Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці салдата, які ўцёк з войска: Сына не пазнала — у вачах яго быў страх


Салдату з Мазыра Аляксандру Сушчыку, які служыў у 5-й асобнай брыгадзе спэцпрызначэньня ў Мар’інай Горцы і самавольна пакінуў вайсковую частку нібыта з-за пляншэта, пагражае турма. Пасьля затрыманьня Аляксандра ў Чэрвеньскім раёне вайскоўцы параілі маці салдата шукаць добрага адваката.

Алена Сушчык езьдзіла з Мазыра ў Чэрвень пасьля таго, як сына затрымалі ў вёсцы Скрабінкі, дзе ён скраў вопратку й харчы. Маці чакала сустрэчы чатыры гадзіны, аднак толкам пагутарыць з сынам ёй не ўдалося: Аляксандра зь міліцыі вайскоўцы адразу забралі ў менскую вайсковую камэндатуру.

Маці: «Я прыехала ў Чэрвень і больш як чатыры гадзіны чакала сына ў Чэрвені пад дзьвярыма РАУСу. Вайскоўцы прыехалі і яго забралі. Я толькі пасьпела яго абняць і пацалаваць: „Сынок, кажу, харошы, родны, сонейка маё — мы цябе ў бядзе не пакінем“. І ўсё. Ён ня здолеў і слова сказаць. Я дзіця сваё не пазнала — проста не пазнала. Вочы такія — жахліва выглядалі: страх нейкі такі, страшэнная боязь. Вымавіць нічога ня змог. Не хачу й гаварыць, бо зараз зноў сьлёзы пацякуць».

Спадарыня Алена кажа, што ніякай сустрэчы з сынам пакуль не даюць — вядзецца дазнаньне. І адваката ў справах вайсковай службы знайсьці яна ня можа — няма такіх у Мазыры:

«Пакуль да 16 студзеня дазнаньне ідзе. На нэрвах уся. Трэба адваката шукаць, каб хоць неяк зьмякчыць пакараньне. Не магу пакуль знайсьці адваката».

Тым часам прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў у публікацыі ў вайсковай газэце заявіў, што спэцназавец з Мар’інай Горкі, які самавольна пакінуў брыгаду, быў залежны ад мабільнага інтэрнэту і знаходзіўся «ў віртуальным сьвеце ілюзій». Ён нібыта і не арыентуецца ў рэальнай абстаноўцы, і ня можа ацаніць для сябе, што ж больш небясьпечна — атрымаць пазачарговы нарад на службе за парушэньне правілаў карыстаньня асабістымі сродкамі сувязі альбо канкрэтны тэрмін пазбаўленьня волі за некалькі злачынстваў. Маюцца на ўвазе самавольнае пакіданьне месца службы і крадзеж вопраткі й харчоў у Чэрвеньскім раёне.

Уладзімер Целяпун
Уладзімер Целяпун
Мазырскі праваабаронца Ўладзімер Целяпун лічыць, што салдат Сушчык, хутчэй за ўсё, самавольна пакінуў частку, баючыся адказнасьці перад вайсковым начальствам за інфармацыю ў сваім пляншэце:

«Тут бачна, што ў Мар’інай Горцы шараговыя спэцназаўцы вельмі баяцца адказнасьці за свае ўчынкі перад сваім кіраўніцтвам. Была, відаць, нейкая інфармацыя, нешта такое зьмешчана — ён пабаяўся публічнасьці і адказнасьці. Ён не гатовы быў несьці адказнасьць, бо палічыў за лепшае зьбегчы з часткі. Пасьля 2010 году шмат інфармацыі блогеры скарысталі з сацыяльных сетак, якую пакінулі там менавіта спэцназаўцы — тыя, што зьбівалі людзей на плошчы. Таму й забаранілі ў воінскіх частках карыстацца пляншэтамі, сацыяльнымі сеткамі».

Суразмоўца згадвае, што некалькі гадоў таму з Мар’інай Горкі ў Мазыр наагул прывезьлі салдата ў цынкавай труне. Казалі, што нібыта ўпаў з трэцяга паверху і моцна пабіўся. Што было на самай справе, сям’я нябожчыка так і не даведалася.

Спадар Целяпун лічыць, што выпадак з мазырскім салдатам павінен быць дасканала вывучаны, і асабліва прычыны, якія паўплывалі на ягоныя паводзіны. Усё-ткі Сушчык адслужыў у войску ня тыдзень і ня месяц, а амаль палову вызначанага тэрміну.

Павал Сапелка
Павал Сапелка
Менскі праваабаронца, былы адвакат Павал Сапелка мяркуе, што да заканчэньня сьледзтва гаварыць пра прычыны, якія змусілі салдата пакінуць брыгаду, наўрад ці выпадае. Важна таксама, каб сьледзтва вывучыла ўмовы, якія падштурхнулі салдата да супрацьпраўнага ўчынку, і дало належную ацэнку дзеяньням службоўцаў, якія спрычыніліся да іх стварэньня. Цяпер можна гаварыць хіба толькі пра маральны бок справы.

Сапелка: «На службу ў войска трапляюць эмацыйна і псыхалягічна недасьпелыя людзі. Служаць, па вялікім рахунку, крыху старэйшыя, чым падлеткі. У ідэале мне бачыцца прафэсійная армія, у якой будзе служыць той чалавек, які хоча быць вайскоўцам. І які будзе атрымліваць за службу пэўнае годнае заахвочваньне. І які ў вольны ад службы час будзе карыстацца дасягненьнямі цывілізацыі — гаджэтамі і ўсім такім іншым».

Што да юрыдычнай дапамогі, то Аляксандра Сушчыка павінны забясьпечыць адвакатам і падчас дазнаньня. Але, на думку праваабаронцы, родным лепш за ўсё скарыстаць паслугі адваката, які мае досьвед юрыдычнай абароны вайскоўцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG