Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскі лавец пэдафілаў: «Крыўдна, што нас не зразумелі...»


Берасьцейскі сьледчы камітэт не знайшоў складу злачынства ў перапісцы галоўнага рэдактара адной з газэт зь непаўналетнім, якую перадалі ў міліцыю лаўцы пэдафілаў.

У часе сьледзтва было праведзена шэсьць мастацтвазнаўчых экспэртыз, апытана больш за 20 чалавек, агледжана месца здарэньня, жытло і месца працы рэдактара.

У выніку было прынята рашэньне адмовіць ва ўзбуджэньні крымінальнай справы «ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства» паводле трох артыкулаў крымінальнага кодэксу — гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару, дзеяньні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула паўналецьця, і распусныя дзеяньні.

Рэдактара ў рукі міліцыі перадалі берасьцейскія паляўнічыя на пэдафілаў з суполкі «Больш быць, чым здавацца». Актывісты заявілі, што затрымалі 58-гадовага мужчыну, калі ён прыйшоў на спатканьне з 15-гадовым хлопчыкам. Паляўнічыя на пэдафілаў апавялі міліцыі, што рэдактар прыйшоў да хлопчыка з намерам учыніць сэксуальныя дзеяньні, і ў доказ гэтага перадалі міліцыянтам яго ліставаньне з хлопчыкам у сацыяльных сетках.

Адзін з актывістаў суполкі барацьбітоў з пэдафіламі Аляксей так пракамэнтаваў Свабодзе гэтую сытуацыю:

«Да Сьледчага камітэту прэтэнзіяў няма, сьледчы вельмі талковы. Відаць, дзесьці мы дапусьцілі памылку, раз не хапіла матэрыялаў для ўзбуджэньня крымінальнай справы... Відаць, у ліставаньні з хлопчыкам няма схіленьня да сэксуальнага кантакту, дый порна, якое ён прынёс з сабой на флэшцы, таксама было не для хлопчыка прызначана... Наконт рэдактара — ну, пра сумленьне гаварыць сьмешна цяпер, але, я думаю, жыцьцё яшчэ паставіць усё па месцах...»
Пасьля ўсяго, што адбылося, мы ня бачым сэнсу займацца нашай дзейнасьцю. Як аказалася, наш рух нікому не патрэбны

Суразмоўца расказаў, што на гэтым суполка паляўнічых на пэдафілаў афіцыйна завяршае сваю дзейнасьць:

«З боку грамадзкасьці ня надта прыемна чуць на свой адрас „гопнікі“ і да т. п. Нас ужо і фашыстамі называлі, і кім толькі не называлі. Хоць, па сутнасьці, усё проста — мы любім сваю Радзіму, свой народ і стараліся зрабіць нешта большае, чым проста сядзець склаўшы рукі. Спрабавалі данесьці да бацькоў, што трэба займацца дзецьмі, а ня піць піва на лаўках. Крыўдна, што нас не пачулі і не зразумелі...

Пасьля ўсяго, што адбылося, мы ня бачым сэнсу займацца нашай дзейнасьцю. Як аказалася, наш рух нікому не патрэбны. Для грамадзкасьці мы перастаём існаваць, і цяпер ня будзе бачна інфармацыі пра нашу дзейнасьць. Хоць гэта і ня кажа пра тое, што мы ня будзем нічога рабіць».

Суполка берасьцейскіх барацьбітоў з пэдафіламі «Больш быць, чым здавацца» адзначылася ня толькі гучнай справай з рэдактарам. За час сваёй дзейнасьці актывісты злавілі таксама выкладчыка будаўнічага каледжу і яшчэ каля 7 асобаў. У адрозьненьне ад шматлікіх расейскіх суполак лаўцоў пэдафілаў, берасьцейскія актывісты не ўжывалі да злоўленых гвалту.
XS
SM
MD
LG