Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэктар ЭГУ парушае Статут, — Церашковіч


Павал Церашковіч
Павал Церашковіч

13 студзеня рэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Анатоль Міхайлаў падпісаў загад пра абвяшчэньне адкрытага міжнароднага конкурсу на замяшчэньне 17 выкладчыцкіх пасадаў.

Пераабраны старшыня сэнату ЭГУ Павал Церашковіч з гэтай нагоды сказаў у інтэрвію Радыё Свабода:

«На працягу 8 гадоў, што ЭГУ працуе ў Літве, практыкі такіх конкурсаў не было. Цяпер нават прадстаўнікі адміністрацыі кажуць, што ўвесь наш працоўны досьвед гэтых гадоў нічога ня варты — менавіта таму, што такія конкурсы ня ладзіліся. Да таго ж працэдура конкурсаў ёсьць практычна ва ўсіх эўрапейскіх унівэрсытэтах. Праблема ў тым, каб конкурс праходзіў згодна з тымі правіламі, якія дзейнічаюць у навучальнай установе».

Павал Церашковіч кажа: цяпер акадэмічная супольнасьць ЭГУ моцна заклапочаная тым, што працэдура правядзеньня конкурсу, які цалкам кантралюецца адміністрацыяй, можа быць непразрыстай і несправядлівай. Паводле Статуту правілы і ўмовы правядзеньня конкурсу павінен зацьвярджаць сэнат ЭГУ.

«Сэнат прапаноўваў адміністрацыі дамаўляцца што да правілаў конкурсу. Была прадстаўленая дарожная мапа з чатырох крокаў, зрабіўшы якія, можна выйсьці з крызісу. Але адміністрацыя не пачула сэнату. Таму сытуацыя вельмі складаная. І ёсьць небясьпека, што конкурс ня будзе справядлівым і празрыстым, як пра тое казаў Анатоль Міхайлаў».

Асноўная перасьцярога, якую маюць прадстаўнікі сэнату, — гэта тое, якім чынам будзе фармавацца конкурсная камісія. Паводле Статуту, ствараць яе таксама павінен сэнат.

«Сёньня рэктар хоча, каб конкурсная камісія была створаная сіламі Кіраўнічай рады, што не адпавядае Статуту. Таксама трэба дадаць, што ёсьць праблемы з самой Кіраўнічай радай, паўнамоцтвы большасьці чальцоў якой ужо скончыліся. Патрабуецца тэрміновая ратацыя», — дадаў Павал Церашковіч.

Старшыня сэнату ЭГУ паведаміў, што разглядае сытуацыю з фармаваньнем конкурснай камісіі як парушэньне правоў акадэмічнай супольнасьці і будзе рабіць адпаведныя захады ў межах літоўскага заканадаўства і Статуту ЭГУ.

Рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў абяцаў інтэрвію Свабодзе пазьней сёньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG