Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: Умовы для выбараў яшчэ горшыя, але ўдзельнічаць будзем


Партыя БНФ параўнала ўмовы выбараў у мясцовыя саветы, прызначаныя на 23 сакавіка 2014 года, з папярэдняй кампаніяй.

Як заявіў лідэр партыі Аляксей Янукевіч, умовы для кампаніі горшыя, чым у 2010 годзе:

«Мы, параўнальна зь мінулымі мясцовымі выбарамі, вылучылі ў два разы больш прадстаўнікоў, а ўключылі іх у склад камісіяў у два разы менш. Умовы для выбараў сталі яшчэ горшымі, але, нягледзячы на гэта, Партыя БНФ будзе працягваць свой удзел у кампаніі мясцовых выбараў. Мы будзем вылучаць кандыдатаў, бо наша асноўная задача — паказаць людзям альтэрнатыву і ў праграме, і ў пэрсанале».

Паводле намесьніка старшыні партыі Ігара Лялькова, кампанія па выбарах дэпутатаў у мясцовыя саветы Беларусі сёлета ідзе паводле заплянаванага ўладамі сцэнару:

«Прадстаўнікам апазыцыйных палітычных партыяў у пераважнай большасьці выпадкаў адмоўлена ва ўключэньні ў склад тэрытарыяльных і акруговых камісіяў. Гэта падрывае нават мінімальны давер да маючых адбыцца выбараў».

Паводле Лялькова, сёлета ў склад тэрытарыяльных і акруговых камісіяў вылучалася столькі ж дэмакратычных кандыдатаў, колькі і чатыры гады таму на папярэдніх мясцовых выбарах, але гэтым разам у тэрытарыяльныя камісіі іх уключана ў тры разы меней, а ў акруговыя — у шэсьць з паловай разоў меней.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG