Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгістрацыя інтэрнэт-СМІ — абмежаваньне свабоды выказваньняў


Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

Улады маюць намер павесьці рэгістрацыю інтэрнэт-выданьняў і могуць абавязаць іх зарэгістравацца ў якасьці сродкаў масавай інфармацыі. Як ставіцца да гэтых намераў журналісцкая супольнасьць? Наколькі адпавядае міжнароднай практыцы рэгістрацыя інтэрнэт-выданьняў?

На гэтыя пытаньні адказвае намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Андрэй Бастунец.

— Як паведаміў начальнік Галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўсевалад Янчэўскі, «Мінінфарму даручана вынесьці пытаньне аб парадку рэгістрацыі і рэгуляваньня дзейнасьці СМІ, якія распаўсюджваюцца праз глябальную сетку інтэрнэт, на абмеркаваньне з удзелам грамадзтва, зацікаўленых органаў і арганізацый». Як беларускія незалежныя журналісты ставяцца да ідэі рэгістраваць інтэрнэт-выданьні?

— Па-першае, адзначу, што спадар Янчэўскі такім чынам адказаў на запыт БАЖу. Нас больш за ўсе непакоіла тое, што пытаньне аб рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ, як часта гэта ў нас бывае, будзе абмяркоўвацца за зачыненымі дзьвярыма. Таму мы прапанавалі ўключыць прадстаўнікоў журналісцкай супольнасьці, інтэрнэт-супольнасьці ў склад працоўнай групы, якая абмяркоўвае гэтае пытаньне.

Што да нашага стаўленьня, то мы ставімся да рэгістрацыі інтэрнэт-мэдыяў адмоўна, бо лічым, што ў гэтым няма ніякай неабходнасьці, акрамя толькі больш жорсткага дзяржаўнага кантролю. І гэта супярэчыць міжнародна-прававым актам, у тым ліку тым, якія ратыфікаваныя Беларусьсю.

— Дарэчы, самі дзяржаўныя чыноўнікі часам спасылаюцца на той самы міжнародны досьвед — маўляў, рэгістрацыя існуе ў многіх краінах. Якая сытуацыя на самой справе?

— Улады хочуць распаўсюдзіць на інтэрнэт-выданьні тыя самыя патрабаваньні рэгістрацыі, якія існуюць для друкаваных СМІ. Але ва ўсім дэмакратычным сьвеце сам факт дзяржаўнай рэгістрацыі мэдыяў ужо ёсьць абмежаваньнем свабоды выказваньняў. У Беларусі гэтая рэгістрацыя адбываецца ў форме дазволу. Дазволу з боку дзяржавы на распаўсюд сваіх думак і меркаваньняў, што нават па беларускай Канстытуцыі ёсьць неад’емным правам грамадзяніна.

Таму мы лічым, што няма ніякай патрэбы рэгістраваць нават друкаваныя мэдыі. Такі прынцып існуе ва ўсім дэмакратычным сьвеце. Нават у Расеі рэгістрацыя інтэрнэт-мэдыяў ёсьць толькі тады, калі яны самі жадаюць сябе зарэгістраваць, каб атрымаць нейкія дывідэнды з свайго статусу сродка масавай інфармацыі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG