Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санітарка Жураўлёва ў судзе згадала больш, чым у Сьледчым камітэце


На працэсе над лекарамі мэдцэнтру «Экамэдсэрвіс», які працягнуўся 15 студзеня, выявіліся істотныя разыходжаньні паміж паказаньнямі асобных сьведак, дадзенымі падчас сьледзтва і ў судзе.

Гэтак, 15 студзеня давала паказаньні санітарка Людміла Жураўлёва, якая пра падзеі 26 сакавіка 2013 году, калі была зроблена апэрацыя Юліі Кубаравай, апавяла ў судзе нашмат больш, чым сьледчым 4 траўня.

У прыватнасьці, летась яна не паведаміла практычна ніякіх акалічнасьцяў, спаслаўшыся на тое, што як тэхнічны супрацоўнік не прысутнічала пры апэрацыі і нічога ня бачыла. Сёньня яна расказала, што падчас апэрацыі бачыла, як мэдсястра выбягала на пост і некаму тэлефанавала. Таксама згадала, што на замову прыносіла ў апэрацыйную прэпарат адрэналін.

Спадарыня Жураўлёва апавяла, што лекары і мэдсёстры, калі яна заходзіла ў апэрацыйную, стаялі і нічога не рабілі. Гэта, па яе словах, паўтарылася і тады, калі яна прыйшла ў апэрацыйную ўжо з адрэналінам. Сказала, што бачыла лекара-анастэзіёляга Аляксандра Шурава ў суседнім пакоі, а таксама тое, як адключалі трубкі ад пацыенткі пасьля апэрацыі. Сам Шураў адмовіўся камэнтаваць новыя зьвесткі, спаслаўшыся на падпіску аб неразгалошваньні.

Разыходжаньні выявіліся пасьля таго, як на прапанову судзьдзі былі зачытаныя яе паказаньні, дадзеныя падчас сьледзтва. Сьведка Людміла Жураўлёва сказала, што на яе ніхто ня ціснуў і не прымушаў падчас сьледзтва даваць пэўныя паказаньні. Проста зараз яна згадала больш, таму што ёй задавалі пытаньні.

Сваю забыўчасьць санітарка Жураўлёва патлумачыла тым, што на яе ў Сьледчым камітэце крычалі, і яна расхвалявалася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG