Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт-СМІ чакае рэгістрацыя


Журналістаў і экспэртаў спытаюць, як яны ставяцца да ўмоваў рэгістрацыі інтэрнэт-выданьняў.

Начальнік Галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня прэзыдэнцкай адміністрацыі Усевалад Янчэўскі адказаў на зварот Беларускай асацыяцыі журналістаў, паведамляе прэсавая служба БАЖ.

«Мінінформу даручана вынесьці пытаньне аб парадку рэгістрацыі і рэгуляваньня дзейнасьці СМІ, якія распаўсюджваюцца праз глябальную сетку інтэрнэт, на абмеркаваньне з удзелам грамадзтва, зацікаўленых органаў і арганізацый, а таксама прыцягнуць да працы над названымі прапановамі аб зьмяненьні заканадаўства прадстаўнікоў журналісцкіх арганізацый і інтэрнэт-супольнасьці», — гаворыцца ў лісьце за подпісам Усевалада Янчэўскага.

11 сьнежня Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярнулася ў Міністэрства інфармацыі Беларусі з просьбай паведаміць, на якой стадыі знаходзіцца праца над праектам зьменаў у заканадаўства аб СМІ і, калі ён падрыхтаваны, перадаць яго журналісцкай супольнасьці для азнаямленьня.

Апроч гэтага, журналісцкая арганізацыя прасіла ўключыць у склад працоўнай групы па стварэньні згаданага прававога акта экспэртаў і прадстаўнікоў інтэрнэт-супольнасьці, а таксама правесьці шырокае грамадзкае абмеркаваньне плянаваных зьменаў у заканадаўства. Адказу з Міністэрства інфармацыі БАЖ пакуль не атрымаў.

Паралельна з гэтым БАЖ зьвярнуўся да начальніка галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўсевалада Янчэўскага з просьбай садзейнічаць забесьпячэньню галоснасьці ў працы над прававым актам.
Журналісцкая арганізацыя таксама заклікала Янчэўскага зьвярнуцца па экспэртную дапамогу да Прадстаўніка АБСЭ па пытаньнях свабоды сродкаў масавай інфармацыі і ў іншыя структуры, якія валодаюць высокім экспэртным патэнцыялам.

19 лістапада намесьнік міністра інфармацыі Беларусі Дзьмітры Шадко на ўрадавай нарадзе паведаміў пра распрацоўку зьменаў у Закон аб СМІ, якія «з мэтай арганізацыі ў інтэрнэце эфэктыўнага процідзеяньня нэгатыўным сацыяльным зьявам» могуць абавязаць інтэрнэт-выданьні зарэгістравацца ў якасьці сродкаў масавай інфармацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG