Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайскі парк назвалі «Вялікім каменем»


Месца, дзе будуюць Кітайска-беларускі індустрыяльны парк

Месца, дзе будуюць Кітайска-беларускі індустрыяльны парк

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк атрымаў назву і 6 рэзыдэнтаў.

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк, што пад Смалявічамі, ужо сфармаваў сваю адміністрацыю і запусьціў сайт industrialpark.by. Згодна са зьвесткамі гэтага сайту, цяпер вядзецца прыём заяваў ад інвэстараў на атрыманьне статусу рэзыдэнта парку.

Адзначаецца, што юрыдычная асоба, якая плянуе рэалізаваць на тэрыторыі парку інвэстыцыйны праект, мае разьвіваць яго ў сфэрах электронікі, тонкай хіміі, біятэхналёгіяў, машынабудаваньня і новых матэрыялаў, а заяўлены аб’ём інвэстыцыяў у рэалізацыю інвэстыцыйнага праекту павінен скласьці ня менш за 5 мільёнаў даляраў ЗША.

Пра гэта, а таксама пра колькасьць кітайцаў, якія прыедуць пад Смалявічы, і пра тое, што цяпер адбываецца на тэрыторыі парку, Радыё Свабода распавёў кіраўнік адміністрацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку Аляксандар Ярмак.

Найперш спадар Ярмак адзначыў, што адміністрацыя плянуе адмовіцца ад доўгай назвы «Кітайска-беларускі індустрыяльны парк» на карысьць карацейшай — «Вялікі Камень», якая паўтарае назву адной з суседніх вёсак.

«Па-ангельску будзем называцца „Great Stone“. Але пакуль гэтая назва працоўная. Калі будзе ўнесеная адпаведная зьмена ва ўказ кіраўніка дзяржавы, то яна будзе выкарыстоўвацца на афіцыйным узроўні», — патлумачыў Аляксандар Ярмак.

Цяпер на тэрыторыі парку ніякіх будаўнічых працаў не вядзецца — найперш трэба стварыць зьнешнюю інжынэрную інфраструктуру, якая забясьпечыць тэрыторыю электраэнэргіяй, газам, тэлефоннай сувязьзю, стварыць сыстэму водазабесьпячэньня і каналізацыі.

«Сумесная кітайска-беларуская кампанія цяпер якраз займаецца будаўніцтвам інжынэрных сетак, а таксама дарог, вуліц, лініяў электрычнасьці, газу, сувязі, водазабесьпячэньня, каналізацыі. Цяпер ідзе праектаваньне гэтых інжынэрных камунікацыяў. Гэты працэс кантралюе адміністрацыя», — сказаў кіраўнік.

Паводле Аляксандра Ярмака, парк шчыльна працуе з 6 інвэстарамі, якія гатовыя заключыць пагадненьне аб рэзыдэнцтве.

«Я мяркую, што ў першым квартале гэтага году мы ўжо першых рэзыдэнтаў зарэгіструем. Гэтыя 6 інвэстараў, зь якімі мы шчыльна працуем і якія ўжо амаль цалкам падрыхтавалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі. Ёсьць інвэстары з Расеі, Беларусі, Эўропы. Таксама і з Кітаю».

На пытаньне пра колькасьць кітайцаў, якія будуць жыць і працаваць у «Вялікім Камені», кіраўнік адміністрацыі парку сказаў, што вакол гэтай тэмы існуе шмат непраўдзівых чутак:

