Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: дамы-сьмяротнікі


У гістарычным цэнтры Горадні мноства дамоў руйнуюцца бяз догляду

Пяць гадоў таму ўлады вызначылі ў горадзе 89 дамоў «без выгодаў», якія падлягаюць высяленьню. Пераважна ў старой частцы. Апошнія чатыры гады жыхарам даюць кватэры, а пакінутыя дамы або руйнуюць, калі зусім лядашчыя, або пакідаюць на волю лёсу. На адных яшчэ вісяць ахоўныя шыльды, зь іншых яны даўно зьніклі. Вокны пазабіваныя дошкамі, будынкі памалу разбураюцца.

Улады абяцалі гараджанам, што вызваленыя гістарычныя камяніцы будуць прадавацца. А новыя гаспадары іх адрэстаўруюць і паробяць там кавярні, крамы, офісы. Але ніводнай кавярні не адкрылася.

Дамы не купляюць, бо задорага. Напрыклад, на невялікі двухпавярховы будынак — былы дом рабіна на скрыжаваньні вуліц Кірава і Гараднічанскай — пачатковы кошт быў пастаўлены каля чатырохсот тысяч даляраў. Такія нерэальныя цэны выстаўляюцца таму, што ніхто не адмяняў лічбаў — колькі мільёнаў ці мільярдаў трэба атрымаць ад прыватызацыі.

У 1988 годзе ўрад зацьвердзіў у Горадні ахоўную зону, абвясьціўшы гістарычную забудову помнікам горадабудаўніцтва. У горадзе працавалі рэстаўрацыйныя майстэрні — праектныя і вытворчыя. Але гэтая пастанова перастала дзейнічаць, хоць яе ніхто не адмяняў, зазначае кіраўнік Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Рэстаўрацыйныя майстэрні таксама закрыліся дваццаць гадоў таму.

Антон Астаповіч удакладняе:

«Што да ахоўных зонаў у Горадні, іх юрыдычна ніхто не адмяняў. Але сучасны гістарычны цэнтар — ён у параўнаньні зь межамі праекту ахоўных зонаў 1988 году істотна розьніцца, ён зьменшаны. Пастанову 1988 году не скасоўвалі. Проста ў 2007 годзе пастановай Саўміну ад 14 траўня быў зацьверджаны новы дзяржаўны сьпіс помнікаў, дзе былі вызначаныя вось гэтыя сучасныя межы гістарычнага цэнтру».

Хоць паводле правілаў спачатку трэба было скасаваць старую пастанову, а потым толькі зацьвярджаць новую, зазначае Антон Астаповіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG