Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава шукае грошы ў кішэнях аўтасьлесараў


Малыя СТА пад пагрозай закрыцьця. Каб жа не давялоася рамантаваць машыну саматугам

Малыя СТА пад пагрозай закрыцьця. Каб жа не давялоася рамантаваць машыну саматугам

йПрацаўнікі станцыяў тэхнічнага абслугоўваньня ў Горадні пачалі зьбіраць подпісы супраць увядзеньня з 1 студзеня новага адзінага падатку на прызнаны даход (так званы «вменённый»). Малыя СТА у выніку ўвядзеньня гэтага падатку апынуліся пад пагрозай закрыцьця.

На адну з аўтазаправачных станцыяў Горадні сёньня зьехаліся тыя, хто займаецца рамонтам і тэхнічным абслугоўваньнем аўтамабіляў. Ставілі подпісы пад патрабаваньнем у абласны Савет і Адміністрацыю прэзыдэнта — перагледзець зьмены ў падатковым заканадаўстве.

Новы падатак у Горадні закранае пераважную большасьць СТА, на якіх працуе да 15 чалавек. Цяпер уласьнікам, незалежна ад задэкляраванага прыбытку, дадаткова на кожнага працаўніка давядзецца штомесяц плаціць 1,3 мільёна рублёў.

Спадар: «Да прыкладу, у мяне на СТА працуе 6 чалавек разам з дырэктарам, то для нас падатак узрастае недзе ў тры разы. Калі я плаціў ад 9 да 14 мільёнаў у квартал, то зараз давядзецца плаціць 8 мільёнаў у месяц».

Са зьдзіўленьнем людзі ўспрынялі і тое, што падатак павінен плаціцца абавязкова за ўсіх працаўнікоў, нават тых, якія не прыносяць прыбытку. Кажа бухгальтарка адной з СТА:

«Дырэктар і бухгальтар не прыносяць прыбытку, але яны абавязаныя быць на фірме, бязь іх яна ня можа існаваць. Падатак цяпер непад’ёмны, і выйсьце толькі ў тым, калі ўлады яго перагледзяць. Інакш давядзецца зачыняцца, бо сэнсу няма працаваць са стратамі».
Падатак цяпер непад’ёмны, і выйсьце толькі ў тым, калі ўлады яго перагледзяць. Інакш давядзецца зачыняцца

Яшчэ людзей абурыла тое, што ўвядзеньне новага падатку было падпісана 31 сьнежня і загадзя пра гэта іх ніхто не папярэдзіў. Адзін з спадароў зазначае, што, уводзячы новы падатак, улады змагаюцца з тымі, хто і так плоціць падаткі, але гэта аніяк не закранае нелегальны бізнэс у гэтай сфэры:

«І зноў-такі: „ценевікі“ як не плацілі, так і ня будуць плаціць. А зарэгістраваныя СТА, якія і так плацілі падаткі, будуць плаціць яшчэ болей. У выніку — мы яшчэ больш будзем саступаць у канкурэнцыі „ценевікам“».

Адзін з спадароў, які займаецца шынамантажом, кажа, што разам зь ім на ягонай фірме працуюць тры чалавекі. Ён, маўляў, таксама круціць гайкі. Але з увядзеньнем новага падатку існаваньне фірмы пад пагрозай:

«Тое, што я зарабляю ў сэзон, потым трачу па-за сэзонам. У мяне нават прыбытку няма, і я не магу зрабіць нармальны заробак. А цяпер, калі дабавіцца і гэты падатак, то ў мяне яшчэ 12 мільёнаў вылятае. Выходзіць, што давядзецца аднаго скарачаць альбо наагул зачыняць фірму, інакш нічога не атрымаецца».

Спадарыня дадае: «Калі зачыніцца частка СТА, то ізноў вернуцца чэргі. І цэны на рамонт і абслугоўваньне аўта значна падымуцца».

Спадар: «З такімі падаткамі не пацягнем мы. І людзі не дадуць рады працаваць. Вялікія станцыі, дзе працуюць больш за 15 чалавек, — яны застануцца. А такія, як у мяне, дзе толькі два работнікі, а я трэці, — яны папросту зьнікнуць».
XS
SM
MD
LG