Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пана Тадэвуша» адцэнзуравалі


Тэатар Янкі Купалы
Тэатар Янкі Купалы

Сёньня ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы — прэм’ера. Мікалай Пінігін ставіць «Пана Тадэвуша» паводле знакамітае паэмы клясыка польскай і беларускай літаратуры Адама Міцкевіча. Аднак першыя гледачы ўбачылі ўжо адцэнзураваны спэктакль.

Умяшаньне ў вынашаную рэжысэрам гадамі і адшліфаваную чатырохмесячнымі рэпэтыцыямі канву новай эпічнай пастаноўкі купалаўцаў здарылася раптоўна.

Напярэдадні ўраньні адбылася генэральная рэпэтыцыя і нішто не вешчавала гвалту. Але ўчора ўвечары быў гэтак званы прагон спэктаклю, на які прыйшлі калегі купалаўцаў ці не з усіх іншых тэатраў, крытыкі, студэнты акадэміі мастацтваў і — чыноўнікі на чале зь міністрам культуры Барысам Сьвятловым. Публіка, што называецца, прафэсійная, амаль безэмацыйная.

Адчынілася заслона, і на сцэне паўстала велічная белая брама (мастак Зіновій Марголін). Яна нагадвала трыюмфальную арку Парыжу, на фоне якой амаль згубілася самотная постаць аўтара паэмы (актор Павал Харланчук-Южакоў). Цягам усяго спэктаклю гэтая брама не пакідала сцэны, але ў кожнай новай дзеі яна набывала іншы пазнавальны воблік, пераўтвараючыся то ў парадныя вароты шляхецкае сядзібы, то ў вастрабрамскія муры Вільні, то ў паўразбураныя вежы Мірскага замку. У нейкі момант, калі героі пачынаюць марыць пра адраджэньне былой велічы Вялікага княства Літоўскага, прасьвет белай брамы афарбоўваецца чырваньню. Сёньня ў гэтай сцэне ўжо аранжавае асьвятленьне.

Дзеяньне спэктаклю, як і паэмы Міцкевіча, пераносіць гледача ў 1811-1812 гады, час, калі шляхта захопленых Расеяй земляў Польшчы і ВКЛ зьвязвала вялікія надзеі на вяртаньне незалежнасьці з дапамогай войскаў Напалеона. Дзеля чаго яна адкінула спрадвечныя спрэчкі і звады ды гуртавалася ў шыхтах францускага імпэратара пад харугвамі з сваімі нацыянальнымі сымбалямі — польскага Арла, жмудзкага Мядзьведзя, ліцьвінскай Пагоні. Сёньня на сцэне ў руках актораў — на адну харугву меней. Здагадацца, якой няма, нескладана.

Прэм’ерныя спэктаклі «Пана Тадэвуша» заплянаваныя на 15, 16 і 17 студзеня. І яшчэ не вядома, якіх стратаў, апрача сёньняшніх, запатрабуюць цэнзары ад купалаўцаў заўтра і пасьлязаўтра. Магчыма, ім не спадабаецца сцэна ў пачатку, у якой студэнтка, захопленая лекцыямі Міцкевіча ў Каледж дэ Франс, паўтарае ягоныя словы: «На беларускай мове, якую называюць русінскай, альбо літоўска-русінскай... гаворыць каля дзесяці мільёнаў чалавек. Гэта самая багатая і чыстая гаворка, яна ўзьнікла даўно і цудоўна распрацавана. У пэрыяд незалежнасьці Літвы князі карысталіся ёю для сваёй дыпляматычнай перапіскі».

А магчыма, сцэна з наборам беларускіх хлопцаў у рэкруты расейскага войска, якіх афіцэр адразу ж выпраўляе на той сьвет, падасца шкоднай для цяперашняй зьнешняй палітыкі...

Адшукаць крамолу ў Міцкевіча гэтак сама лёгка, як і ў Купалы, «Тутэйшыя» паводле якога зьнялі з афішы галоўнай тэатральнай сцэны краіны чатыры гады таму. Зрэшты, ня будзем пра горшае. Можа быць, і цэнзары чыталі «Пана Тадэвуша» ў арыгінале ды ня змусяць рэжысэра перапісваць ўсясьветную клясыку.

Рэцэнзію тэатральнага крытыка Вячаслава Ракіцкага на спэктакль Купалаўскага тэатра “Пан Тадэвуш” чытайце на нашым сайце ў бліжэйшую пятніцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG