Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяцей адабралі — і ня вернуць


Сяргей Захарыч
Сяргей Захарыч

Калегія Менскага абласнога суду адмовіла ў задавальненьні пазову былога прыёмнага бацькі Сяргея Захарыча да органаў апекі Чэрвеньскага раёну.

Тацяна і Сяргей Захарычы зь вёскі Жураўкавічы былі прыёмнымі бацькамі чатырох дзяўчатак. 3 верасьня Тацяна і Сяргей паехалі ва Ўкраіну, каб купіць дзецям адзеньне, а прыёмных дзяцей пакінулі на сваіх родных дарослых сына, дачку і пляменьніцу. Але з-за хваробы Тацяны вымушаны былі затрымацца, а дзяцей тым часам забралі. Сяргей Захарыч зьвярнуўся ў суд Чэрвеньскага раёну з пазовам, каб прызнаць незаконным яго звальненьне. Аднак пры канцы лістапада раённы суд адмовіў у аднаўленьні Сяргея Захарыча на працы ў якасьці прыёмнага бацькі-выхавальніка. Тады Захарыч зьвярнуўся з пазовам у Менскі абласны суд.

Сяргей Захарыч, Алег Бакулін і Ларыса Асановіч
Сяргей Захарыч, Алег Бакулін і Ларыса Асановіч
Да верасьня 2013 году Захарычы лічыліся ўзорнай прыёмнай сям’ёй — у іх паўтара дзясятка грамат, падзякаў і дыплёмаў. Нават у старшыні калегіі спадара Карповіча ўзьнікла пытаньне, чаму да Захарычаў органы апекі ўжылі адразу самы суровы захад — звальненьне з пасады прыёмнага бацькі і адабраньне дзяцей? Ёсьць жа іншыя захады: папярэджаньне, вымова. На што чыноўніца Ларыса Асановіч адказала рытарычным пытаньнем: «А калі б што здарылася зь дзецьмі?»

Пасьля гадзіны слуханьняў судзьдзя Карповіч вынес рашэньне:

«Суд прыйшоў да правільнай высновы, што пазоўнікам зьдзейсьнены працяглы прагул без паважных прычынаў і дзеці пакінутыя без нагляду на доўгі тэрмін. Калегія прыходзіць да высновы, што падставаў для адмены рашэньня няма. Калегія пастанавіла рашэньне Чэрвеньскага суду пакінуць бязь зьменаў, касацыйную скаргу Захарыча Сяргея Кірылавіча — без задавальненьня».

Сяргей Захарыч лічыць, што дзяцей адабралі несправядліва. Старэйшая прыёмная дзяўчынка Вераніка жыла ў сям’і Захарычаў з 2005 году. Амаль 3 гады таму ў сям’і зьявілася Даша, а паўтара года таму — сястрычкі Наста і Вераніка. Сям’я дружная, мае паўтара дзясятка грамат, дыплёмаў і падзякаў за добрае выхаваньне дзяцей. А тут раптам чыноўнікі кажуць, што дзеці ўжо адаптаваліся ў новых сем’ях і ня хочуць нават кантактаваць з былымі прыёмнымі бацькамі. Сяргей Захарыч лічыць:

«Родныя яны і цяпер. Але я не магу зразумець чыноўнікаў, якія кажуць, што дзеці ня хочуць з намі кантактаваць. Вось заяўляе Асановіч, што яна была ў сям’і і дзеці ня хочуць нас бачыць! Ды такога ня можа быць. Калі ў іх адабралі тэлефоны, прыёмная дачка Вераніка бярэ ў сваіх сябровак тэлефон, скідвае жонцы СМС, каб тая ператэлефанавала. На Новы год усе дзеткі напісалі нам віншавальныя паштоўкі, павіншавалі мяне, жонку і сына Віктара з Новым годам і Калядамі».

Ларыса Асановіч
Ларыса Асановіч
Пазыцыю органаў апекі і камэнтар загадчыцы аддзелу адукацыі Чэрвеньскага райвыканкаму Ларысы Асановіч пачуць журналістам не ўдалося:

«Я не махровы чыноўнік, вы бачыце перад сабой нармальнага чалавека. А вы ўсё адно неаб’ектыўна асьвятляеце гэтую справу. Я чытаю ў прэсе, у інтэрнэце толькі аднабаковую пазыцыю, толькі Захарыча Сяргея Кірылавіча».

А на просьбу журналістаў выказаць сваю аб’ектыўную пазыцыю чыноўніца адказала:

«Давайце як-небудзь іншым разам. Я вельмі стамілася».

Алег Бакулін
Алег Бакулін
Прадстаўнік пазоўніка юрыст Алег Бакулін лічыць, што калегія абласнога суду павінна была вярнуць справу на новы разгляд, стварыць незалежную камісію, пагаварыць зь дзеткамі, а не кіравацца толькі довадамі чыноўнікаў:

«Разрываць эмацыйныя сувязі дзетак зь сям’ёй — хіба гэта ў інтарэсах дзіцяці? Не! Але менавіта гэтым заняліся органы апекі ў справе аб адабраньні дзяцей у Захарычаў. Я лічу, што рашэньне Чэрвеньскага райсуду павінна быць адменена, каб больш дэталёва, дасканала разабрацца ў гэтай справе з прыцягненьнем адмыслоўцаў, і ня толькі тых, хто зьяўляецца зацікаўленымі асобамі, а псыхолягаў, экспэртаў, якія б маглі паразмаўляць зь дзецьмі — ці ў інтарэсах дзетак так паступаць?»

На думку юрыста Алега Бакуліна, які спэцыялізуецца на ювэнальнай юстыцыі і працуе зь Беларускім дзіцячым фондам, заканадаўства ў сфэры прыёмных сем’яў, апякунства пакуль яшчэ недасканалае, абавязкі прыёмных бацькоў падрабязна не расьпісаныя, і справа Захарыча павінна зьвярнуць увагу заканадаўцаў на гэтыя прабелы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG