Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Капскі хоча адлучыць ад футболу ўсіх, хто датычны да хабару


Анатоль Капскі

Анатоль Капскі

Кіраўніцтва футбольнага клюбу БАТЭ з Барысава зьбіраецца зьвярнуцца з хадайніцтвам у Беларускую фэдэрацыю футболу, каб тая правяла апэратыўнае і грунтоўнае расьсьледаваньне фактаў «незаконнага стымуляваньня» каманды-суперніка.

Са зваротам адпаведнага зьместу на сайце каманды выступіў старшыня праўленьня БАТЭ Анатоль Капскі.

Падставай да разбору стала інтэрвію цяперашняга галкіпэра каманды «Шахцёр» з Салігорску Юрыя Цыгалкі спартоваму інтэрнэт-рэсурсу Goals.by. У прыватнасьці, Цыгалка згадаў, што на фінішы сэзону 2006 году, калі ў Берасьці мясцовае «Дынама» гуляла са сталічнымі дынамаўцамі, барысаўцы прастымулявалі берасьцейцаў на патрэбны вынік:

«БАТЭ трэба было, каб менскае „Дынама“ страціла ачкі, — цытуе Goals.by тагачаснага брамніка „Дынама“ (Берасьце) Юрыя Цыгалку. — Перад матчам прыехалі людзі з Барысава, прастымулявалі. Сказалі проста: „Хлопцы, мы вас не пакрыўдзім. Аддзячым“. Матч завяршыўся зь лікам 0:0. БАТЭ стаў чэмпіёнам. Пасьля гульні нам перадалі абяцаныя грошы. Хлопцы іх падзялілі, атрымалася нешта кшталту 200 даляраў на чалавека».

У звароце да заўзятараў і футбольнай грамадзкасьці Анатоль Капскі сьцьвярджае, што нічога ня ведаў пра падобны факт, калі ён сапраўды меў месца. Таму кіраўнік БАТЭ просіць неадкладна распачаць расьсьледаваньне, якое б пацьвердзіла ці абвергла праўдзівасьць словаў Юрыя Цыгалкі:

«Адбылася вельмі непрыемная падзея ў жыцьці БАТЭ і маім асабіста. На адрас нашага клюбу высунутыя найсур’ёзныя абвінавачаньні, па нашай рэпутацыі нанесены моцны ўдар. Калі будзе даказана тое, пра што гаворыць Юры Цыгалка, перакананы: людзей, якія парушылі прынцыпы fair play, якія б значныя яны ні былі для гісторыі нашага клюбу, варта адлучыць ад футболу. Гэтым зваротам я хацеў бы пацьвердзіць непарушнасьць пазыцыі БАТЭ на захоўваньне прынцыпаў fair play у мінулым, цяпер і на будучае. Спадзяюся, ініцыяваны мной разбор узьнятага пытаньня кампэтэнтнымі органамі фэдэрацыі атрымаецца ўсебаковым і аб’ектыўным».

Пры гэтым выглядае, што яшчэ нядаўна «стымуляваньне» камандаў-суперніц не было чымсьці экстраардынарным. Сам Капскі ў сваім лісьце піша, што да афіцыйнай забароны «стымуляваньня» ў 2005 годзе ён як кіраўнік футбольнага клюбу лічыў, што стымуляваньне супернікаў на сумленную гульню не парушае прынцыпаў fair play. Таму шмат якія каманды нацыянальнага чэмпіянату гэты «інструмэнт» актыўна выкарыстоўвалі.

Калі прымалася рашэньне забараніць стымуляваньне, Капскі асабіста адстойваў сваю пазыцыю на выканкаме Фэдэрацыі футболу, але ў выніку быў вымушаны падпарадкавацца закону, якога «ўнутрана не разумее». Пасьля гэтага БАТЭ прыняў рашэньне аб непрымальнасьці любых захадаў, якія тычацца стымуляваньня іншых камандаў, у тым ліку з боку камандаў-суперніц.
XS
SM
MD
LG