Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД кіраўніцтву магілёўскай турмы: «Спыніце катаваньні Васьковіча!»


Яўген Васьковіч

Яўген Васьковіч

Аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» патрабуе ад кіраўніцтва магілёўскай папраўчай установы «Турма № 4» спыніць ціск на Яўгена Васьковіча.

Як паведаміў Свабодзе адказны сакратар камітэту Дзяніс Садоўскі, яны атрымалі зьвесткі «з надзейных крыніцаў», што ўмовы, у якіх утрымліваецца палітвязень, раўназначныя катаваньню.

«Яўген Васьковіч з кастрычніка 2011 году, калі яго зьмясьцілі ў турму № 4, правёў у штрафным ізалятары 247 сутак. Як нам паведамілі крыніцы, якія прасілі іх не называць, Яўген у сярэднім праводзіць у ШЫЗА ад 15 да 20 дзён за месяц. На дадзены момант пры сваім росьце 186 сантымэтраў ён важыць 65 кіляграмаў. Вы можаце сабе ўявіць, у якім стане ён знаходзіцца. Мы гэта расцэньваем як катаваньне і параўноўваем такую сытуацыю з сталінскім Гулагам і фашысцкімі канцлягерамі. Мы заклікаем праваабарончыя арганізацыі выказаць свой пратэст, а ад кіраўніцтва турмы патрабуем спыніць катаваньні Васьковіча», — заяўляе Дзяніс Садоўскі.

Раней у сваіх лістах Яўген Васьковіч прасіў актывістаў не распаўсюджваць зьвестак пра ўмовы яго ўтрыманьня ў турме. Дзяніс Садоўскі сьцьвярджае, што сам Васьковіч цяпер папрасіў распаўсюдзіць такую інфармацыю. Паводле партыйца, яна вымагае неадкладнага рэагаваньня.

Маці палітвязьня Рушаньня Іванаўна не пацьвярджае распаўсюджанай БХД інфармацыі. Кажа, што неўзабаве яна спаткаецца зь Яўгенам у турме. Таксама яна зазначае, што днямі сын ёй званіў і не выказваў нараканьняў на ўмовы ўтрыманьня.

Грамадзкага актывіста Яўгена Васьковіча ў 2011 годзе асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня за напад на будынак Бабруйскага КДБ. Сваёй віны актывіст не прызнаў. У гэтак званую «крытку» яго зьмясьцілі пасьля абвінавачаньня ў злосным парушэньні рэжыму ўтрыманьня ў папраўчай калёніі. Пра пакараньні актывіста ў турме штрафным ізалятарам паведамляецца нярэдка. Ён нібыта не выконвае «законных патрабаваньняў супрацоўнікаў папраўчай установы».
XS
SM
MD
LG