Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Справу менскага «пэдафіла са стажам» расьсьледавалі 3 гады


У Менску асуджаны пэдафіл, па справе якога праходзяць дзясяткі пацярпелых, а яшчэ больш адмовіліся даваць паказаньні. Адмыслоўцы кажуць пра ўсплёск гэтага віду злачыннасьці, які абумоўлены, апроч іншых, і сацыяльнымі прычынамі.

Фрунзенскі суд Менску асудзіў на 17 гадоў зьняволеньня пэнсіянэра, які шмат гадоў гвалціў дзяцей і падлеткаў. Суд улічыў вялікую колькасьць ахвяраў і тое, што для злачынцы гэта ўжо трэцяя судзімасьць. Сьледзтва і суд над «пэдафілам са стажам» цягнуліся 3 гады. Разам з асуджаным у справе фігуруе яшчэ адзін падазроны, справу якога яшчэ дасьледуюць. Пэдафіл і ягоны падзельнік, паводле сьледзтва, гвалцілі дзяцей і падлеткаў у гаражы, прыстасаваным пад майстэрню. Ахвярамі станавіліся ў асноўным дзеці з праблемных сем’яў, выхаванцы дзіцячых дамоў і прытулкаў. Дзяцей заваблівалі каго нібыта бясплатнымі трэніроўкамі на ровары, каго падарункамі ці грашыма. Чыніліся злачынствы ў Менску, паведаміў прэсавы сакратар МУС Канстанцін Шалкевіч:

«Той, які асуджаны, ён зь Менску, а пра другога не скажу адкуль, хоць ведаю. Той ня зь Менску. Але дакладна не скажу, пакуль яго не асудзяць».

Справы пэдафілаў усё часьцей трапляюць у суды і зводкі інфармацыйных паведамленьняў. Унушальнай стала і статыстыка гэтага віду злачынстваў: летась, паводле МУС, было ўчынена 110 злачынстваў, зьвязаных з пэдафіліяй, у тым ліку 56 цяжкіх і асабліва цяжкіх. Але ў справе менскага «пэдафіла са стажам» зьдзіўляе найперш вялікая колькасьць ахвяраў: паводле суду — каля 40, але паводле сьледчых — некалькі соцень. Разыходжаньне адмыслоўцы тлумачаць тым, што большасьць пацярпелых у такіх справах адмаўляюцца даваць паказаньні, тым больш сьведчыць у судзе.

Паводле апошніх дадзеных, у Беларусі каля 30 тысяч непаўналетніх сірот, якія жывуць у сацыяльных установах: дзіцячых дамах, інтэрнатах, дзіцячых прытулках. Хоць штогод беларусы і замежнікі ўсынаўляюць каля тысячы дзяцей, агульная колькасьць сірот не зьніжаецца.

Дадзеныя міліцыі пацьвярджаюць, што найчасьцей ахвярамі пэдафілаў становяцца сіроты ці дзеці з праблемных сем’яў. Хіба сацыяльныя службы, якія апякуюцца такімі дзецьмі, не рыхтуюць іх да магчымай сустрэчы з гвалтаўніком?

Галіна больш за 10 гадоў працуе ў сацыяльна-пэдагагічным прытулку на Гарадзеншчыне. Паводле яе, выхавацелі ў прытулку спрабуюць азнаёміць дзяцей зь небясьпекай стаць ахвярай гвалту:

«Мы іх папярэджваем, што ня трэба размаўляць з чужым чалавекам, які зь імі на вуліцы спрабуе загаварыць ці нешта прапаноўвае. Не садзіцца ў аўтамабіль зь незнаёмцам. Але пераважна гэта праца псыхолягаў, бо яны больш вывучаюць дзяцей, іх страхі і схільнасьці».

Паводле назіраньняў Галіны, сірот і дзяцей з праблемных сем’яў становіцца ўсё болей, і менавіта гэтыя дзеці горш падрыхтаваныя да дарослага жыцьця:
З праблемных сем’яў у нас вельмі шмат дзяцей. Зь імі нібыта працуюць псыхолягі ў школах, але дрэнна працуюць

«Найперш гэта недапрацоўка псыхолягаў. З праблемных сем’яў у нас вельмі шмат дзяцей. Зь імі нібыта працуюць псыхолягі ў школах, але дрэнна працуюць. Школы часта ня хочуць паказваць, што ў іх ёсьць дзеці з праблемных сем’яў. Між тым пераважна такія здарэньні адбываюцца якраз зь дзецьмі без нагляду, якія бадзяюцца дзе хочуць. Зараз у нас будзе папаўненьне ў сувязі з гэтай гісторыяй пра менскага пэдафіла. У нас летась было гвалтаваньне дзяўчынкі ў сям’і, дык пасьля гэтага пачалі да нас накіроўваць шмат дзяцей. У групе стала 18 дзяцей, хоць павінна быць 7. Добра гэта ці дрэнна, што ў нас стане больш дзяцей у прытулку? Усё ж дрэнна. Бо лепш працаваць зь дзецьмі менавіта ў сям’і, пакуль яна ёсьць. Кантраляваць бацькоў, зьвязвацца з працай маці, калі маці яшчэ працуе, каб дапамагаць дзецям».

Галіна мяркуе, што інфармацыя пра сацыяльна небясьпечныя сем’і паступае ў органы апекі позна, калі фактычна сытуацыю ўжо ня выправіць. Бо дзеці, якія ўжо пачалі весьці антысацыяльны лад жыцьця, цяжка перавыхоўваюцца. «Напэўна, ня хочуць папяровай валакіты і баяцца сапсаваць статыстыку», — кажа суразмоўца.

Выхавацель сацыяльна-пэдагагічнага прытулку зарабляе за месяц 2 мільёны 100 тысяч — 2 мільёны 300 тысяч рублёў, псыхоляг з надбаўкамі — усяго на 300 тысяч болей. З-за нізкіх заробкаў у сацыяльных дзіцячых установах вялікая цякучасьць кадраў, што таксама не спрыяе добраму выхаваньню і падрыхтоўцы дзяцей да праблемаў дарослага жыцьця.
XS
SM
MD
LG