Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звыш 5 мільёнаў рублёў штрафу за збор подпісаў


Анатоль Лябедзька ў судзе
Анатоль Лябедзька ў судзе

Савецкі суд Менску пакараў лідэра АГП Анатоля Лябедзьку буйным грашовым штрафам за зьбіраньне подпісаў супроць аўтамабільнага пабору і за адстаўку ўраду.

Судзьдзя Кірыл Палулех з Савецкага суду Менску больш як палову дня разьбіраўся з тым, ці парушыў Анатоль Лябедзька закон, калі 5 студзеня на вуліцы каля Камароўскага рынку зьбіраў подпісы. У выніку судзьдзя вырашыў, што закон Анатоль Лябедзька парушыў, і пакараў яго грашовым штрафам у 45 базавых велічынь — гэта 5 мільёнаў 850 тысяч рублёў. Анатоль Лябедзька гэтак пракамэнтаваў рашэньне судзьдзі:

«Праблема не ў прысудзе, а ў тым, што няма незалежнага суду. Гэта жахліва, бо гэты молах і далей будзе ламаць лёсы, выносіць незаконныя прысуды. Калі ўсё відавочна, усё за цябе, а ты ўсё роўна будзеш вінаваты. Таму і трэба змагацца, каб вярнуць хоць нешта падобнае да суду. Бо такі стан правасудзьдзя — нацыянальная трагедыя, вось мая галоўная выснова. Сёньня тут хапала матэрыялу для тых, хто піша для цырку, хто піша раманы, але з пункту гледжаньня простага чалавека, грамадзяніна, тое, што тут адбывалася, — гэта катастрофа, жах».

Чым гэтак абурыўся Анатоль Лябедзька?

Супроць палітыка ў судзе сьведчыў капітан міліцыі Цімур Кісель, начальнік апорнага пункту ў завулку Якуба Коласа, куды быў дастаўлены Анатоль Лябедзька 12 студзеня. У той дзень Анатоль Лябедзька таксама плянаваў зьбіраць подпісы супроць аўтамабільнага пабору і за адстаўку ўраду, але ў двары дому яго схапілі людзі ў цывільным, зьбілі і даставілі ў апорны пункт, якім кіруе Цімур Кісель. Паводле Анатоля Лябедзькі, гэты чалавек увечары на міліцэйскім аўтамабілі адвозіў Анатоля Лябедзьку дадому, але вельмі незвычайным маршрутам. У судзе Анатоль Лябедзька запатрабаваў, каб ягоныя словы пра гэтую паездку былі ўнесеныя ў пратакол паседжаньня:

«Вывезьлі на легкавым аўтамабілі фактычна за межы Менску. Вось чалавек сядзіць у судзе ў шапцы, дык ён быў у аўтамабілі. У адзін з момантаў на сьпідомэтры было 140. Потым з кальцавой зьвярнулі да Курапатаў, потым даехалі да крэматорыя. А чалавеку ў шапцы было так весела, што яны з Кісялём увесь час сьмяяліся. І толькі потым мяне завезьлі дахаты».

Анатоль Лябедзька лічыць, што зь яго зьдзекаваліся і хацелі яго запалохаць. Сьведка Цімур Кісель сьцьвярджае, што яны проста адвезьлі затрыманага туды, дзе той быў затрыманы. Пра падзеі 5 студзеня сьведка згадаў, што Анатоль Лябедзька, зьбіраючы подпісы, заклікаў людзей да сходу. Старшыні АГП дапамагаў, паводле сьведкі, Віктар Карняенка, але той нібыта да сходу не заклікаў. Яшчэ сьведка ў судзе абверг свае ж ранейшыя зьвесткі, што ў зьбіраньні подпісаў удзельнічаў і Сяргей Калякін. Сёньня міліцыянт заявіў, што Калякіна не было, а ягонае прозьвішча ў рапарце, які ён склаў 5 студзеня, зьявілася ў выніку «кампутарнай памылкі».
Лябедзьку далі амаль 6 мільёнаў штрафу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:15 0:00

Анатоль Лябедзька сваёй віны ў правядзеньні несанкцыянаванага сходу не прызнаў і заявіў, што ў справе няма доказаў, а паказаньні сьведкі Цімура Кісяля назваў «цалкам хлусьлівымі».

Палітык прыйшоў у суд з заплечнікам і ў швэдры, фактычна падрыхтаваўшыся да адміністрацыйнага арышту. Тое, што яму далі толькі штраф, Анатоль Лябедзька лічыць вынікам вялікага розгаласу акцыяў пратэсту супроць аўтамабільнага пабору. «Калі будуць зьбіраць подпісы тысячы, то ўлада нічога ня зможа зрабіць, але калі адзін-два, як Лябедзька з Карняенкам, то будуць нас цягаць па судах», — сказаў Анатоль Лябедзька ўжо на ганку суду пасьля разгляду ягонай справы.


Радыё Свабода вяло жывы рэпартаж з працэсу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG