Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЭГУ стала працаваць будуць 17 выкладчыкаў, — рэктар Міхайлаў


Анатоль Міхайлаў

Анатоль Міхайлаў

Апрача 17 «штатных» выкладчыкаў ЭГУ ўсе іншыя будуць мець статус «візытэраў» з кантрактамі на 2 гады. Штатных будзе адбіраць конкурсная камісія, прызначаныя адміністрацыяй, а не сэнатам ВНУ. Пра гэта Свабодзе паведаміў рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў.

Анатоль Міхайлаў апавёў, з-за чаго ўзнік чарговы канфлікт паміж сэнатам і адміністрацыяй унівэрсытэту.

13 студзеня рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў падпісаў загад пра абвяшчэньне адкрытага міжнароднага конкурсу на замяшчэньне 17 выкладчыцкіх пасадаў.

Пераабраны старшыня сэнату ЭГУ Павал Церашковіч выказаў сумнеў у справядлівасьці і празрыстасьці гэтага конкурсу.

Асноўная перасьцярога, якую маюць прадстаўнікі сэнату, — гэта тое, якім чынам будзе фармавацца конкурсная камісія.

Анатоль Міхайлаў адказаў на гэтую занепакоенасьць сэнату ЭГУ:

«Што тычыцца рэформы, якая была агучаная 13 студзеня, то яна закранае праблему „з барадой“. Справа ў тым, што ўжо вельмі даўно ідзе гаворка пра тое, што ў тым модусе ўзаемадачыненьня паміж выкладчыкамі і ўнівэрсытэтам, у якім мы існавалі даволі працяглы час, мы больш знаходзіцца ня можам. З улікам акрэдытацыі ўнівэрсытэту, якая чакаецца неўзабаве, нам тэрмінова патрэбна пераходзіць да нормаў узаемаадносінаў, якія зафіксаваныя ў заканадаўстве і якія ёсьць нормай у любым унівэрсытэце, — да адбору выкладчыкаў на конкурснай аснове».

Паводле рэктара ЭГУ, адміністрацыя ўнівэрсытэту ўзялася праводзіць конкурс, у выніку якога будуць замешчаныя 17 выкладчыцкіх пазыцыяў, бо сэнат ня змог выканаць гэтую функцыю ў вызначаны час:

«27 красавіка 2011 году сэнат канстатаваў неабходнасьць распрацоўкі кадравай палітыкі і пастанавіў, сярод іншага, прадставіць дамовы аб супрацоўніцтве паміж выкладчыкамі і ўнівэрсытэтам. Пасьля праводзіліся паседжаньні вышэйшага кіроўнага органа ўнівэрсытэту, якія таксама пастанавілі выконваць нормы заканадаўства, што да адбору выкладчыкаў на конкурснай аснове. На працягу доўгага часу мы чакалі ад сэнату канкрэтных прапановаў па рэалізацыі гэтай рэформы. Нават быў прызначаны дэдлайн — 7 сьнежня 2013 году. Не дачакаўшыся іх, а таксама з улікам недахопу часу і блізкай акрэдытацыі, адміністрацыя ўзяла на сябе функцыю стварэньня ўмоваў і правілаў конкурсу».

Паводле рэформы, якая прадугледжвае конкурсны адбор выкладчыкаў, толькі 17 выкладчыкаў застануцца на сталых пасадах. Усе астатнія будуць выкладчыкамі-візытэрамі, зь якімі ЭГУ заключыць дамову максымум на 2 гады. Аднак Анатоль Міхайлаў кажа, што гэта было вядома даўно, калі ўнівэрсытэт стварыў пісьмовы дакумэнт, у якім напісана, што ЭГУ пераходзіць да першага этапу рэформы, у рамках якой будзе праводзіцца конкурс:

«Згодна з гэтай рэформай да 2016–2017 навучальнага году ўсе выкладчыкі ўнівэрсытэту пяройдуць на такую форму ўзаемадачыненьняў з унівэрсытэтам, як конкурсная аснова. Гэта праўда, што мы ня можам утрымліваць на сталай аснове 100 ці 200 выкладчыкаў. Няма на гэта сродкаў. Гэта ўсё суадносіцца з нормамі заканадаўства краіны, на тэрыторыі якой мы дзейнічаем. Да таго ж гэта вельмі добра для адукацыйнага працэсу, калі выкладчыкі абіраюцца на конкурснай аснове, гэта стварае здаровую канкурэнцыю».

Кіроўная рада, якая цяпер займаецца правядзеньнем конкурсу, паводле рэктара, складаецца з прафэсіяналаў высокай клясы, якія маюць усясьветны прэстыж.

«Шкада, што ў час, калі перад унівэрсытэтам стаяць вельмі важныя пытаньні, нам даводзіцца праз СМІ высьвятляць стасункі паміж чальцамі свайго калектыву. Гэта нагадвае савецкія часы, калі жонкі зьвярталіся ў прафсаюзы і прасілі дапамагчы разабрацца зь сямейнымі справамі», — падсумаваў Анатоль Міхайлаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG