Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М’юзыкал пра Уга Чавэса яшчэ не гатовы


Уга Чавэс

Уга Чавэс

Пра гэта паведамілі ў PR-службе Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатру, у афішы якога на ліпень гэтага году заплянаваны сумесны беларуска-вэнэсуэльскі музычны праект «Памяці Уга Чавэса».

«Ганны Маторнай, якая заяўленая як рэжысэр-пастаноўшчык м’юзыкла, цяпер няма ў горадзе. Але ў любым разе казаць пра пастаноўку яшчэ вельмі рана, там пакуль нічога ня ясна і не гатова. Зьвяртайцеся праз тры месяцы, тады будзе больш інфармацыі», — сказала Радыё Свабода Вольга Гудажнікава, кіраўніца PR-службы тэатру.

Як паведаміла агенцтва «Минск-новости», са спасылкай на дырэктара Музычнага тэатру Аляксандра Пятровіча, музыку для спэктакля піша аташэ па культуры амбасады Вэнэсуэлы ў Беларусі Херарда Эстрада, вядомы ня толькі як дыплямат, але і як кампазытар і аранжыроўшчык. Лібрэта таксама пішуць вэнэсуэльскія драматургі.

Тым часам маскоўскі сайт «Тэатрал» паведаміў, што лібрэта пішуць не вэнэсуэльскія, а беларускія драматургі і што музыку Херарда Эстрада ўжо напісаў.

У амбасадзе Вэнэсуэлы паведамілі, што да канца студзеня Херарда Эстрада ў адпачынку на радзіме.

Сам Уга Чавэс пры жыцьці любіў сьпяваць. На першым відэа ён сьпявае падчас свайго тэлевізійнага выступу, а на другім — з трыбуны ААН



XS
SM
MD
LG