх кнігах вырасла некалькі пакаленьняў, і я ў тым ліку. Калісьці яна кіравала часопісам «Работніца і сялянка». Дык прыгадала, што ў той час можна было абараніць перад несправядлівасьцю любую жанчыну ў Беларусі. І цяпер яна, сама нездаровая, маючы за 90, хвалюецца, ці абароніцца Вера Буланда.

— Вы ўваходзіце ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў, актыўна займаецеся грамадзкай дзейнасьцю, друкуецеся ў незалежных СМІ, у той жа «Народнай волі». Ці магло ўсё гэта паўплываць на рашэньне выканкаму і суду?

— Усё магчыма. Калі я ўступала ў Саюз пісьменьнікаў, якраз улада адбірала Дом літаратара. І сёньня ў тым забраным доме знаходзімся ня мы, яго гаспадары, ня наш Саюз пісьменьнікаў, дзе такія выдатныя імёны. Наш саюз выгналі прэч, падзялілі на дзьве арганізацыі... Гэта вельмі крыўдна. У нашай краіне гэта зрабілася ледзь не заганнай традыцыяй — выкінуць з дому. Выкінулі з Дому літаратара Саюз пісьменьнікаў, цяпер саміх пісьменьнікаў выкідаюць зь іхных дамоў. Гэта гучыць дзіка, але так ёсьць.

— У сваім самадзейным тэатры вы рыхтуеце пастаноўку пра Кастуся Каліноўскага — па п’есе Ўладзімера Караткевіча. Прабачце, не магу не спытацца: ці адбудзецца абяцаная прэм’ера ў сакавіку, улічваючы вашу праблему з жытлом?

— Вельмі хочацца, каб гэтая прэм’ера адбылася. Я цяпер жыву ня толькі п’есай пра Каліноўскага. Я ўжо восем гадоў адчуваю сябе гераіняй купалаўскай драмы «Раскіданае гняздо». Я сябе адчуваю гераіняй «Пінскай шляхты» Дуніна-Марцінкевіча, дзе гаворыцца: «Плаці за тое, што бачыў бойку, і за тое, што ня бачыў». Я таксама за ўсё плачу... На судах я некалькі разоў казала пракурору: падыміце вочы ад стала і скажыце, ці чыталі вы п’есу Астроўскага «Без віны вінаватыя»? Вось я перад вамі, невінаватая, растлумачце мне маю віну. І пракурор, і судзьдзя, і прадстаўнік ЖРЭА апускалі вочы ў стол... Мяне брат і сястра, якія жывуць у Маскве, даймалі: у вас у Беларусі такі справядлівы прэзыдэнт, зьвярніся да яго, ён разьбярэцца... Я напісала скаргу на Фрунзэнскі райвыканкам на імя прэзыдэнта. А з прэзыдэнцкай адміністрацыі яе пераслалі на разгляд у... Фрунзэнскі райвыканкам. Атрымалася, што скаргу на сябе яны самі і разглядалі.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG