Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекары схавалі частку зьвестак пра апэрацыю над Юліяй Кубаравай


«Факт рэанімацыйных мерапрыемстваў падчас апэрацыі быў ад камісіі схаваны», — паведаміў суду сьведка Юры Герасімовіч, які ў сакавіку 2013 году быў загадчыкам аддзяленьня плястычнай хірургіі «Экамэдсэрвіса» і ўзначальваў службовую праверку, якую пачалі ў «Экамэдсэрвісе» адразу пасьля няўдалай апэрацыі над Юліяй Кубаравай.

Паводле Юрыя Герасімовіча, хірург Віктар Серабро і анэстэзіёляг Аляксандар Шураў у сваіх тлумачэньнях прызналі, што падчас апэрацыі былі збоі ў працы апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, але пра апэрацыю паведамілі, што яна прыпынялася «толькі на некалькі хвілін».

Камісія высьветліла, што Аляксандар Шураў і Віктар Серабро сышлі пасьля апэрацыі з «Экамэдсэрвіса», не дачакаўшыся абуджэньня пацыенткі. «Шураў тлумачыў, што лічыў, нібыта з пацыенткай усё добра. Серабро таксама казаў, што «па ягонай частцы ўсё было добра», — згадаў сьведка Герасімовіч. Паводле сьведкі, у гісторыі хваробы Юліі Кубаравай, што перадалі разам з хворай у 4 шпіталь, увогуле не было зьвестак пра інцыдэнт падчас апэрацыі.

Былога кіраўніка групы анэстэзіёлягаў «Экамэдсэрвіса» Аляксандра Шурава абвінавачваюць у неаказаньні мэдычнай дапамогі, што прывяло да сьмерці чалавека. Шураву пагражае 5 гадоў зьняволеньня. Хірург Віктар Серабро ў справе фігуруе як сьведка, хоць пацярпелы Юры Кубараў настойвае, што яго таксама мусяць прыцягнуць да судовай адказнасьці. У сакавіку 2013 году ў «Экамэдсэрвісе» Віктар Серабро працаваў на палову стаўкі. Тады ён загадваў аддзяленьнем у 4-м шпіталі.

Паводле зьвестак з кулюараў суду, хірурга Віктара Серабро будуць дапытваць у 20-х чыслах студзеня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG