Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зьнянацку праверыць войска


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка загадаў зрабіць раптоўную праверку войска. Такую задачу ён паставіў, прымаючы 16 студзеня дзяржсакратара Савету бясьпекі Аляксандра Мяжуева.

Лукашэнка кажа, што войска «прыйдзецца сур’ёзна праверыць». Ён адзначыў, што «недатыкальных у краіне няма»:

«Гэта не павінна быць фармальным, гэта павінна быць вельмі сур’ёзна. Мы не для паказухі гэта робім, дый грошай у нас няма, каб займацца паказухай. Таму, зыходзячы з гэтых крытэраў, я хацеў бы пачуць, як і што мы будзем рабіць. Натуральна, гэтая размова павінна быць закрытай, бо гэта раптоўная праверка і ніхто ва Ўзброеных сілах пра гэта ведаць не павінен. Усе матэрыялы і рашэньні, якія будуць прынятыя сёньня і надалей да праверкі, павінны насіць абсалютна закрыты характар».

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін
Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін мяркуе, што калі гэта будзе сапраўды раптоўная праверка, то яна дазволіць вызначыць узровень боегатоўнасьці. Ён мяркуе, што кіраўнік краіны зможа зрабіць высновы, якія падразьдзяленьні можна скараціць і каго з каманднага складу звольніць.

«Бо на ўсё грошай не хапае, і давядзецца выбіраць, мяняць структуру войска. З такім эканамічным станам нават тую колькасьць войска, якая ў нас ёсьць, мы ўтрымліваць ня ў стане. Пытаньне стану войска, яго ляяльнасьці адносна прэзыдэнта — гэта важнае пытаньне перад пачаткам электаральных кампаніяў», — кажа Алесін.

Аднак сэнс у раптоўнай праверцы ёсьць тады, калі пра яе ніхто ня ведае, адзначае Алесін:

«Я памятаю практыку савецкіх часоў, калі пра раптоўную праверку даведваліся загадзя і перад абвяшчэньнем трывогі вайскоўцы, як кажуць, „рабілі боты“ і чакалі яе абвяшчэньня. А наконт рэальнай раптоўнасьці, як гэта было 22 чэрвеня 1941 году, мне цяжка сказаць, калі былі насамрэч рэальныя праверкі. Калі яна будзе сапраўды рэальная, то гэта будзе вялікая карысьць: мы нарэшце даведаемся, на што войска здольнае».

Карэспандэнт: «Рэальнай раптоўнай праверкай быў, да прыкладу, швэдзкі мядзьведжы дэсант».

Алесін: «Вы правільна заўважылі. Асабліва для войскаў СПА гэта самае галоўнае, бо яны першыя сустрэнуць непрыяцеля. Таму калі праводзіць праверку, то гэта войскам СПА і ВПС. І такую праверку з боку швэдзкага самалёціка мы бачылі. І яна аказалася ня вельмі. Можа, цяпер вынікі будуць лепшыя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG