Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожнае 10-е прадпрыемства ў Беларусі працуе ў мінус.

Колькасьць стратных арганізацыяў у Беларусі за 11 месяцаў мінулага году параўнальна з тым жа пэрыядам 2012 году ўзрасла амаль удвая. А іхнія страты, калі параўноўваць з тым жа пэрыядам, вырасьлі ў 2,4 раза. Такія зьвесткі зьявіліся сёньня на афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусь.

Белстат паведамляе, што колькасьць арганізацыяў, якія летась спрацавалі ў мінус, дасягнула 777 супраць 458 у 2012 годзе. У працэнтах ад агульнай колькасьці арганізацыяў гэта выглядае як 9,4% супраць 5,6%. Сума чыстых стратаў за 11 месяцаў 2013 году дасягнула аж 6,9 трыльёна рублёў.

«Да такіх сумных вынікаў прывяло найперш павелічэньне канкурэнцыі», — сказаў Свабодзе кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Цягам мінулага году праходзіла зьніжэньне коштаў на беларускі экспарт. Кошты імпарту таксама, дарэчы, зьмяншаліся, але ня так значна, усяго на 2%. Мы прайграём у даволі вялікім аб’ёме масу рынкаў: тэлевізараў, абутку, прадуктаў харчаваньня... Я якраз цяпер вяду падлікі, і атрымліваецца, што па выніках 2013 году мы саступілі дзесьці 18–20% свайго экспарту.

Нашы чыноўнікі, мабыць, не чыталі і ня ведаюць пра вядомы прынцып эканаміста Рыкарда, які той абвясьціў яшчэ ў 19-м стагодзьдзі. Гэта — залежнасьць паміж заробкам і прыбыткам. У нас летась рэальны заробак вырас прыкладна на 18–20%. Адпаведна, пры праблемах збыту, калі заробак расьце шпарчэй за прыбытак, прыбытак зьніжаецца. Беспадстаўнае стымуляваньне росту заробкаў прывяло да таго, што прыбытак, у адпаведнасьці з правілам Рыкарда, значна зьменшыўся.

Ну як можа быць пасьпяховым прадпрыемства па вытворчасьці тэлевізараў, калі яно страціла палову беларускага рынку?! Раней у іх было 40% продажу на гэтым рынку, а засталося толькі 20%. Ці могуць яны жыць бяз стратаў? Ня могуць. Яны ж захавалі колькасьць працоўных, неяк там трапечуцца.Таму і зьявілася такая агульная праблема».
XS
SM
MD
LG