Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Многія абураюцца, што хакеісты з каманды прэзыдэнта атрымалі званьне залужаных майстроў спорту. Але цікава тое, што публіка даўно ўжо не абураецца самім фэномэнам спартыўных мерапрыемстваў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

З нармальнага гледзішча выглядае дзіўным, што гэтыя спаборніцтвы намаганьнямі дзяржаўных органаў становяцца падзеямі агульнанацыянальнага значэньня. За вялікія грошы запрашаюць вядомых спартсмэнаў. Каб зрабіць прэзыдэнту прыемна, запоўніць трыбуны, школьнікаў і студэнтаў здымаюць з заняткаў і шчыльнымі радамі пад кіраўніцтвам выкладчыкаў гоняць у Лядовы палац. На спаборніцтвах прысутнічае ўсё вышэйшае кіраўніцтва краіны. А на «Менскай лыжні» іх вымушаюць станавіцца на лыжы. Дзяржаўныя мэдыі на поўным сур’ёзе распавядаюць пра гэтыя падзеі як пра галоўныя палітычныя навіны. Напрыклад, ужо некалькі гадоў калядны хакейны турнір аматарскіх камандаў абвяшчаецца выбітнай спартыўна-палітычнай падзеяй. На гэтым тле зусім ня дзіва, што хакеісты з каманды прэзыдэнта атрымалі званьне заслужаных майстроў спорту.

У гэтых падзеях можна разгледзець адразу некалькі фэномэнаў. Найперш, гэта мэдыйная зьява. Клясычны прыклад, як з мухі робяць слана.

Другі момант. На гэтых прыкладах добра бачна, як грамадзтва прызвычаілася да абсурду, даўно лічыць гэта нормай. Ні выкладчыкі, ні студэнты не абураюцца, што іх заганяюць на трыбуны дзеля задавальненьня спартовых амбіцыяў аднаго чалавека. Вышэйшыя чыноўнікі кідаюць працу, прыяжджаюць у лядовы палац, каб памахаць сьцяжкамі і выказаць нечуваную радасьць ад таго, што Аляксандар Лукашэнка закінуў шайбу. А на «Менскай лыжні» яны з усіх сілаў імкнуцца выказаць пачуцьцё глыбокага задавальненьня, што іх прымусілі ў выходны дзень цягнуцца за горад, начапляць лыжы і імітаваць добрую спартовую форму. Нікога не абурае, што ва ўмовах жорсткага бюджэтнага сэквэстру, увядзеньня фактычна падатку на валоданьне аўтамабілем улады праводзяць нятанны калядны хакейны турнір.

Нарэшце, галоўная загадка: навошта гэта патрэбна самому Лукашэнку? Чаму яму мала быць палітычным трыюмфатарам, 20 гадоў трымаць абсалютную ўладу, перамагаць усіх канкурэнтаў і праціўнікаў як у Беларусі, так і за межамі, кожны дзень зьяўляцца на экранах тэлевізараў у ролі кіраўніка дзяржавы? Здавалася б, гэта поўнасьцю павінна задаволіць ягоную ганарыстасьць, прагу велічы.
Палітычнага трыюмфу яму недастаткова. Лукашэнку чамусьці вельмі важна быць пераможцам яшчэ і ў спартовых спаборніцтвах

Але ж не. Палітычнага трыюмфу яму недастаткова. Лукашэнку чамусьці вельмі важна быць пераможцам яшчэ і ў спартовых спаборніцтвах. Зразумела, тут такім экзатычным чынам рэалізавалася дзіцячая мара стаць спартыўнай зоркай, кумірам тысяч заўзятараў, гуляць пад шум трыбун. Акрамя таго, у людзей падобнага тыпу існуе пастаянная патрэба ў пераможным допінгу, прага перавагі.

Самае загадкавае ў тым, што Лукашэнка ў палітычным жыцьці валодае вострай інтуіцыяй, прыродным здаровым сэнсам. Інакш столькі гадоў не ўтрымаў бы ўладу. Але, апранаючы спартыўную форму, беручы ў рукі клюшку ці становячыся на лыжы, чамусьці адразу страчвае здаровы сэнс. Ён зусім не адчувае фарсавасьці таго, што ва ўсіх гэтых спаборніцтвах, няхай гэта будзе хакейны матч або лыжная гонка, Лукашэнка абавязкова перамагае, нават калі яго каманда гуляе супраць алімпійскіх чэмпіёнаў з былой зборнай СССР або канадзкіх прафэсіяналаў з НХЛ. У гэтых пацешных гульнях ёсьць элемэнт нейкага ўпадзеньня ў дзяцінства, калі дарослыя, каб зрабіць дзіцяці прыемнае, гуляюць не ўсур’ёз, паддаюцца.

Мяркуючы па ўсім, ён сапраўды лічыць сябе вялікім хакеістам. У 2006 годзе, прымаючы віншаваньні з чарговай перамогай на традыцыйным калядным турніры, Лукашэнка сьціпла адзначыў: «Спорт — вялікі дыплямат. Таму мы значную ўвагу ўдзяляем спорту. У тым ліку і таму была створана каманда прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, пра якую ведаюць у кожнай спартыўнай дзяржаве плянэты» («Звязда», 2006, 10 студзеня). А ў далёкім цяпер 1998 годзе пасьля матчу ў Маскве паміж вэтэранамі хакея Беларусі і Расеі кіраўнік дзяржавы ў інтэрвію «Советскому спорту» заявіў: «Я шкадую, што не гуляў Трацьцяк, — так мне хацелася закінуць яму шайбу. Пасьля матчу я размаўляў з Уладзіславам, і ён сказаў, што не хацеў мяне засмучаць, а я жартам заўважыў, што ён проста спалохаўся: не прапускаў шайбы ад легендарных прафэсіяналаў Філа Эспазіта або Бобі Хала, і раптам аматар Лукашэнка падмочыць яму рэпутацыю» («Советская Белоруссия», 1998, 19 сьнежня). Вось яскравы прыклад таго, калі ў жарце толькі доля жарту, астатняе — праўда.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG