Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька падчас суду
Анатоль Лябедзька падчас суду

За збор подпісаў супраць аўтападатку Лябедзьку пакаралі вялікім штрафам

абноўлена

14 студзеня Савецкі суд Менску разглядаў адміністрацыйную справу супраць старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі за парушэньне парадку правядзеньня масавых акцый. Яго пакаралі штрафам 5 млн 850 тыс.

5 студзеня палітык праводзіў у Менску збор подпісаў за адстаўку ўрада і адмену аўтапошліны.

Пратакол быў складзены 12 студзеня. Раніцай гэтага дня Лябедзька быў затрыманы, калі выйшаў з дому ў гараж, каб зноў паехаць на збор подпісаў супраць аўтападатку. У міліцыі не давалі ніякай інфармацыі пра месцазнаходжаньне палітыка. Пазьней Лябедзька распавёў, што супрацоўнікі міліцыі завезьлі яго спачатку ў Курапаты, потым да крэматорыя, а потым прывезьлі дадому. Ён заявіў, што пры затрыманьні яго білі па нырках.

15:24 14.1.2014
Анатоль Лябедзька гэтак пракамэнтаваў пастанову судзьдзі:

«Праблема не ў прысудзе, а ў тым, што няма незалежнага суду. Гэта жахліва, бо гэты молах і далей будзе ламаць лёсы, выносіць незаконныя прысуды. Калі ўсё відавочна, усё за цябе, а ты ўсё роўна будзеш вінаваты. Таму і трэба змагацца, каб вярнуць хоць нешта падобнае да суду. Бо такі стан правасудзьдзя — нацыянальная трагедыя, вось мая галоўная выснова. Сёньня тут хапала матэрыялу для тых, хто піша для цырку, хто піша раманы, але з пункту гледжаньня простага чалавека, грамадзяніна, тое, што тут адбывалася, — гэта катастрофа, жах».



Лябедзьку далі амаль 6 мільёнаў штрафу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:15 0:00
14:27 14.1.2014
Лябедзьку пакаралі штрафам — 45 базавых (адна базавая — 130 тыс). Агулам — 5 млн 850 тыс
13:26 14.1.2014
Абвешчаны перапынак да 14 гадзіны, пасьля чаго чакаецца рашэньне суду.

13:00 14.1.2014
Працэс аднавіўся. судзьдзя пытаецца ў Лябедзькі. ці ёсьць ў яго дапаўненьні? Не.
12:58 14.1.2014
Судзьдзя зноў абвясьці перапынак. Сказаў «на 5 хвілін», а потым працягнецца паседжаньне. Анатоль Лябедзька мяркуе, што судзьдзя пайшоў кансультавацца, што рабіць далей. Лябедзька назваў працэс «дзіцячым садком».

Анатоль Лябедзька ў перапынку ў размове з карэспандэнтам Свабоды выказаў меркаваньне, што прысуд яму будзе зьвязаны з адміністрацыйным арыштам. Дзеля гэтага ён адпаведна і апрануўся — у швэдар і джынсы. Таксама пра такі прысуд сьведчыць прысутнасьць ў залі міліцыянтаў. У судзе зараз больш за 10 міліцыянтаў, як ў форме, гэтак і ў цывільным. Твары шмат каго з міліцыянтаў ў цывільным журналістам знаёмыя па судах іншых актывістаў.
12:45 14.1.2014
Больш сьведак няма. Суд пачаў вывучэньне пісьмовых матэрыялаў справы.
12:42 14.1.2014
Суд агалосіў паказаньні міліцыянта Кіселя з матэрыялаў справы. Чаму ў пратаколе пазначана, што там быў Калякін? Сьведка мяркуе, што гэта кампутарная памылка і пацьвердзіў, што Калякіна насамрэч не было.
Сьведка міліцыянт Кісель
12:41 14.1.2014
Анатоль Лябедзька выступае з апошнім словам. Паводле яго, рапарт і пратакол адносна яго хлусьлівыя «ад пачатку да канца». Лябедзька прыгадаў, што ў рапарце згаданы як прысутны на акцыі Сяргей Калякін, якога насамрэч не было там. Але гэты рапарт складзены і правераны і на яго падставе судзяць чалавека, абураецца Анатоль Лябедзька. Паводле Лябедзькі, ў матэрыялах справы няма ніякіх доказаў віны.
12:40 14.1.2014
Працэс аднавіўся. Судзьдзя пытаецца: а чаму не прыцягваецца да адказнасьці Карняенка? Сьведка кажа, што Лябедзька актыўна зьбіраў подпісы і заклікаў да сходу, а Карняенка толькі стаяў з пляншэтам і зьбіраў подпісы. Судзьдзя спасылаецца на пратакол, дзе напісана што яны «разам» праводзілі несанкцыянаваную акцыю. Сьведка паўтарае, што ў дзеяньнях Карняенкі складу адміністрацыйнага парушэньня ня знойдзена.

Судзьдзя спрабуе даведацца ў Анатоля Лябедзькі, ці зьбіраў подпісы і Віктар Карняенка. Лябедзька адмовіўся пра гэта паведаміць, сказаў, каб паглядзелі на відэа, якое здымалі шматлікія супрацоўнікі міліцыі.

Судзьдзя працягвае высьвятляць, як Лябедзька арганізаваў збор подпісаў. Сам Лябедзька адмовіўся гэта тлумачыць. Сьведка Кісель кажа, што Лябедзька меў з сабой «матэрыяльныя сродкі для збору подпісаў» — і ў гэтым ягоная арганізацыйная роля.

Лябедзька патрабуе дапытаць сьведку міліцыянта Гаўрука, які складаў пратакол. Таксама — каб далучылі да матэрыялаў справы відэа і фота незалежных мэдыяў, на якіх бачна, што на плошчы было шмат міліцыянтаў. якія маглі б прадухіліць злачынства, калі б такое было. І што гэтыя відэа і фота пацьвярджаюць, што ён не рабіў ніякіх парушэньняў.

Судзьдзя падумаў 5 сэкундаў і адхіліў хадайніцтвы. Першае — таму, што няма неабходнасьці выклікаць гэтага сьведку, які нічога ня бачыў. Другое — бо да сутнасьці справы гэта ня мае дачыненьня.
12:39 14.1.2014

Лябедзька пытаецца ў сьведкі: У справе я ня бачыў, каб вы спрабавалі паведаміць Лябедзьку пра парушэньне і пра тое, што адносна яго заведзена справа. Чаму няма доказаў таго, што вы мяне нібыта інфармавалі? — «Гэта пытаньне не па сутнасьці», і адмовіўся адказваць.

Лябедзька: Такім чынам, вы проста нахабна хлусіце! Вы ілжыва сьведчыце ў судзе, і на падставе гэтага мяне судзяць?

Судзьдзя настойвае на тым, каб далі тлумачэньні. Тады сьведка ўдакладняе, што супрацоўнікі міліцыі могуць на сваё меркаваньне выбраць, як інфармаваць. Лябедзька настойвае, што яго ніхто не інфармаваў і ніякіх званкоў не было.

Лябедзька настойвае, што адносна яго парушалі закон. Спачатку яго выкралі, зьбілі.

Яшчэ пытаньне ад Лябедзькі:
— Вы пісалі рапарт у працоўны час ці пасьля працоўнага дня?
— Я пісаў 5 студзеня а 13 гадзіне, пасьля таго як вас прывёў з плошчы.
— Гэта няпраўда. Чаму вы схлусілі?

Судзьдзя зьняў пытаньне.

Лябедзька: Ці ёсьць у матэрыялах справы доказы таго, што ў сацыяльных сетках ёсьць заклік да сходу? — Няма. Але вы на сход заклікалі падчас збору подпісаў. — «Вы заклікалі людзей сабрацца, каб ставіць подпісы». Дзе гэта зафіксавана ў доказах? У якім законе запісана, што нельга зьбіраць подпісы? — Гэта экзамэн?

Лябедзька тлумачыць, што калі чалавек спасылаецца на нібыта сход, ён хоць павінен ведаць, што такое сход. Сьведка адмовіўся даваць тлумачэньне.

А ў колькі мяне адпусьцілі з Савецкага РУУС? — (Сьведка адмовіўся адказваць.) — А зь якой мэтай мяне вывозілі ў Курапаты, да крэматорыя? — А вас туды не вывозілі. Вас проста везьлі дамоў. Мы вас затрымалі каля дома і туды ж вярнулі.

Лябедзька: «Вялікі вам чалавечы дзякуй. Добры вы чалавек».

Лябедзька просіць выклікаць у суд як сьведку міліцыянта Гаўрука. Кісель кажа, што той у «міжнароднай камандзіроўцы» і яго няма ў Менску. Паводле судзьдзі, Гаўрук склаў пратакол адносна Лябедзькі, але ня быў сьведкам ягоных дзеяньняў.

Лябедзька пытаецца ў сьведкі: Калі чалавек парушае закон, то які абавязак супрацоўніка міліцыі?

Сьведка кажа, што ягоны абавязак быў спыніць і затрымаць, але ён быў адзін, а іх было двое, і былі журналісты. І ён вырашыў, што ня варта тады затрымліваць.

Лябедзька кажа, што там побач было чалавек 40 супрацоўнікаў міліцыі. «Гэты чалавек пачаў з хлусьні і ёю скончыў. У мяне больш няма да яго пытаньняў».

Судзьдзя абвясьціў перапынак на 10 хвілін.
11:38 14.1.2014
Тым часам сьведка дае паказаньні. Да яго дайшла інфармацыя пра збор подпісаў. (Гэты Кісель — начальнік апорнага пункту ў завулку Якуба Коласа.) Паводле сьведкі, подпісы зьбіралі Лябедзька і Карняенка, яшчэ быў трэці чалавек, але той проста стаяў. Паводле сьведкі, подпісы зьбіралі да 12 гадзіны, а потым сабралі рэчы і сышлі ў бок плошчы Якуба Коласа:

«Тады я накіраваўся да месца службы і рапартам далажыў аб правапарушэньні. Спрабавалі зьвязацца зь Лябедзькам, але ён не адказаў на званкі. Паколькі санкцыя артыкула прадугледжвае арышт, то яго затрымалі і даставілі ў міліцыю 12 студзеня».

Судзьдзя: «А чаму не затрымалі 5-га?»

Сьведка: «Я быў адзін, а побач былі журналісты, я палічыў, што немэтазгодна затрымліваць у той момант».

Судзьдзя: «Ці вядома вам, быў у іх дазвол на збор подпісаў?»

Сьведка згадаў, што падавалася заяўка на аўтапрабег, але ім адмовілі, і якраз у той момант у інтэрнэце зьявіліся заклікі да збору подпісаў. Таксама Кісель сказаў, што Лябедзька і Карняенка заклікалі да несанкцыянаванага сходу.

Судзьдзя: «У чым выявілася арганізацыя Лябедзькам несанкцыянаванага сходу?»

Сьведка: «Ён у інтэрвію мэдыям казаў, што гэта ён арганізаваў і праводзіць збор подпісаў».
11:28 14.1.2014
Прыйшоў сьведка — міліцыянт Кісель Цімур Барысавіч.

Гэта той самы, які, паводле Лябедзькі, казаў, каб апазыцыя выходзіла на Плошчу, але была моцнай. «Гэта ён куражыўся, — сказаў Лябедзька карэспандэнту Свабоды пра тыя словы Кісяля. — Гэта ён быў з тымі, хто мяне вывозіў».
11:28 14.1.2014
Таксама Лябедзька патрабуе, каб у пратаколе суду было зафіксавана, як яго затрымлівалі. Ён распавёў, што 12 студзеня ў 10.30 ён выйшаў з дому, зьбіраўся ехаць на мерапрыемства і збор подпісаў. 7 асобаў у цывільным яго чакалі, выскачылі з розных бакоў, не назваліся. Схапілі яго за рукі і цела ды пацягнулі да мікрааўтобуса.

«Мае спробы высьветліць, што адбываецца, былі марнымі: казалі, што патлумачаць пазьней. І калі мяне зацягвалі, я пасьпеў крыкнуць чалавеку ў двары, што са мной адбываецца. Падчас гэтага невядомыя „бандзюганы“ пачалі мяне біць. Даставілі ў Савецкі РУУС. Пасьля перавялі ў апорны пункт у завулку Якуба Коласа. Мне не далі магчымасьці нікога паінфармаваць. Толькі празь 2 гадзіны пачалі нейкія працэсуальныя дзеяньні. Пасьля 17 гадзіны, калі прыехалі мае родныя, іх падманулі, а мяне вывезьлі за межы гораду па кальцавой. Вось той чалавек, які не хацеў зьняць шапку, ён быў за стырном. Потым мяне завезьлі ў крэматорый. Гналі з хуткасьцю 140 км і не рэагавалі. А толькі потым мяне завезьлі дахаты».

