Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тадэвуш Гавін напісаў кнігу пра тое, як жылося палякам у БССР


Тадэвуш Гавін

Тадэвуш Гавін

Сёньня ў Горадні адбудзецца прэзэнтацыя кнігі на польскай мове «Быць палякам. Палякі ў БССР, 1944–1991».

Яе напісаў ганаровы старшыня Саюзу палякаў гарадзенец Тадэвуш Гавін. Кніга прысьвечана становішчу палякаў у пасьляваенны час у БССР. Аўтар піша пра тое, як вырашалася пасьля вайны польскае пытаньне савецкай уладай, як адбывалася змаганьне з рэшткамі Арміі Краёвай, закрыцьцё польскіх школ, перасяленьне ў Польшчу тых, хто меў польскае грамадзянства да 1 верасьня 1939 году.

Тадэвуш Гавін зазначыў Свабодзе, што дзякуючы Праграме польскага ўраду імя Кастуся Каліноўскага яму ўдалося папрацаваць у маскоўскіх архівах і скончыць кнігу. Што да архіваў беларускіх, то часам узьнікалі праблемы:

«Цяжкасьці заўсёды ёсьць. Ня ўсе матэрыялы рассакрэчаныя. Напрыклад, не дапусьцілі мяне да працы ў архіве МУС у Горадні, далі адказ, што яны ня маюць ніякіх дакумэнтаў, якія мяне цікавяць. Хоць я бачыў, што іншыя навукоўцы, якія працуюць у дзяржаўных вучэльнях, гэтыя матэрыялы выкарыстоўвалі».

Як сьведчаць прадстаўленыя ў кнізе архіўныя матэрыялы, вялікая частка беларускага насельніцтва імкнулася скарыстаць сваё даваеннае грамадзянства, каб не застацца ў СССР. Напрыклад, у цяперашняй Віцебскай вобласьці, у Шаркоўшчынскім раёне ў адным сельсавеце сабралася каля сотні жанчын і «грамадзянка Васючонак» заклікала іх: «Жанчыны, падыміце рукі, мы ўсе полькі і павінны выехаць у Польшчу».

Аднак каму даць дазвол — вырашалі камісіі. Калі б выпускалі ўсіх ахвотных, то цэлыя раёны (пасьля вайны яны былі драбнейшыя, іх было больш) страцілі б нямала насельніцтва. Тадэвуш Гавін піша ў кнізе:

«Найбольш актыўна палякі запісваліся на выезд у Гарадзенскай вобласьці. Гэта, у сваю чаргу, ставіла пад пытаньне выкананьне дзяржаўных плянаў у сельскай гаспадарцы і прамысловасьці».

«Каб зьменшыць хвалю выездаў», ад выяжджаючых сталі патрабаваць даведкі аб выкананьні плянаў здачы сельгаспрадукцыі, дрэва, сплаце ўсіх падаткаў, піша аўтар.

З сабой у Польшчу было дазволена браць жывёлу. Да 15 чэрвеня 1946 году, хто ад’яжджаў, забралі з сабой амаль 25,5 тысячы коней, удвая болей кароў і амаль 48 тысяч авечак і коз.

Тадэвуш Гавін падрабязна разьбірае, як НКВД, затым МДБ праводзілі ліквідацыю падпольля «Арміі Краёвай». Дзеля гэтага стваралася агентурная сетка. Аўтар сьцьвярджае, што ў кожнай вялікай заходнебеларускай вёсцы быў інфарматар. У кнізе таксама прыводзяцца лічбы інфарматараў НКВД у 1945 годзе па ўсіх абласьцях. Найбольш іх было на Гомельшчыне і ва ўсходняй частцы БССР увогуле. Агулам па Беларусі — 8797.

«Ня ўсе завэрбаваныя хацелі працаваць», — зазначае Гавін: з шасьцідзесяці інфарматараў у Сапоцкінскім (сёньня — частка Гарадзенскага) раёне НКВД лічыла вартымі толькі пяць. З трыццаці двух у Бераставіцкім дзевяць не давалі ніякіх зьвестак. І ўсё ж агентурная сетка вельмі дапамагла НКВД у ліквідацыі групаў АК, піша аўтар.

Праца Тадэвуша Гавіна ўключае таксама значны (150 старонак) аповед пра савецкую палітыку адносна Польшчы з 1918 да 1944 году. Пры канцы ён піша пра стварэньне Саюзу палякаў Беларусі, пра імкненьне не спрачацца зь беларусамі, а супрацоўнічаць, у прыватнасьці з БНФ, каб не дапусьціць страты незалежнасьці Беларусі.

Кніга выйшла ў Беластоку пры фінансавай падтрымцы, у прыватнасьці, генэральнага консула Польшчы ў Горадні. У ёй 630 старонак.

XS
SM
MD
LG