«Кажуць, што 600 тысяч кітайцаў павінны прыехаць і засяліць індустрыяльны парк. Гэта поўнае глупства. Глядзіце, нават у падобнага кшталту кітайскіх індустрыяльных парках у Азіі і Афрыцы, дзе кітайцы ў дакумэнтах прапісалі, што ў парку могуць быць зарэгістраваныя толькі рэзыдэнты КНР, колькасьць кітайскіх спэцыялістаў складае ня больш за 20 працэнтаў. У нашых дакумэнтах прапісана, што рэгістравацца могуць як кітайскія, так і беларускія, расейскія, эўрапейскія, амэрыканскія рэзыдэнты. Таму з улікам генэральнага пляну, паводле якога праз 30 гадоў тут будзе экагорад з колькасьцю жыхароў 155 тысяч, тут ніякім чынам ня можа быць 600 тысяч кітайцаў. Я думаю, што іх будзе нашмат менш за 20 працэнтаў ад лічбы 155 тысяч. Тыя працы, якія вядуцца цяпер, выконваюцца сіламі „Менскэнэрга“, там працуюць беларусы».

Экагорад, які паўстане на тэрыторыі індустрыяльнага парку, паводле Аляксандра Ярмака, будзе пабудаваны такім чынам, каб побач з будынкамі разьмяшчаліся вялікія рэкрэацыйныя зоны. А дамы будуць не вышэйшымі за 12 паверхаў.

Побач з індустрыяльным паркам — некалькі заказьнікаў. Сярод іх Волменскі. Аляксандар Ярмак запэўнівае, што блізкасьць да індустрыяльнага цэнтру ніякім чынам не адаб’ецца на экалягічным стане навакольнага прыроднага асяродзьдзя:

«Калі тэрыторыя мае статус заказьніка, то яна падпадае пад дзеяньне адпаведных законаў пра ахоўныя прыродныя зоны. Гэтыя законы павінны выконвацца ўсімі, незалежна ад таго, ці гэта кітайска-беларускі парк, нейкі горад ці іншая тэрытарыяльная адзінка. Усе заказьнікі, якія ёсьць побач з паркам, будуць захаваныя», — запэўнівае Аляксандар Ярмак.

Таксама чыноўнік кажа, што канфлікт зь незадаволенымі жыхарамі вёсак і дачных пасёлкаў, на тэрыторыі якіх разьмесьціцца парк, вычарпаны.

«Нічога ня здарыцца з населенымі пунктамі. Як былі, так і застаюцца. Будуць разьвівацца згодна са сваімі плянамі. Больш за тое, вакол населеных пунктаў захоўваецца зялёная зона. А там, дзе яе няма, будуць высаджаныя зялёныя зоны шырынёй 80–100 мэтраў. Усё будзе ўпісвацца ў агульную структуру. Я думаю, што ўсе населеныя пункты ў канчатковым выніку будуць падключаныя да сыстэмы водазабесьпячэньня і сеткі каналізацыі індустрыяльнага парку. А што рабіць з кожным канкрэтным домам, будзе вырашаць кожны яго ўладальнік індывідуальна. Ён зможа яго захаваць, дабудаваць, прадаць, што заўгодна».

Жыхары вёсак і дач, якія апынуліся побач з кітайскім тэхнапаркам, баяцца пагаршэньня экалягічнай сытуацыі, зьнішчэньня лясоў. Яны шмат разоў пратэставалі, удзельнічалі ў слуханьнях, але ўлады пераконваюць, што ніякай шкоды ад парку ня будзе. Некалькі актывістаў суд пакараў за арганізацыю мітынгаў пратэсту супраць парку.

Андрэй Дзьмітрыеў, адзін зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду», якая актыўна ўдзельнічала ў сацыяльным пратэсьце супраць будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку, так камэнтуе сытуацыю:

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

«Чыноўнікі ўчынілі бунт супраць сваёй краіны Беларусі. Гэта здрада. Тое, што здарылася ў Смалявічах, — таму прыклад. Наступствы рашэньня будаваць гэты парк будуць катастрафічнымі для ўсяго рэгіёну. Замест разьвіцьця свайго бізнэсу і ўзмацненьня сваіх грамадзянаў мы атрымаем другасортныя тэхналёгіі, заснаваныя на інтарэсах іншых краінаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG