Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыўныя групы Сяргея Вазьняка не зарэгістравалі


Сяргей Вазьняк

Сяргей Вазьняк

Сёньня адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк перадае скаргу ў Віцебскую абласную выбарчую камісію.

Сёньня адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк перадае скаргу ў Віцебскую абласную выбарчую камісію. Ён абскарджвае адмову ў рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных групаў. Актывіст зьбіраўся балятавацца ў Талачынскі раённы і Коханаўскі сельскі саветы праз збор подпісаў.

Сяргей Вазьняк апавёў Свабодзе, як праходзіў разгляд ягонай заявы ў Талачынскай раённай выбарчай камісіі:

«Мне сказалі, што я не падпадаю пад шостую частку артыкула 60 Выбарчага кодэксу. Там дакладна прапісана, што ёсьць выпадкі, калі ты можаш балятавацца, нават калі не жывеш і не працуеш на тэрыторыі гэтага савету. У прыватнасьці, калі ты працуеш у арганізацыі, якая задавальняе патрэбы насельніцтва гэтага савету. Я патлумачыў, што я — галоўны рэдактар рэспубліканскай газэты „Товарищ“. Яна ахоплівае ўсю Беларусь, у тым ліку і Талачынскі раён, дзе, дарэчы, у мяне ёсьць свае чытачы. І я задавальняю іхнія патрэбы ў атрыманьні інфармацыі.

Але мне сказалі, што гэта — лухта. Газэт, маўляў, гэта ня тычыцца. Вось так вольна яны трактуюць Выбарчы кодэкс».

Сяргей Вазьняк кажа, што быў гатовы да адмовы:

«Я на гэта пайшоў у мэтах палітычнага экспэрымэнту. Зразумела, што быць дэпутатам Коханаўскага сельскага савету ня ёсьць верхам маіх палітычных мараў, мэтаў і амбіцыяў. Але я хацеў праз канкрэтны прыклад паказаць, што ўлады напішуць у Выбарчым кодэксе адно, а пасьля робяць, як ім захочацца.
Я хацеў праз канкрэтны прыклад паказаць, што ўлады напішуць у Выбарчым кодэксе адно, а пасьля робяць, як ім захочацца

Учора я ім казаў: уявіце, што рэдактар віцебскай абласной газэты падаў заяву на рэгістрацыю сваёй групы. Вы б і яму адмовілі? Але яны кажуць: вашу групу не зарэгіструем, ідзіце скардзіцеся. Канечне, абскарджу».

Дарэчы, Талачынскі рэгіён — не выпадковы для Сяргея Вазьняка. У 2008 годзе менавіта па Талачынскай выбарчай акрузе ён балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Але тады, паводле афіцыйных зьвестак, ён прайграў барацьбу за дэпутацкі мандат тагачаснаму намесьніку кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандру Папкову.

«У адрозьненьне ад палітычных партыяў, грамадзкія арганізацыі могуць вылучаць сваіх кандыдатаў толькі праз збор подпісаў выбарцаў. Таму мы вельмі зацікаўленыя ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў», — кажа Свабодзе першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч:

«Адмоваў на гэты момант не было. Рэгістрацыя працягваецца, сёньня і заўтра — два апошнія дні. Ведаю, што ўжо прыкладна ў 50 акругах пададзеныя заяўкі. Але за гэтыя дні гэтая колькасьць, натуральна, будзе павялічвацца. Досыць ударнымі можна назваць Гарадзенскую, Віцебскую і Гомельскую вобласьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG