Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добрыя дзьве сотні людзей сабраліся 15 студзеня ў арт-кавярні Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі на адкрыцьцё чарговай выставы. Ажыятаж выклікала тое, што свае працы паказваў гомельскі мастак Валеры Ляшкевіч, які ўжо шмат гадоў ня мае ня тое што ўласнай майстэрні, але й даху над галавой. Такіх звычайна называюць бамжамі.

Да адкрыцьця выставы быў прымеркаваны паказ прысьвечанай мастаку дакумэнтальнай стужкі «Скрыжаваньне». Здымалася яна пад кіраўніцтвам рэжысэра Настасьсі Мірашнічэнкі мэтадам назіраньня на працягу году. Да сканчэньня паказу ўсе працы Валерыя Ляшкевіча былі схаваныя ад вачэй прысутных газэтнымі аркушамі. Фільм быццам бы ўвёў гледачоў у звыклы лад жыцьця мастака, які ў выніку выкрунтасаў лёсу апынуўся на вуліцы і сваім домам абраў гомельскі чыгуначны вакзал.

Валерыя Ляшкевіча нельга назваць мастаком-самавукам. Ён усё ж вучыўся ў мастацкіх вучэльнях Яраслаўля і Бранску, наведваў курсы пры Дзяржаўнай акадэміі жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Санкт-Пецярбургу. У канцы мінулага стагодзьдзя ягоныя пэрсанальныя выставы адбыліся ў розных расейскіх гарадах, пазьней — у Гомелі, творы мастака знаходзяцца ў фондах розных беларускіх музэяў і ў прыватных калекцыях.

Пры гэтым усе асабістыя рэчы мастака, ягоныя творы і прылады для творчасьці зьберагаюцца ў аўтаматычных камэрах захоўваньня на вакзале. Тут ён узімку і начуе, а летам — у гарадзкіх парках.

Валеры Ляшкевіч на Кіеўскім спуску ў Гомелі

Валеры Ляшкевіч на Кіеўскім спуску ў Гомелі



Мастак кіруецца прынцыпам: «Нельга рабіць тое, чаго не разумееш».

Ён ня любіць выставы, акрэсьліваючы такія мерапрыемствы як пампэзныя. Штотыдня ён ходзіць у лазьню — памыцца самому і памыць бялізну. Свае працы звычайна прадае на вуліцы, ладзячы своеасаблівыя выставы. Кажа: «Я — адзіны мастак, які гутарыць з гледачамі». І праўда, ён заўсёды знойдзе пра што пагутарыць з тымі, хто спыняецца каля ягоных незвычайных твораў, якія ён піша на тым, што трапіцца пад руку. Прадае іх па надта нізкіх коштах: ад 20 да 100 тысяч беларускіх рублёў. Праўда, папярэджвае, што большасьць зь іх — гэта копіі. А арыгіналы ўжо разьехаліся па розных краінах ды музэях.

Самы страшны для яго вораг — дождж. Тады і карцін ня выставіць (а гэта значыць — не зарабіць на фарбы, алоўкі ды вячэру), ні бялізну пасьля лазьні высушыць, ні зь людзьмі пагутарыць. Філёзаф у жыцьці і творчасьці, ён ня надта зважае на ўмовы, у якіх жыве і працуе. Ягоная тэма — уладкаванасьць сьвету, пытаньне выбару ўласнай пазыцыі ў ім. І калі партрэтныя малюнкі Валерыя Ляшкевіча па стылістыцы адсылаюць нас у 20-я гады мінулага стагодзьдзя, дык ягоныя філязофскія прытчы-малюнкі наводзяць на роздум пра будучыню.



Мікола Паграноўскі, цяперашні дырэктар гісторыка-культурнага музэю «Заслаўе», быў першым, хто зьвярнуў увагу на творчасьць Валерыя Ляшкевіча. Пазнаёміўся ён з мастаком у Санкт-Пецярбургу ў 1992 годзе. У 1996 годзе часопіс «Мастацтва» надрукаваў вялікі артыкул Паграноўскага, прысьвечаны творчасьці незвычайнага гомельскага мастака.

— Само жыцьцё Ляшкевіча — гэта ўжо ўнікальнасьць, — кажа Мікола Паграноўскі. — Можна параўноўваць яго з большасьцю айчынных мастакоў, якія нудзяць, што дзяржава ўвесь час ім нешта павінна: майстэрні, набываць творы, даваць ганаровыя званьні. Гэты ж чалавек ніколі не казаў, што дзяржава яму нешта павінна.

З вуснаў Міколы Паграноўскага ў фільме «Скрыжаваньне» прагучала слова «геніяльнасьць». Ён патлумачыў гэта наступным чынам:

— Усходнія мудрацы некалі казалі пра адрозьненьне проста таленавітага мастака ад мастака геніяльнага. Таленавіты чалавек — гэта той, хто лепш за іншых трапляе ў мішэнь. А геній — гэта той, хто трапляе ў тую мішэнь, якую ягоныя сучасьнікі яшчэ ня бачаць. Дык вось, тыя, хто цяпер жыве поруч зь Ляшкевічам, яшчэ не разумеюць, што ён робіць. Так, яму часам могуць сказаць нейкія абразьлівыя словы, але Валеры ніколі ні з кім ня сварыцца. Ён проста жадае данесьці да іншых тое, што ён мае на ўвазе і што паказвае ва ўласных творах.

Выстава твораў мастака будзе працаваць да 27 студзеня. Сам Валеры Ляшкевіч прысутнічаў на адкрыцьці ўласнай выставы ў Нацыянальным мастацкім музэі. Хочацца спадзявацца, што ён застаўся на ноч у Менску. Не на вакзале, а ўпершыню за многія гады меў магчымасьць паспаць на звычайным ложку.









Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG