Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат ЗША перасьцярог Януковіча ад гвалту


У сераду ў часе слуханьняў у сэнацкім камітэце па міжнародных адносінах амэрыканскія заканадаўцы папярэдзілі аб магчымасьці ўвядзеньня санкцый, у тым ліку, візавых абмежаваньняў супраць прадстаўнікоў украінскіх уладаў, якія маюць дачыненьне да перасьледу ўкраінскай апазыцыі.

«Камітэт не можа заставацца глухі да галасоў тых мужных людзей, чый парыў да свабоды прымусіў іх выйсьці на вуліцы»,— заявіў кіраўнік камітэта сэнатар-дэмакрат Робэрт Мэнэндэс. Ён папярэдзіў, што Сэнат ня будзе чакаць рэакцыі Белага Дома і будзе гатовы ўвесьці ўласныя санкцыі:

«Калі ўрад Януковіча будзе працягваць дзейнічаць супраць сваіх грамадзян, сьведкам чаго мы былі да гэтага часу, то я ня думаю, што мы будзем чакаць дзеяньняў Дзярждэпартамэнта і самі не разгледзім ўвядзеньне санкцый і адмовы ў выдачы візаў тым, хто мае дачыненьне да гэтых актаў»,— запэўніў Робэрт Мэнэдэс.

На слуханьнях у Сэнаце выступілі прадстаўнікі Дзярждэпартамэнта і былы дарадца прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Зьбігнэў Бжэзінскі. Памочнік дзяржсакратара Вікторыя Нуланд, якая двойчы сустракалася з удзельнікамі пратэстаў у Кіеве, заклікала Януковіча аднавіць перамовы з МВФ аб выдачы Ўкраіне новай пазыкі.

Зьбігнэў Бжэзінскі заўважыў, што ў рэчаіснасьці збліжэньне сувэрэннай, дэмакратычнай Украіны з Эўропай прывядзе да збліжэньня Расеі і Эўропы. Абарона эўрапейскага выбару Ўкраіны, паводле ягоных словаў, не зьяўляецца актам палітычнай вайны з Расеяй, гэта абарона рэальных доўгачасовых інтарэсаў самой Расеі.

Дзяржаўны дэпартамэнт і Агенцтва міжнароднага разьвіцьця ЗША разглядаюць зараз шляхі, як лепш падтрымаць грамадзянскую супольнасьць і сродкі масавай інфармацыі ва Ўкраіне і далей ўмацаваць вяршэнства права, заявіла ўчора памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША па эўрапейскіх і эўразійскіх пытаньнях Вікторыя Нуланд.

Яна зазначыла, што ЗША супрацоўнічаць з Эўрапейскім зьвязам, каб распаўсюджваць надзейную інфармацыю аб тым, што на самой справе азначае эўрапейская інтэграцыя для ўкраінскай грамадзкасьці, асабліва на Ўсходзе Ўкраіны, і супрацьстаяць ілжывым чуткам і распальваньню страхаў, дадала Нуланд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG