Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дызайнэрскія наркотыкі могуць замяніць «шырку»


Мак цьвіце
Мак цьвіце

З 1 лютага пачынае дзейнічаць дэкрэт № 1 «Аб некаторых пытаньнях дзяржаўнага рэгуляваньня абароту насеньня маку», які ўвядзе комплекс захадаў, скіраваных на спыненьне бескантрольнага ўвозу ў Беларусь насеньня маку і яго распаўсюду.

Аптовы гандаль макам дазваляецца толькі арганізацыям, упаўнаважаным урадам. Забараняецца продаж насеньня маку ў кіёсках і на рынках. Для афіцыйнага продажу ўводзіцца адмысловая ўпакоўка ня больш як на 200 грамаў. За парушэньне гэтай меры будзе накладацца штраф звыш 9 тысяч даляраў у эквіваленце і канфіскацыя сродку перавозкі. Юрыдычныя асобы, якія будуць захоўваць ці перамяшчаць мак з парушэньнямі, будуць аштрафаваныя на суму 40 тысяч даляраў.

Журналіст Яўген Валошын, які ўжо некалькі гадоў робіць журналісцкія расьсьледаваньні працэсу бескантрольнага продажу неапрацаванага маку («бубак»), зь якога наркаманы вараць рэчыва для іньекцыяў («шырку»), лічыць, што дэкрэт манапалізуе гандаль макам, а гэта будзе мець станоўчы эфэкт на наркасытуацыю ў Беларусі.

Яўген Валошын
Яўген Валошын
«Вядома, першапачаткова меры, якія плянавалася ўнесьці ў дэкрэт, былі больш жорсткімі. Але на справе для фізычных асобаў штрафы аказаліся істотна меншымі. Праўда, для юрыдычных асобаў яны будуць досыць высокімі. Я лічу, што дэкрэт можа быць вельмі эфэктыўны толькі ў тым выпадку, калі міліцыя кажа праўду пра тое, што ўсе так званыя макавыя барыгі, гандляры — „пад каўпаком“. Калі гэта так і ёсьць, то з 1 лютага ўжо можна будзе сачыць за дзейнасьцю гэтых гандляроў, і, адпаведна, яны ня змогуць больш гандляваць. Усё ж схаваць мяхі з макам — гэта ня тое, што схаваць пакецік з гераінам. Таму тэарэтычна, калі ў дэкрэце не схаваны нейкі падвох, якога я пакуль ня бачу, гэтаму бізнэсу сапраўды можа прыйсьці канец. Я быў вельмі задаволены і лічу, што дзяржманаполія ў гэтай сытуацыі — найлепшая мера», — кажа Яўген Валошын.

Разам з тым журналіст зазначыў, што макавую «шырку» вельмі лёгка замяніць іншым наркотыкам. На жаль, у Беларусі ўжо досыць распаўсюджаныя наркотыкі хімічнага паходжаньня, якія таксама называюць «дызайнэрскімі».
«Крышталь» па сваім узьдзеяньні ён яшчэ страшнейшы і выклікае большую залежнасьць, а таксама параною і псыхічныя парушэньні

«Каля 150 тысяч людзей у Беларусі колюцца „шыркай“ з насеньня маку. Цяпер ёсьць спадзеў, што ня будзе прадавацца мак, але, на жаль, ужо зьявіліся наркотыкі-аналягі, на якія гэтыя залежныя змогуць „перасесьці“. Гэта сынтэтычныя псыхатропы, вядомыя таксама як „дызайнэрскія наркотыкі“. Гэта парашкі, якія ў народзе называюць „крышталь“. Гэты „крышталь“ можна ўзяць і разбоўтаць у звычайнай пітной вадзе, пасьля чаго ён гатовы для ўнутрывеннага спажываньня. Гэты наркотык можа замяніць „шырку“ з макавага насеньня, але па сваім узьдзеяньні ён яшчэ страшнейшы і выклікае большую залежнасьць, а таксама параною і псыхічныя парушэньні», — апавядае Яўген Валошын.

Хімічныя наркотыкі вырабляюцца ў Кітаі, адкуль пастаўляюцца па ўсім сьвеце. У кітайскіх лябараторыях ствараюцца рэчывы, якія трапляюць на рынак пад пэўнай назвай. Праходзіць некалькі месяцаў, пакуль у той ці іншай краіне рэчыва ўнясуць у пералік наркатычных сродкаў. Продаж спыняецца, але тут на рынак прыходзіць рэчыва з трошкі зьмененай формулай і пад іншай назвай. Пакуль яго заўважаць і ўнясуць у сьпіс наркотыкаў, зноў мінае даволі працяглы час, і цягам усяго гэтага часу наркотык фігуруе на рынку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG