Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Таямнічае вяртаньне «дагестанскага раба» ў Беларусь


Жыхар Краснапольскага раёну Аляксандар Шаўцоў вяртаецца на радзіму зь нявольніцтва ў Дагестане.

16 студзеня Аляксандар тэлефанаваў і казаў пра вяртаньне маці — Лідзіі Шаўцовай. Жанчына адмаўляецца гаварыць пра дзень сынавага вяртаньня. Кажа, што нехта ёй тэлефанаваў і прасіў не паведамляць пра гэта. Лідзія Іванаўна непакоіцца, што пагутарыўшы з журналістамі, яна нашкодзіць сыну.

Беларускія праваабаронцы таксама пакуль не даюць камэнтароў пра вяртаньне Аляксандара Шаўцова. Кажуць, што сытуацыю кантралююць.

З іншых крыніц вядома, што Аляксандар Шаўцоў нібыта вяртаецца з Расеі 17 студзеня праз Магілёў.

Лёс Аляксандра Шаўцова пасьля публікацыі на сайце «Свабоды» пра ягонае нявольніцтва высьвятляла Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Аляксандр Шаўцоў, са слоў ягонай маці, зь лета мінулага года быў ў працоўным рабстве на цагляным заводзе ў Дагестане. З канца сьнежня 2013 года ён знаходзіўся ў адной з дагестанскіх вёсак і чакаў дапамогі з радзімы, каб вярнуцца назад у Беларусь. Лідзія Шаўцова казала, што сын спрабаваў уцячы зь няволі ў Дагестане, але дабрацца здолеў толькі да Астрахані. Адтуль яго вярнулі ў Дагестан.
XS
SM
MD
LG