Судзьдзя: «А ад каго паходзіла ініцыятыва па зборы подпісаў?»

Лябедзька: «На сайце партыі ёсьць інфармацыя, нашы актывісты зьбіраюць подпісы па ўсёй краіне».


Судзьдзя: «А непасрэдна 5 студзеня чыя ініцыятыва?»

Лябедзька: «Сяргея Калякіна».
11:26 14.1.2014
Працэс працягваецца. Судзьдзя зачытаў пратакол аб адміністрацыйным парушэньні на Анатоля Лябедзьку -- пра тое, што 5 студзеня каля Камароўскага рынку разам з Карняенкам ён нібыта правёў пікет з патрабаваньнем адстаўкі ўраду і збор подпісаў.

Лябедзька адказвае, што не разумее, у чым яго абвінавачваюць: «Я напісаў у пратаколе, што гэта «трызьненьне сівой кабылы».

Судзьдзя дамагаецца: «Я вас пытаюся не пра вашу пазыцыю, а пра тое, ці вы разумееце, што я вам зачытаў?»

Лябедзька: «Зразумела. але я ня згодны. Не магу згадзіцца з тым, чаго не было ў прыродзе».

Далей Лябедзька дае паказаньні. Ён кажа, што зьбіраў подпісы і вельмі ўсьцешаны пазыцыяй людзей:

«Я зьбіраў подпісы каля ЦУМа і Камароўскага рынку. Там, паводле майго назіраньня, было больш за 200 прадстаўнікоў сілавых структураў — толькі каля нас было 40 супрацоўнікаў. З 12 да 13 гадзіны з 200 супрацоўнікаў ніхто ня бачыў ніякіх парушэньняў. Таму я і кажу, што не разумею, у чым мяне абвінавачваюць, каліі 200 супрацоўнікаў прысутнічалі і ніхто не рабіў ніякіх заўваг».

Судзьдзя пытаецца пра Віктара Карняенку, ці быў той разам зь Лябедзькам?

Лябедзька гэта пацьвярджае. Судзьдзя просіць патлумачыць, як Лябедзька зьбіраў подпісы? Той распавядае, што падыходзілі і пыталіся ў людзей: калі вы супраць пошліны, якая ўжо закладзеная ў кошт бэнзіну, то можаце падпісаць гэты ліст? Людзі ставілі подпісы.
10:32 14.1.2014
Актывісты АГП зьвярнулі ўвагу на тое, што ў залі адзін зь міліцыянтаў сядзіць у шапцы. Яны спыталі ў судзьдзі, ці гэта парушэньне? Судзьдзя, аднак, зрабіў заўвагу за зварот да сябе, а не за тое, што міліцыянт сядзіць у шапцы.
Зноў перапынак на 10 хвілін. Лябедзька папрасіў час на азнаямленьне са справай.
10:26 14.1.2014
Судзьдзя адхіліў адвод Лябедзькі. Працэс працягваецца.
10:16 14.1.2014

Суд пачаўся


Анатоль Лябедзька заявіў адвод судзьдзі Палулеху -- на той падставе, што ў Беларусі няма незалежнага правасудзьдзя, што пацьвярджаецца шматлікімі міжнароднымі высновамі. Судзьдзя пайшоў у дарадчы пакой. Лябедзька выступае па-беларуску, судзьдзя – па-расейску. Заля запоўненая цалкам. Апрача тых, хто прыйшоў падтрымаць Лябедзьку, тут і міліцыянты.
10:12 14.1.2014
Анатоль Лябедзька заявіў перад пачаткам працэсу, што будзе абараняць сябе сам, ад паслуг адваката ён адмовіўся.

У двары суду стаіць аўтобус зь міліцыянтамі, тут і апэратыўнікі ў цывільным. На працэс прыйшлі замежныя дыпляматы, актывісты, сябры АГП, Віктар Карняенка, які зьбіраў подпісы разам зь Лябедзькам 5 студзеня.
XS
SM
MD
LG