Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музэй Багдановіча ў красавіку страціць самастойнасьць


Паэт і палітык Уладзімер Някляеў чытае верш Максіма Багдановіча падчас акцыі ў падтрымку музэя Багдановіча ў Менску.
Паэт і палітык Уладзімер Някляеў чытае верш Максіма Багдановіча падчас акцыі ў падтрымку музэя Багдановіча ў Менску.

Мінкульт адрэагаваў на пратэсты з нагоды рэарганізацыі менскага музэю Максіма Багдановіча.

Літаратурны музэй Максіма Багдановіча да красавіка стане філіяй Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры, паведаміла прэсавая служба Міністэрства культуры Беларусі.

Мінкульт прызнае, што «ў апошні час пачасьціліся звароты грамадзян Рэспублікі Беларусь у Міністэрства культуры па пытаньню статуса дзяржаўнай установы „Літаратурны музэй М.Багдановіча“ і далейшых пэрспэктыў яе разьвіцьця».

На думку міністэрства, гэтыя лісты «гавораць пра вялікую значнасьць паэтычнай спадчыны Максіма Багдановіча, дзеля захаваньня і папулярызацыі якой дзяржавай прыняты плённыя захады».

«Згодна з загадам Міністэрства культуры ад 04.01.2014 № 3 «Аб рэарганізацыі ўстановы „Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры“ да названай установы будуць далучаны ў якасьці філіялаў дзяржаўная ўстанова „Літаратурны музэй М.Багдановіча“ і дзяржаўная ўстанова „Літаратурны музэй Петруся Броўкі“. Рэарганізацыю плянуецца завяршыць да 1 красавіка 2014 г. На погляд Міністэрства культуры, статус юрыдычнай асобы ніякім чынам не адлюстроўваецца на якасьці работы музэйных устаноў.

Рэарганізацыя некаторых дзяржаўных музэяў стане, перш за ўсё, адным са сродкаў садзеяньня іх далейшаму якаснаму і эфэктыўнаму разьвіццю, дазволіць пашырыць спэктар аказваемых імі паслуг, а таксама прывядзе да рацыянальнага і эфэктыўнага выкарыстаньня бюджэтных сродкаў. Загадчыкі філіялаў „Літаратурны музэй М.Багдановіча“ і „Літаратурны музэй Петруся Броўкі“ ўстановы „Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры“ будуць вызвалены ад вырашэньня пытаньняў матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, некаторых іншых функцый, што дазволіць ім больш засяродзіць увагу на навуковай, экспазыцыйна-выставачнай і культурна-адукацыйнай рабоце, якая складае сутнасьць музэйнай дзейнасьці.

Тая работа і праекты, якія традыцыйна праводзіліся Літаратурным музэем М.Багдановіча, будуць праводзіцца і надалей. За будучымі філіяламі захаваюцца іх будынкі. На працяг капітальнага рамонту будынка дзяржаўнай установы „Літаратурны музэй М.Багдановіча“ і аднаўленьне экспазыцыі музэя ў рэспубліканскім бюджэце на 2014 год прадугледжаны адпаведныя сродкі. Эканомію сродкаў плянуецца накіраваць на павышэньне тарыфных ставак (акладаў) супрацоўнікаў, а адміністрацыйныя памяшканьні, якія вызваляцца, — аддаць пад пашырэньне экспазыцыйных плошчаў музэя, што дазволіць павялічыць колькасьць экспануемых музэйных прадметаў», — гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства культуры.

Беларускія літаратары і грамадзкасьць выказвалі пратэсты з нагоды гэтага намеру ўладаў рэфармаваць музэй Багдановіча. Пад сьценамі музэю некалькі дзён праводзіліся літаратурныя чытаньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG