Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты-апазыцыянэры — пра тое, ці варта ўдзельнічаць у выбарах


Жанна Шчарбініна

Жанна Шчарбініна

На Магілёўшчыне на мінулых выбарах у мясцовыя саветы дэпутатамі сталі двое прыхільнікаў «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» — партыі, якую ўлады дагэтуль не зарэгістравалі. У Асіповічах дэпутацкі мандат райсавету займеў Аляксей Цюлькоў, а ў Горацкім раёне Жанна Шчарбініна стала дэпутаткай сельсавету. Ці зьбіраюцца яны паўторна вылучацца ў дэпутаты і ці зьмянілася іхнае стаўленьне да мясцовых выбараў і мясцовых саветаў?

Дэпутатка Аўсянкаўскага сельсавету Жанна Шчарбініна зьбіраецца рэгістраваць сваю ініцыятыўную групу. Яна лічыць, што дэпутаты сельскіх саветаў дапамагаюць людзям паляпшаць умовы жыцьця. Дзейная дэпутатка прызнае, што ахвочых балятавацца ў сельсавет няшмат. Паводле яе, шмат каго ўгаворваюць вылучацца на дэпутацтва.

«Калі ў дэпутаты ідуць людзі, якіх альбо просяць, альбо прымушаюць, то зразумела, што яны ня будуць заглыбляцца ў мясцовыя праблемы. А калі сам чалавек хоча, як я, то мясцовыя праблемы вырашаюцца. Пэрыядычна людзі ў сельскі савет зьвяртаюцца. Яны ведаюць, што сельскі савет існуе і што ёсьць у яго нейкія функцыі, і свайго патрабуюць», — тлумачыць намеры балятавацца ў сельсавет Жанна Шчарбініна.

Аляксей Цюлькоў

Аляксей Цюлькоў

Дэпутат Асіповіцкага райсавету Аляксей Цюлькоў балятавацца паўторна не зьбіраецца, бо зьмяніў месца пражываньня. На новым, кажа, яшчэ як сьлед не абжыўся, каб вылучацца. Са свайго досьведу дэпутацтва ён зрабіў выснову, што высілкі, якія даводзілася прыкладаць яму як дэпутату, каб вырашаць праблемы, зь якімі да яго зьвярталіся людзі, завялікія ў параўнаньні з канчатковымі вынікамі. Паводле суразмоўцы, самі людзі да мясцовых саветаў ставяцца больш па-спажывецку.

«Нашы людзі будуць хутчэй доўга чакаць добрага цара, чым самі ўдзельнічаць у кіраваньні дзяржавай. Хочуць, каб за іх нехта нешта вырашаў. Уся ж сыстэма ў краіне выбудаваная такім чынам, каб было гэтак званае „ручное кіраваньне“. Даваць нейкія дадатковыя паўнамоцтвы — ня ў правілах цяперашняй сыстэмы. Зьяўленьне такіх паўнамоцтваў трэба зьвязваць са зьменамі ўва ўсёй сыстэме, якая склалася ў краіне», — мяркуе Аляксей Цюлькоў.

Суразмоўца застаецца прыхільнікам ідэі стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». У дзейнасьці дэпутата мясцовага савету, на яго думку, на першым месцы павінны быць інтарэсы людзей.
Калі ж дамагацца вынікаў па-сапраўднаму, трэба траціць на гэта практычна ўвесь свой вольны час

«У нейкай ступені ты павінен іхныя інтарэсы бараніць больш, чым інтарэсы партыі. Калі ж дамагацца вынікаў па-сапраўднаму, як дэпутату мясцовага савету, то гэта трэба рабіць больш прафэсійна. Траціць на гэта практычна ўвесь свой вольны час, не працуючы больш нідзе. Тады можна хоць нечага дамагацца», — заяўляе Аляксей Цюлькоў.

Стаць дэпутаткай сельсавету Жаньне Шчарбінінай дапамагалі таксама сябры аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянскага дэмакратыя». Цяпер жа яна вылучаецца як незалежны прэтэндэнт на дэпутацтва.

«Можа, нехта і далучае мяне да апазыцыі, але я сябе ў апазыцыю не ўлучаю. Я тут проста дысыдэнт. Апазыцыя цяпер гучыць дужа галосна, і стаўленьне да яе нэгатыўнае. Шмат яны гавораць, але дужа мала яны робяць. Я жыву ў гэтай мясцовасьці, і праблемы мясцовыя, якія мяне тычацца, я стараюся неяк вырашаць».

Суразмоўніца зазначае, што падтрымлівае сувязі зь некаторымі лідэрамі апазыцыі і застаецца прыхільніцай Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.

Жанна Шчарбініна кажа, што людзей прывучылі быць пасіўнымі. Насельніцтва актывізуецца, зазначае яна, калі ёсьць праблема, якая закранае інтарэсы адразу многіх людзей. Тады зьяўляюцца і лідэры.

Напрыклад, пагроза закрыцьця ў Аўсянцы паліклінікі выклікала пратэст вяскоўцаў. Людзі абаранілі яе. Сярод абаронцаў была і дэпутатка Шчарбініна.

Статус дэпутата, зазначае яна, дапамог разьвязаць пытаньне будаўніцтва ў вёсцы станцыі абезжалезваньня і заблякаваць узьвядзеньне шкоднага для навакольля сьвінакомплексу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG